Деревня Окунёво, где в шуме ветра звучат народные песни

Запіс песень жыхарак Акунёва Вольгі Яленскай і Зінаіды Мішута па спасылцы https://youtu.be/78hQWLbz0JI 

Адкуль пайшла назва Акунёва, сяльчане толькі здагадваюцца. Старажылы казалі, нібы даўным-даўно на месцы вёскі было возера, у якім вадзіліся акуні. А магчыма сваё імя мястэчка атрымала ад жыхароў па прозвішчы Окунь.

Вёска Акунёва пачынаецца з аўтобуснага прыпынку на скрыжаванні грунтавой дарогі і асфальтаванай вуліцы. Улева павернеш — да былой школы трапіш, управа паедзеш — пабачыш прыгожы дом на ўскрайку. Гэта сядзіба гаспадароў Ганебных. Адсюль пачнём знаёмства з учарашнім і сённяшнім днём невялікай вёсачкі ў Мікалаёўскім сельсавеце.

На роднай ніве, у роднай хаце

Юрый і Іна Ганебныя — самыя маладыя з акунёўцаў. Абодвум за сорак. У мінулым годзе адзначылі сярэбранае вяселле і аддалі замуж старэйшую дачку Таццяну. Яна працуе фельчарам хуткай дапамогі і часта наведваецца да бацькоў з Дзісны. Малодшы сын Андрэй вучыцца ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце. Будзе інжынерам сельскагаспадарчых машын.
— Летам прыедзе на практыку ў нашу гаспадарку. Яшчэ ў школе Андрэй чытаў “Сельскую газету” і глядзеў тэлеперадачу “Земельный вопрос”. Жартаваў, што як вырасце, будзе старшынёй калгаса. Заканчвае трэці курс, плануе працаваць у “Мікалаёўскім”, — гаворыць маці.   — Мы сына падтрымліваем. Праца на зямлі не з лёгкіх, але гэта яго выбар.


 У родных мясцінах калісьці вырашылі будаваць сваё шчасце Юрый Уладзіміравіч і Іна Іванаўна.
— Ажаніліся маладымі. Мне 18 было, якраз на дзень нараджэння вяселле гулялі. Юру дваццаты год ішоў, — расказвае субяседніца. — Пра горад не думалі. У яго маці адна засталася. Я ў сям’і самая малодшая з сямі дзяцей. Як пажылых бацькоў адных пакінуць?
Іна Іванаўна скончыла Полацкае кааператыўнае вучылішча і ўладкавалася ў магазін у Акунёве. Цяпер ад сельскай гандлёвай кропкі толькі фундамент застаўся. Навыкі прадаўца спатрэбіліся на пошце ў Сіцькове. У Мікалаёўскім сельсавеце мясцовага дэпутата Іну Ганебную цэняць за актыўнасць, паважлівыя адносіны да людзей і клопат пра сваю малую радзіму. Юрый Уладзіміравіч працуе загадчыкам фермы і з’яўляецца старэйшынай вёскі.


Вабіць позірк сядзіба гаспадароў. Яшчэ не паказаліся першацветы і лісточкі на дрэвах, засцелены сухой травой палеткі, а на іх падворку багацце колераў. Насустрач паравозіку з бярвёнаў цягне вазок драўляная зебра, грэецца на сонцы каменная чарапаха з панцырам-міскай, круглы год чырванеюць шляпкі падасінавікаў. На сценах гаспадарчых пабудоў — выявы казачных герояў. Летам дапаўняюць дэкарацыі кветкі на клумбах. Пра дваровую эстэтыку клапоцяцца ўсёй сям’ёй. Штогод трэба штосьці падфарбаваць, дзесьці падправіць.
Яшчэ больш часу і сіл патрабуюць гадаванцы. Дзве каровы і конь, авечкі і свінні, птушка.


— Ёсць дзе летам жывёлу навязаць, ля кожнага вугла можна травы накасіць. Чаму б не трымаць гаспадарку? — кажа Іна Іванаўна. — У больш населеныя суседнія вёскі пераязджаць не думаем. Нам тут не сумна, спраў хапае.


 Па дарозе ў школу

Не паспелі адысці ад двара, як хтосьці паклікаў. Невысокая пажылая жанчына з суседняга дома хуценька падышла і кажа:
— Я да цябе, дзяўчынка. Абавязкова напішы, што самая радасць у нас — Іначка. Гэта наша выратавальніца. Зайдзі ў любую хату, і табе так скажуць. І ў радасці, і ў бядзе падтрымае. Як у яе хапае на ўсё часу? Не выйдзі я два дні на вуліцу, яна сама прыляціць. Такіх людзей, як Іна і яе муж, пашукаць трэба.


