Авторизация
 

Вёска Лебедзева пад бусліным крылом і Божай апекай

 Ціхая вёсачка ў адну вуліцу. На асфальтаванай дарозе метры ў два шырынёй не размінуцца аўтамабілям. Ды і зрэдку праязджае тут транспарт. З аднаго канца ў другі – пяць хвілін пешшу. Лебедзяў наўрад ці сустрэнеш, а бусліныя гнёзды ледзь не на кожным слупе.

За вёскай луг. Вясной яго затаплівае, і на водную роўнядзь прылятаюць лебедзі. Так было здаўна. Можа быць, таму невялікае мястэчка
ў Перабродскім сельсавеце назвалі Лебедзевам.

 Упершыню пабывала ў Лебедзеве два гады таму. Рыхтавала матэрыял пра шматдзетную сям’ю Лапуцэвічаў. Надвор’е ў той восеньскі дзень стаяла халоднае. Вецер, хмары, дождж. Цёплыя ўражанні засталіся ад добразычлівасці Віктара Мечыслававіча і Марыны Іванаўны, ад непасрэднасці іх маленькай дачушкі Анечкі. І вёсачка запомнілася. Ёсць у ёй штосьці прыцягальнае. Хацелася бліжэй пазнаёміцца з мястэчкам.

Даюць энергію
зямля бацькоў і мара

У ПАЧАТКУ вёскі – двухпавярховы драўляны катэдж. Тэрыторыя агароджана. У двары – лазня, выкладзеныя пліткай дарожкі, дэкаратыўныя масток, журавель ля калодзежа, млын, альтанка. Добраўпарадкаванне працягваецца. З’явяцца басейн, трэнажорная зала, дапоўніцца дзіцячая пляцоўка. У планах гаспадара Аляксандра Лапуцэвіча, дырэктара ТАА «Капіталдрэўпрадукт», даць другое жыццё не толькі бацькоўскаму дому, але і роднаму мястэчку.


 – Мару пра агравёску, прывабную для турыстаў. Планую будаваць домікі для адпачынку. А таксама жыллё маладым работнікам «Капіталдрэўпрадукта». Размаўляў пра гэта, людзі не супраць, – дзеліцца планамі ўраджэнец Лебедзева. – Тут ціха, спакойна, машын няма. Слухаеш птушыныя спевы, душой адпачываеш. Ніхто не перашкаджае.


На малую радзіму Аляксандра цягне настальгія па вясёлым маленстве, непаўторнай юнацкай пары. Летам вёска поўнілася дзіцячым гоманам. Мясцовыя хлапчукі і дзяўчаты разам з гарадскімі, што прыязджалі на канікулы, гулялі ў валейбол, купаліся ў возеры і на дамбе ў суседнім Дзедзіне. Хадзілі на танцы ў Забалоццеўскі клуб, дзе столькі моладзі збіралася, што не прапіхнуцца. На Вялікдзень ехалі на ўсяночную ў касцёл у Ідолта. Мясцовая гаспадарка выдзяляла аўтобус. На Каляды спявалі песні пад вокнамі аднасяльчан.
 У СЯМ’І Лапуцэвічаў было чацвёра дзяцей. Суседзі выхоўвалі па пяць – шэсць сыноў і дачок, а то і 12. Вёска і тады была такой жа маленькай у даўжыню, але двароў 30 налічвала.


– Бабуля гаварыла, што пасля вайны здарыўся вялікі пажар. Дзеці гулялі з запалкамі ў пуні. З-за гэтага свавольства палова жыхароў без жылля засталася, выехалі адсюль, – прыгадвае субяседнік расповяды са свайго дзяцінства. – Шмат гісторый сяльчане расказвалі. Жыў тут Альбін Айелізавіч Гайлевіч – мясцовы жартаўнік, пявун і лекар. Ведаў загаворы ад рожы і змяіных укусаў. Часта прыходзіў да нас у госці. Я рыхтаваў урокі пад гутаркі дарослых, іх успаміны пра мінулае.


ХЛОПЧЫКАМ Аляксандр быў упэўнены, што з роднай вёскі нікуды не паедзе. Дзіцячую адданасць змянілі юнацкія амбіцыі. Паклікалі гарадскія перспектывы. Распачаць уласную справу вырашыў у Міёрах. Ад Лебедзева да райцэнтра паўгадзіны на машыне.


 – У будні тут жыву, на выхадныя еду ў Полацк да сям’і. Родныя прывыклі. Часам у вёску прыязджаюць. Як і ў таты, у мяне чацвёра дзяцей. Толькі наша сям’я цяпер шматдзетнай лічыцца, – гаворыць з усмешкай.


Аляксандр Лапуцэвіч трымае сувязь з ураджэнцамі Лебедзева. У час інфармацыйных тэхналогій гэта проста. Сабрацца разам у роднай вёсцы складаней. Работа, сям’я, адлегласць. Аднак бізнесмен-энтузіяст спадзяецца, што правесці на малой радзіме фестываль «Я родам з Лебедзева» з часам атрымаецца.


 Сустрэча
праз два гады

ЗАВІТАЛІ да ўжо знаёмай сям’і Віктара і Марыны Лапуцэвічаў. Пацікавіцца, як пажываюць, як справы ў сыноў і дачушкі.
Віктар Мечыслававіч змяніў работу. З сельскай гаспадаркі перайшоў да брата ў «Капіталдрэўпрадукт». У Марыны Іванаўны працягваецца водпуск па доглядзе дзіцяці. Разам займаюцца гаспадаркай. Трымаюць трох кароў, каня, свіней. Вырошчваюць гародніну. Не забываюць пра эстэтыку – на падворку ў клумбах красуюць кветкі. Спраўляцца з клопатамі дапамагаюць сыны. Пеця сёлета скончыў школу, Антон пойдзе ў 11 клас. У старэйшага Яўгена, што пражывае ў Міёрах, нарадзілася дачушка. Ёй восьмы месяц ідзе.


