Олег и Нина ШУПЕЙКИ в Бычинщине подарили родительскому дому новую жизнь

 Не месца ўпрыгожвае чалавека. Наадварот. І таму ёсць нямала пераканаўчых доказаў. Напрыклад — дружная і працавітая сям’я ШУПЕЙКАЎ з вёскі Бычыншчына Мікалаёўскага сельсавета. Алег і Ніна ШУПЕЙКІ падарылі бацькоўскаму дому новае жыццё. 

 

УЗДОЎЖ драўлянага плота квітнеюць аранжавыя лілеі, саспелі клубніцы ў гародчыку, роўнымі радамі спускаюцца з пагорка кусты бульбоўніка, падсыхае на палетках скошаная трава. У двары ўтульна, нягледзячы на будоўлю.


— Вырашылі яшчэ адну веранду зрабіць. Сям’я вялікая, трэба, каб усім месца хапіла, — гавораць гаспадары.


У доме Алега Пятровіча і Ніны Мікалаеўны амаль не бывае пуста. На выхадныя і ў водпуск прыязджаюць дарослыя сыны. Адпачыць ад гарадской мітусні і атрымаць асалоду ад сапраўднага лета спяшаюцца браты і сёстры. У вёсачцы, якую з аднаго ў другі канец можна прайсці за дзесяць хвілін, спакойна і хораша. Побач рэчка з прахалоднай вадой, наваколле патанае ў зеляніне дрэў і птушыных спевах, за домам – прасторная альтанка, дзе так хораша піць гарбату і ўдыхаць настоенае на кветках і травах чыстае паветра.


У ГАСПАДАРОЎ часу на сузіранне вясковай прыгажосці няшмат. Устаюць ранкам і бяруцца за клопаты. Трэба падаіць карову і вывесці на пашу разам з маленькім бычком і авечкамі. Накарміць свіней, курам зерня насыпаць. Затым у агарод, на сенажаць, у сад.


— Чакаеш лета, а як прыйдзе — і адпачыць няма калі, — лагодна ўсміхаецца гаспадыня. — Надвор’е сёння сонечнае, з ветрыкам, трэба пад абед сена павярнуць. Спраў хапае. Агарод і клумбы палю, клубніцы збіраю. Затым надыдзе чарга нарыхтовак на зіму. І самім варэннямі-саленнямі трэба запасціся, і з сынамі падзяліцца.


Шупейкі выхаваны сельскай працай. Ніна Мікалаеўна родам з хутарка Барылава, што ў Туркоўскім сельсавеце. У яе чатыры сястры. Раз’ехаліся далёка — Віцебск, Магілёў, Гродна, Масква. Сустракаюцца ў Бычыншчыне. Рада прыехаць на малую радзіму родная сястра Алега Пятровіча з Полацка. Брат жыве непадалёку — у Шарагах.


— Калі мы вырашылі стварыць сям’ю, перш-наперш паўстала жыллёвае пытанне, — расказвае гаспадар. — У Бычыншчыне пуставаў бацькоўскі дом. Падумалі, што прывядзём яго ў парадак.


За дзесяць год сціплая хатка ператварылася ў прасторную, утульную, прывабную. Дабудавалі веранду, абшылі сайдынгам фасад, адрамантавалі пакоі. Добраўпарадкавалі двор, пасадзілі маладыя дрэўцы і вінаграднік. Планаў яшчэ шмат. Дом і сядзіба пастаянна патрабуюць догляду і ўмелых рук.


Пра свае ціхую вёску і родны дом Шупейкі расказваюць з цеплынёй і любоўю. Ім складана ўявіць сябе сярод гарадскога шуму. Куды прыемней разам збіраць грыбы ў лесе, да якога рукой падаць, цешыцца, што гародніна ўрадзіла, накрываць для чаканых гасцей стол. Абавязкова з клёцкамі. Гэта фірменная сямейная страва.


СТАРАННАСЦІ і працавітасці вучыцца ад бацькоў дачушка Насця. Скончыла чацвёрты клас. Гаворыць, што ў вёсцы на канікулах не сумна. Ёсць сяброўкі, з якімі цікава бавіць час. Дапамагае матулі ў агародзе. Ніна Мікалаеўна дома пастаянна. Дзевяць год таму забрала да сябе сваю маці, здароўе ў яе слабае, патрэбны догляд. Алег Пятровіч больш за трыццаць год працуе ў Дзісенскім лясгасе. Уладкаваўся пасля вайсковай службы, якую праходзіў у Афганістане. У мінулым годзе трактарыст на вывазцы лесу атрымаў Ганаровую грамату ад Міністэрства лясной гаспадаркі.


ДЛЯ Шупейкаў найлепшая ўзнагарода — лад у сям’і, здароўе і поспехі дзяцей, цёплыя ўзаемаадносіны з роднымі, утульны дом. Яны ведаюць цану сямейнага шчасця і дабрабыту, бо будавалі яго ўласнымі рукамі. Таму ўмеюць шанаваць, берагчы і памнажаць. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.