— Ідзіце дадому, не затрымлівайце, — ціха гаворыць ёй Іна Іванаўна.
Прыродная сціпласць — адметная рыса адказных і працавітых сяльчан.
З аднаго канца Акунёва ў другі — кіламетр. Гэтую адлегласць Іна з равеснікамі вымярала ў дзяцінстве па дарозе ў школу. Толькі хадзіла туды не па асфальтаванай вуліцы, дзе крочым цяпер. Расказвае, што асфальт паклалі ў 1992 годзе. Вяскоўцы даглядалі дарогу: падмяталі ўчасткі насупраць сваіх дамоў.


— А мы ў школу ішлі сцежкамі. Бывала, боты ў гразі заставаліся, — успамінае субяседніца.
Нас суправаджае маленькая рудзенькая сабачка Мэры. Калі не стала яе гаспадара, яна прыйшла да Ганебных. Пасялілася ў хаце на канапе. Куды б ні скіравалася Іна Іванаўна, спяшаецца за ёй следам.


 — Большасць дамоў у Акунёве пабудавалі ў 60-я гады. Вось тут жыў старшыня калгаса імя Заслонава Уладзімір Шчарбакоў. У 1972 годзе гаспадарку далучылі да сіцькоўскай “Шлях да камунізму”. Раней Акунёва адносілася да Сцефанпальскага сельсавета, — прыгадвае сяльчанка расповяды старажыл. — У пару майго дзяцінства ў вёсцы 35 двароў было. У кожным — працаўнікі і дзеці. А вось на гэтым месцы стаяў клуб. У адным будынку разам з бібліятэкай і адміністрацыяй гаспадаркі. Памятаю, як сюды кіно прывозілі. Пасля клуб і бібліятэку перанеслі ў школу.


На фундаменце былой установы культуры вырасла кустоўе. Зацягнуў хмызняк абсаджаны бярозамі школьны стадыён. Зніклі з ускрайка вёскі калгасная кузня, домік брыгадзіра і сушылка. З шасці драўляных будынкаў школы застаўся толькі піянерскі пакой. Яшчэ пладаносіць школьны сад, але няма каму частавацца яблыкамі.
Затрымліваемся ля абеліска. На ім 36 прозвішчаў сяльчан, якіх забрала вайна.

— Не ўсе пералічаны. Мой дзед у вайну прапаў без вестак. У кнізе “Памяць” яго прозвішча ўказана, а тут няма, — заўважае Іна Іванаўна. — Абеліск даглядаюць вучні Сіцькоўскай школы. Летам самі з мужам абкошваем.


Падчас прагулкі не сустрэлі ніводнай машыны. Толькі пенсіянер ехаў насустрач на веласіпедзе. У вёсцы засталося 13 жылых дамоў і чатыры дачы, куды прыязджаюць ураджэнцы гэтых мясцін. Напрыклад, Марыя Дземідовіч з мужам зіму праводзяць у Сочы, а лета — у Акунёве.
 — Жартуем з яе, што ўлетку на моры адпачываць трэба, а не ў сельскай глыбінцы, — усміхаецца спадарожніца. — Мясцовых жыхароў у нас 20. Тры студэнты. Вось у Ісаковічаў сын у Ваеннай акадэміі вучыцца. Яшчэ двое школьнікаў. У Сіцькова возіць школьны аўтобус. Транспарт з райцэнтра заязджае ў аўторак, суботу і нядзелю. У сераду і пятніцу прыходзіць аўталаўка. Як перайшлі да Верхнядзвінскага

райспажыўтаварыства, асартымент пашырыўся. Рэдка даязджае да нас грэйдар. Напэўна, “хвалілі” дарогу ад трасы да вёскі?

 “Жыццё вірыла, і мы жылі”

Самая старэйшая жыхарка Акунёва Вольга Піліпаўна Яленская чакае нас дома. Разам з сяброўкай-суседкай Зінаідай Васільеўнай Мішута. Абедзве мясцовыя ўраджэнкі. Вользе Піліпаўне восемдзесят сем, Зінаіда Васільеўна на дзесяць год маладзейшая. Ходзяць адна да адной у госці. Гутараць пра жыццё-быццё, прыгадваюць мінулае, спяваюць песні, з якімі выступалі на канцэртах.
Зінаіда Васільеўна загадвала Акунёўскім сельскім клубам.