ТРЫ гады споўніцца ў снежні самай маленькай жыхарцы Лебедзева Анечцы Лапуцэвіч. Падрасла. Такая ж смелая і цікаўная. Любіць маляваць. Асабліва на шпалерах. У маім блакноце разам выводзілі сонейка, сабачку і дрэўцы.


– Анюта ў Лебедзеве адзінае маленькае дзіця, але ёй не сумна. Гэта ўнучка ўсёй вёскі, – расказвае мама Марына. – Гадаваць дзяўчынку ў аддаленым сяле складаней. У аўталаўцы не ўсе дзіцячыя тавары ёсць. Ездзім за пакупкамі ў горад. Да дзіцячага садка далёка. Але я рада, што маленькая дыхае чыстым паветрам, п’е свежае малако, харчуецца прадуктамі з уласнай гаспадаркі. Гэта ўмацоўвае здароўе.


 Любіць Анечка жывёл. Асабліва адну з бабуліных козачак. Абдымае яе, дзеліцца ласункамі. У цёплае надвор’е шмат часу праводзіць на вуліцы. Гуляе ў пясочніцы. Разам з мамай ходзіць у госці да бабуль. Да роднай бабы Ані сама бегае ў суседні двор.
КАЛІ не стала бацькі, для маці Ганны Іосіфаўны дзеці купілі дом па-суседстве. Цяпер адзін у аднаго пад наглядам.


– Родам я з Шаркаўшчынскага раёна, у Лебедзева ў 1962 годзе прыехала. Вёска шматлюдная была, – успамінае Ганна Іосіфаўна. – У Латвію з мужам выязджалі. Туды з адным чамаданам адправіліся, а назад – з шафай і каровай. Хоць там больш зараблялі, але чужымі сябе адчувалі. У нас лепш, і людзі добрыя.

Душа да веры цягнецца,
а рукі – да работы

У ЛЕБЕДЗЕВЕ жывуць з верай. Здаўна стаіць на вясковай вуліцы паклонны крыж. Раней драўляны быў, сяльчане на металічны замянілі. Каб назаўжды. У дамах – куточкі з іконамі. Замест звыклага «Добры дзень!» пачуеш «Пахвалёны Езус Хрыстус!» Так павіталася Марына Лапуцэвіч з самай старэйшай жыхаркай вёскі Янінай Турзёнак, уваходзячы ў яе дом. Гаспадыня займалася ўборкай.


Яніна Канстанцінаўна выглядае маладзей за свае 90. Толькі зрок і слых слабыя, таму гаварыць трэба гучней.
– З 1955 года тут жыву. Была ў калгасе паляводам, пасля цялят даглядала, кароў даіла. Муж Ян Юльянавіч на трактары і на камбайне працаваў. 37 гадоў, як яго не стала. Пахаваны на могілках за вёскай, часта хаджу туды, – расказвае субяседніца. – З гадаванцаў у мяне толькі кот. Агарод невялікі. Бульба расце, цыбуля, буракі. Сама ўсё даглядаю. Абодва сыны ў Даўгаўпілсе. Часта тэлефануюць, два разы на месяц наведваюць, прадукты прывозяць. Двух унукаў маю і двух праўнукаў. У Лебедзеве пражывае стрыечная сястра Леакадзія, на два гады за мяне маладзейшая. У госці рэдка хаджу. Чую дрэнна, цяжкавата людзям са мной размаўляць. Але рухацца стараюся. Па падворку пахаджу, па вуліцы прайдуся.


З НАДВОР’ЕМ зноў не пашанцавала. У ліпеньскі дзень па-асенняму пахмурна і дажджліва. Ледзь заўважная імжа змяняецца шчодрым ліўнем. Толькі паспявай парасон раскрываць.


На падворку прыбіраюць скошаную траву Барыс і Яўгенія Вярковічы. Чатыры гады таму пераехалі з Міёр у бацькоўскі дом. Даглядаюць агарод, садзяць кветкі, клапоцяцца пра парадак на сядзібе. Гаспадару за 70, гаспадыня крыху маладзейшая. Рухавыя, працавітыя, без справы не сядзяць. Па-вясковаму сціплыя, да размоў з карэспандэнтамі не ахвочыя. Тут яшчэ і надвор’е псуецца, а работу хочацца завяршыць. Таму хутка развітваемся, каб не перашкаджаць.

***
Задажджыла. Скурчылася ў гняздзе бусліная сямейка. Але і ў такі непагодны дзень хораша і ўтульна ў Лебедзеве. Чым запала ў душу невялікая вёсачка, дзе толькі двойчы давялося пабываць? Нешырокай асфальтаванай дарогай, што плаўна падымаецца на пагорак. Шатамі высокіх дрэў. Дагледжанымі падворкамі з кветкамі і роўненькімі градкамі. Ваколічнымі спакоем і цішынёй. Працавітасцю, шчырасцю і адкрытасцю мясцовых жыхароў. Па ўсім відаць, будзе нагода прыехаць сюды яшчэ.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 394
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 80 600
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 59 663
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 851
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 574
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 105
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 161
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 августа 2019
Вячеслав, Роман, Афанасий

Именины 22 августа 2019
Алексей, Антон, Григорий, Дмитрий, Иван, Леонтий, Макар, Матвей, Петр, Самуил, Юлиан, Ирина, Маргарита, Мария, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта