Авторизация
 

Прайсціся па вёсцы Мётлы. Пацікавіцца яе гісторыяй і сучаснасцю

 Калі па шляху да Цвеціна звярнуць у бок свінагадоўчага комплексу і скіравацца наперад па нешырокай асфальтаванай дарозе, трапіш у вёску Мётлы. У ёй пражывае каля двух дзясяткаў мясцовых жыхароў.

Прагулка па Мётлах нібы падарожжа ў часе. Вось за кустоўем і высокай травой рэшткі печы. Тут быў дом брыгадзіра, у якога з’явіўся першы ў калгасе тэлевізар. Уся вёска ў 1968-м глядзела трансляцыю з пахавання Юрыя Гагарына і плакала. На суседняй вуліцы прадаўгаватая з выгаралай чырвонай фарбай хата, якую падчас вялікага пажару гаспадыня выратавала ад агню з дапамогай іконы. На ўскрайку — парослы кустоўем фундамент клуба, дзе ў 70-я гады выступалі акцёры з віцебскага тэатра.

Расповяд у вясковай цішыні
 Спыняемся побач з ліпавым гаем. Перад ім калодзеж.
  — Тут была школа. Размяшчалася ў трох драўляных будынках з пячным ацяпленнем. Працавала ў дзве змены. Здаралася, увечары прападала электрычнасць і ўрокі ішлі пры святле керасінавых лямп. З калодзежа бралі ваду, каб прыгатаваць чай. Такі быў абед у вучняў — кавалак хлеба і шклянка чаю, — расказвае наш экскурсавод Ія Яленская.


 Ія Мікалаеўна скончыла Мятлянскую сямігадовую школу ў 1966 годзе. Працавала ў мясцовым сельскім клубе. Добра ведае тутэйшыя вуліцы і іх жыхароў. Сама жыве ў Цвеціне. Для яе вандроўка па Мётлах — вяртанне ў вясёлую пару маладосці.


— ФАП, магазін, сталярная майстэрня, млын, бібліятэка з фондам у сем тысяч кніг, — пералічвае Ія Мікалаеўна сацыяльную інфраструктуру вёскі 60-70-гадоў.—Дарэчы, клуб у Мётлах пабудавалі першы ў сельсавеце. Моцны быў мясцовы калгас Перамогі, якому пасля далі імя касманаўта Цітова. 31 мая 1970 года мятлянскую гаспадарку аб’ядналі з цвецінскай.


У колішніх Мётлах налічвалася 39 двароў. Большасць карэнных жыхароў мелі прозвішча Мятла. Адны заставаліся працаваць у калгасе, іншыя выбіралі прафесіі настаўнікаў, медыцынскіх работнікаў, чыгуначнікаў. Галоўным інжынерам раёна працаваў Анатоль Анатольевіч Мятла. У Полацкім дзяржуніверсітэце выкладае рускую мову і літаратуру Віктар Уладзіміравіч Мятла. Мясцовы каваль Віктар Сцяпанавіч Мятла плёў мэблю з лазы. Майстра не стала, а яго работы і цяпер можна пабачыць у Міёрскім гісторыка-этнаграфічным музеі. Даўно апусцеў дом Леаніды Сцяпанаўны Мятлы, якая слыла ў вёсцы знаўцай фальклору.


Цяпер на вуліцах пуста. Мясцовых жыхароў і двух дзясяткаў не налічыш. Не дакучае гул машын. Аўтобусы сюды не заходзяць, двойчы на тыдзень прыязджае аўтамагазін. Газеты і пенсіі прыносіць паштальён з Цвеціна.

 Дачны сезон
З вясны да восені колькасць насельніцтва ў Мётлах павялічваецца. Прыязджаюць дачнікі. Гэта ўраджэнцы вёскі вяртаюцца ў бацькоўскія дамы. Дача Ніны Васільеўны Мятлы цешыць позірк стракатымі кветкамі і фігурай белага лебедзя.


— Сяброўка птушку змайстравала. У мяне было калодзежнае кола, з яго вось такі вадаём зрабіла, — гаворыць гаспадыня. — На дачу прыязджаю ў красавіку і застаюся да лістапада. Даглядаю кветкі і агарод. Апрацоўваць зямлю сын дапамагае, у яго свая тэхніка. Раблю нарыхтоўкі на зіму. Чакаю ў госці дзяцей і ўнукаў. Малым асабліва падабаецца на вясковым прыволлі. Любяць на веласіпедах па двары паганяць. Купацца не ходзім. Рачулка Восьмерка, што працякае непадалёку, зарасла, ды бабры яе атакавалі.


На градцы чырванеюць суніцы, урадзілі памідоры ў цяпліцах, у агародзе пышнае кустоўе бульбы, лапушацца агуркі, звісаюць пад цяжарам маладых пладоў галіны яблынь. Ціха, цёпла, хораша. Душа спявае.


 Музыка і песні ў гэтым доме гучалі часта.
— У мяне музычная адукацыя. Скончыла вучылішча па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”, сорак год працавала ў адной з полацкіх школ з музычным ухілам, — расказвае Ніна Васільеўна. — Такая ж прафесія ў брата Феафана, ён вучыўся ў Ленінградскім інстытуце культуры, працуе мастацкім кіраўніком у віцебскім Доме культуры чыгуначнікаў. Яшчэ адзін брат — Фёдар — жыве ў Дзісне, ён вадзіцель. Калісьці сам навучыўся граць на баяне і без яго не абыходзілася ніводнае вяселле ў акрузе. Сястра Зінаіда ў Рызе, яна па прафесіі швачка, мае цудоўны голас і любіць спяваць. Раз на год прыязджае дадому.


***
 Непадалёку ад дачы Ніны Мятлы знаходзіцца бацькоўскі дом Еўдакіі Кандрацьевай. Ідзём, як раней казалі, на сяло. Еўдакія Васільеўна з мужам таксама штолета пакідае Полацк і спяшаецца на малую радзіму. Даглядаюць двор, сад, агарод.
На доме заўважаем чырвоную зорку.


— Калісьці супрацоўнікі сельсавета прымацавалі. Мой тата Васіль Аляксандравіч Мятла — ветэран вайны. Узнагароды меў. На жаль, іх укралі. Колькі год таму злодзеі ў дом забраліся. Не стала і маміных вышываных дываноў і ручнікоў, — расказвае гаспадыня.


Сваю вёску яна памятае зусім не такой, як цяпер. Хаты не зарасталі травой, таму што было каму сачыць за парадкам. Грукала калгасная тэхніка. Насупраць дома за ўзгоркам стаялі фермы. Цяпер — парослае кустоўем поле.


У дачны сезон Кандрацьевы ходзяць на ціхае паляванне ў ваколічныя лясы, нарыхтоўваюць яблычны сок, гадуюць кур. Сувязь са знешнім светам трымаюць па мабільным тэлефоне, выпісваюць газеты. Калі позняй восенню вяртаюцца ў горад, Еўдакія Васільеўна доўга прывыкае да абутку на абцасе.

 З юнацтва круціў баранку
Пастаянныя жыхары Мётлаў у большасці пажылыя пенсіянеры. Траім ідзе дзевяноста другі год. Гэта Тамара Васільеўна Дуброўская, Надзея Антонаўна Дзямешка і Георгій Георгіевіч Мятла.


Ля хаты Георгія Георгіевіча невялікая плантацыя маліны. Сакавітыя чырвоныя ягады так і просяцца ў далоні. Гаспадара засталі на лавачцы ў двары. Побач перабірала маліны пляменніца. Прыехала з Осцевіч разам з маці, роднай сястрой доўгажыхара.


— Сюды няпроста дабрацца. І выехаць таксама. Калі трэба ў аптэку ці на рынак, наймаю машыну, — расказвае Георгій Георгіевіч. — Сам яшчэ ў арміі баранку круціў. У калгасе працаваў вадзіцелем. Старшыню вазіў. Па службовых справах не толькі па ваколіцах ез-дзіў. Быў у Рызе, у Вільнюсе. Яшчэ на малакавозе працаваў. Пайшоў на пенсію ў 1983 годзе.


У Мётлах Георгій Георгіевіч пражыў усё жыццё. Адкуль пайшла назва вёскі, што дала прозвішча большасці жыхароў (ці наадварот?), не ведае. Бацькі пра гэта не расказвалі.  


 Успамінае пра пажар, які знішчыў палову вясковых дамоў:
— Было гэта, здаецца, у 1952 годзе. Мясцовы жыхар кінуў непатушаны акурак на сена ў пуні. Пабудова загарэлася. Вецер пагнаў агонь на суседнія дамы. Стрэхі тады яшчэ саламяныя былі, успыхвалі хутка. Шмат вяскоўцаў без жылля засталося. А Зінаіда Нарэйка сваю хату выратавала. З іконай у руках вакол дома ха-дзіла. І вецер змяніўся.


Дарэчы, сама гаспадыня дажыла да ста год. Яе сын Іван Якаўлевіч Нарэйка — ветэран Вялікай Айчыннай вайны — таксама пайшоў з жыцця, калі яму было за дзевяноста. Апошнія гады жыў у Дзісне ў былога фельчара Мятлянскага ФАПа Лідзіі Панізнік. Дом у Мётлах і цяпер стаіць. Калі прыязджае з Рыгі дачка Івана Якаўлевіча, наведваецца сюды.


Успаміны настаўніцы
Вуліцы ў Мётлах без назваў. Калі прайсціся па кожнай у спякотны дзень, паспееш стаміцца. Па дарозе да былога клуба сустракаем мясцовую жыхарку Валянціну Іванаўну Мятлу. Завіхаецца ля дома з дачкой Наталляй, якая прыязджае з горада. У свае восемдзесят год Валянціна Іванаўна выглядае падцягнутай і стройнай.


— Я родам з Бялынічаў. У 1956 годзе пасля педвучылішча размеркавалі ў Мятлянскую сямігодку. Выкладала матэматыку, батаніку, танцы з дзецьмі развучвалі, — расказвае былая настаўніца. 


 — Так-так, Вы нас кракавяк танцаваць вучылі, — усміхаецца Ія Яленская.
— А памятаеце, як на ўроку фізкультуры я нагу пашкодзіла? —  пытаецца Ніна Мятла.
Па ўспамінах настаўніцы, у сярэдзіне 50-х у школе займалася за сто вучняў. У класах—па 20-30 чалавек. Вучыліся мясцовыя дзеці і з навакольных вёсак. У 1977 го-дзе Валянціна Іванаўна перайшла ў Цвецінскую школу. Вяла ўрокі фізкультуры, затым працавала ў інтэрнаце. Чатырнаццаць год штодня хадзіла пешшу на працу. Дарога вяла праз лес. Сустракала дзікіх свіней, ласей.
За сумленную працу настаўніца атрымлівала шмат узнагарод. На заслужаным адпачынку з 1991 года.


На танцполе, засцеленым лістотай
— Даўно тут не была. Як зарасло ўсё, — уздыхае Ія Мікалаеўна.
Падыходзім да месца, дзе знаходзіўся сельскі клуб. Перад зялёнай сцяной кустоў і дрэў — былы абеліск у гонар загінуўшых землякоў. Шыльду з іх імёнамі перанеслі ў Цвеціна. Пра ўстанову культуры нагадвае парослы травой і дрэўцамі фундамент.


— Вось уваход, на гэтым месцы танцавалі, — паказвае былая загадчыца клуба на прысыпаную мінулагодняй лістотай пляцоўку. — Я раней казала, што тут трэба было царкву будаваць. Месца добрае. Усе мерапрыемствы: канцэрты, спектаклі, танцы — заўжды праходзілі спакойна, без боек і іншых непрыемнасцей.


 Танцавалі ў клубе спачатку пад гармонік. Затым з’явіўся бабінны магнітафон. Некалькі разоў прыязджаў з пастаноўкамі тэатр імя Я. Коласа з Віцебска. Ія Мікалаеўна ўспамінае, як вынімалі вокны, каб гледачы, якім не хапіла месца ў разлічанай на сто пяцьдзясят чалавек зале, маглі паглядзець спектакль з вуліцы.


Напрыканцы 70-х клуб згарэў. Прычыну пажару так і не высветлілі. Хадзілі чуткі, што будынак падпалілі. Што здарылася на самой справе, і цяпер невядома. На тым гісторыя ўстановы культуры скончылася.

У Мётлах правялі паўтары гадзіны. Доўга стаялі перад вачыма яблыневыя сады і высокія травы ля пустых дамоў, яркія кветкі і чыста выпалатыя агароды ў дачных дварах, добразычлівыя ўсмешкі пастаянных і часовых жыхароў. Дзіўны настрой. У адно цэлае зліліся радасць новых знаёмстваў, рэха цікавых гісторый, прыемная стомленасць пешай прагулкі і сум па мінулым, якое не вяртаецца. 

Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Группа «Миорские новости»
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 85 769
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 57 583
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 25 655
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 24 702
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 24 512
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 21 336
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 13 701
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 августа 2018
Василий, Иван, Кирилл, Платон, Роман, Степан, Тарас, Федор

Именины 14 августа 2018
Александр, Дмитрий, Леонтий, Тимофей, Федор, Софья

Госці краін
free counters
Партнеры сайта