— Быць культработнікам з юнацтва марыла. Ужо замужам паступіла на завочнае аддзяленне ў культасветвучылішча ў Магілёў, — расказвае яна. — Але што ж: два разы на год трэба ехаць, дома дзіця малое… Перавялася ў Полацк у сельскагаспадарчы тэхнікум на планавіка. Узялі працаваць у кантору. Але ў самадзейнасці пастаянна ўдзельнічала. Калі гаспадарку далучылі да сіцькоўскай, стала клубам загадваць. Даводзілася вырашаць шмат арганізацыйных пытанняў, але работа была мне па душы.


 У канцэртных праграмах удзельнічаў увесь педкалектыў Акунёўскай сярэдняй школы. Сярод пастаянных артыстаў — настаўніца пачатковых класаў Вольга Піліпаўна Яленская. Яна была адзіным супрацоўнікам, калі школу рэарганізавалі ў пачатковую і ў класах заставалася па адным — два вучні. У 1992 годзе ўстанову адукацыі зачынілі.


Заціх школьны званок, але працягваў спяваць хор, дзейнічаў фальклорны калектыў. Акунёўцы прымалі ў сябе здымачныя групы з тэлебачання, і самі выступалі з абрадамі на “Славянскім базары” ў Віцебску, на фестывалях у Мінску.
Зінаіда Васільеўна трымае ў руках нумар “Савецкай Беларусі” за чэрвень 1998 года. На першай паласе — здымак самай старэйшай удзельніцы фальклорнага калектыву Любові Агафонаўны Стальмачонак. На той час ёй было восемдзесят год.


 — А вось артыкул не захавала, — шкадуе былы загадчык клуба. — Гэта мы ў Мінску валачобныя песні спявалі.
Выступалі ў суседніх Сіцькове і Мікалаёве, нават у Зорку ў Шаркаўшчынскі раён дабраліся. Прыгадваюць, як паехалі на канцэрт у прычэпе, а ён адчапіўся ад трактара. Абышлося без непрыемнасцей.


Яшчэ ў 2006-м акунёўцы ладзілі абрад “Хрэсьбіны”, толькі ўжо ад Сіцькоўскага клуба, і сталі пераможцамі ў вобласці.
Прыемна прыгадваць насычанае і яркае мінулае. Цяпер дні былых самадзейных артыстак ціхія і размераныя, без прыгод. Зінаіда Васільеўна ходзіць з кіем. Ногі падводзяць, а ў голасе сіла засталася. Чакаюць з мужам у госці дзяцей і ўнукаў. Сын у Віцебску, а дачку лёс завёў у горад Кіраўск Мурманскай вобласці. Кожнае лета на два тыдні прыязджае да бацькоў.


 Вольга Піліпаўна жыве адна. Мужа 22 гады як не стала. Наведваюць дзеці, дарослыя ўнукі і праўнук Максімка, якому хутка тры гады. “Бабуля, можна я цябе пацалую”, — словы малога лепш за любыя лекі.


У хаце сталай гаспадыні ўтульна і светла, шмат кветак, на падлозе — дыванкі ручной работы, а сцены ўпрыгожваюць пано з саломкі.
 — Дачка Валянціна саломкай займаецца. Вучылася на курсах у майстрыцы. Матэрыял сама нарыхтоўвае. Гляджу на яе работы і цешуся, — расказвае Вольга Піліпаўна. — Я рукавіцы вяжу. Дару іх родным, гасцям. Вазьміце сабе, калі ласка.


На паліцы шафы — вялікі тоўсты сшытак. Гэта дзённік. Больш за 20 год вядзе яго гаспадыня. Запісвае падзеі, што адбываюцца ў вёсцы, уклейвае выразкі з газет і часопісаў. Акуратным почыркам занатоўвае гісторыю сваёй малой радзімы, з якой звязана ўсё яе жыццё.

***
Дарогу да былой Акунёўскай школы абступаюць высокія дрэвы. Летам доўгія галіны злучаюцца і ўтвараюць жывую арку. Мала хто пад ёй праходзіць. Толькі вецер шуміць у густых кронах. Што нашэптвае ён зялёнай лістоце? Можа быць, словы песень, якія калісьці спявала ўся вёска… 

Фота і відэа Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.