Авторизация
 

Да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Сёстры Еўдакія Івіна і Дзіяна Крук выжылі там, дзе гэта здавалася немагчымым

 Вязні фашызму – Еўдакія Івіна і Дзіяна Крук – жывуць у Міёрах на адной вуліцы. Кожны дзень Дзіяна Іосіфаўна прыходзіць да старэйшай на 15 гадоў сястры дапамагчы па хатніх справах, правесці разам час. «Дзеці так сваіх пажылых бацькоў не даглядаюць, як яна мяне, – радуецца Еўдакія Іосіфаўна, якой з узростам усё складаней спраўляцца з простымі клопатамі. – Гэта Божанька мне анёлка паслаў». Анёл- ахоўнік беражэ абедзвюх сясцёр. Не раз адганяў ад іх смерць, што стаяла побач. 

«Маці казалі, каб кінула мяне, бо ўсё роўна жыць не буду», – гаворыць дзіця вайны Дзіяна Іосіфаўна КРУК. «Нават не думала, што вярнуся на радзіму і сустрэнуся са сваімі», – успамінае яе старэйшая сястра Еўдакія Іосіфаўна ІВІНА.

Малая радзіма Еўдакіі Івінай і Дзіяны Крук – вёска Яськова сучаснага Верхнядзвінскага, а раней Асвейскага раёна. У лютым 1943 года падчас карнай экспедыцыі месцейка спалілі. Разам з 52 сяльчанамі.


У сям’і Іосіфа Пракопавіча і Феадосіі Лаўрэнцьеўны Шчасных выхоўваліся тры дачушкі-пагодкі. Калі пачалася вайна, малодшай Еўдакіі было 12 гадоў. Яна памятае першую сустрэчу з ворагамі:
– У вёску немцы прыехалі, як на парад. Матацыклы новенькія, гімнасцёрачкі новенькія, рукавы закасаныя па локаць, самі выбрытыя, падстрыжаныя. І адзін усё па-руску гаварыў: «Праз два тыдні Масква будзе наша». Яны паехалі, і мы іх не бачылі, пакуль не пачалася партызаншчына.


Кіламетраў за 15 ад Яськова ішла чыгунка. Калі там пачалі дзейнічаць партызаны, у вёсцы з’явіліся карнікі.
– Да нас прыбег хлопчык з суседняй вёскі і папярэдзіў. Дзве сястрычкі старэйшыя паспелі ўцячы ў лес. А тата, мама і я засталіся. Пачалася перастрэлка. Як сталі кулі звінець. Мы ляглі ўсе на падлогу ля печкі, падушкамі накрыліся. Нашы пайшлі ў лес, а немцы спыніліся ў вёсцы. Сталі курэй давіць, парасят рэзаць, а людзей першы раз не чапалі, – расказвае Еўдакія Іосіфаўна. – Да нас немец прыйшоў, у стале знайшоў сала таплёнае, дастаў нож і давай гэта сала калупаць. А другі немец, як закрычаў на яго, той і нож пакінуў і ўцёк.


З боку чыгункі працягвалі гучаць учыненыя партызанамі выбухі. Феадосія Лаўрэнцьеўна пякла для лясных салдат хлеб. Пасля сям’я Шчасных пакінула вёску. Іосіф Пракопавіч разумеў, што карнікі не дадуць ім спакою. Адыходзячы, маёмасць закапалі ў зямлю. Перабраліся ў лес. Хаваліся ў родных мясцінах, затым скіраваліся ў расонскія.


– Ехалі на кані. Думалі, лес там вялікі, немцы туды не пойдуць, – заўважае Еўдакія Іосіфаўна.
У зямлянцы ў студзені 1944 года нарадзілася Дзіяна. Пра свае першыя гады жыцця яна ведае з расповядаў бацькоў і старэйшых сясцёр.
– Я плакала і крычала ад холаду і голаду, цела гнаілася. Маці казалі, каб кідала мяне, бо ўсё роўна не выжыву. Там у лесе шмат дзяцей кінутых было, для таго часу не дзіва, – кажа Дзіяна Іосіфаўна.


Па лесе ішлі карнікі, і маленькае дзіця крыкам магло ўсіх выдаць. Феадосія Лаўрэнцьеўна не змагла пакінуць дачушку. Адставала ад іншых, пасля шукала па слядах. Аднойчы ўратавала снежная гурба пад елкай. Схаваліся ў ёй – вораг прайшоў міма. Другі раз не пашчасціла. Вясной 1944-га ўся сям’я трапіла ў рукі немцаў і аказалася ў лагеры пад Даўгаўпілсам.

– Усё лета сёстры працавалі ў латышскіх гаспадароў, я з мамай была, – расказвае Дзіяна Іосіфаўна. – Калі пачала наступаць савецкая армія, вязняў вывезлі ў Германію.


Дзвюм старэйшым сёстрам удалося застацца ў Латвіі. Еўдакія, Феадосія Лаўрэнцьеўна з мужам і маленькай дачушкай на руках апынуліся яшчэ далей ад родных мясцін.
– Мама расказвала, што тады ўсе вочы выплакала, бо не ведала, дзе яе дзеці, – гаворыць Дзіяна Іосіфаўна. – На параходзе, на якім нас везлі, быў святар. Ён мяне пахрысціў, даў імя Зінаіда. У пашпарце засталася Дзіянай. Бацькі мае веруючымі былі, у царкву пастаянна хадзілі. Менавіта там тата маму і прыкмеціў. Пасля вайны, калі ў Міёры перабраліся, наведвалі храм у Чэрасах.


На чужыне ў няволі заставалася спадзявацца толькі на Божую дапамогу. Еўдакія Іосіфаўна, разгружаючы вагоны на чыгуначнай станцыі на мяжы Германіі і Францыі, зусім не думала, што зноў убачыць родных.
– Нас на параходах некалькі сутак везлі. Адзін сталі бамбіць і патапілі, але на ім толькі коні былі, – успамінае яна. – Працавалі разам з ваеннапалоннымі, іх лагер непадалёку знаходзіўся. Размаўляць нам не дазвалялі, але падышоў неяк да мяне палонны і кажа: «Нас расстраляюць, а вы можа і застанецеся ў жывых. Я сам сібірак». Толькі гэта і сказаў. Два назіральнікі былі. Адзін з іх, калі блізка не было старшага, клікаў нас пагрэцца ля кастра. Ён па-руску добра размаўляў. А другі хадзіў увесь час з плёткай. І вось гэты харошы ніколі сам не з’ядаў цалкам бутэрброд, заўжды нам аддаваў.


Вызвалілі вязняў амерыканцы. Па словах Еўдакіі Іосіфаўны, рускім іх перадавалі пад музыку духавога аркестра.
Дадому Еўдакія вярнулася апошняй у жніўні 1945-га.
– Я не ведала, ёсць хто з родных жывы ці не. Прыйшла ў сваю спаленую вёску, думаю, можа каго-небудзь знайду, даведаюся, – расказвае яна. – Там адна зямлянка была, медсястра жыла ў ёй. Яна расказала, што ўсе вярнуліся і жывуць у Верхнядзвінску. Там і сустрэліся.


Пераехалі ў Міёры. Старэйшая сястра пасля вучобы ўладкавалася сюды на працу і родных да сябе бліжэй паклікала. Усе дочкі па татавым прыкладзе атрымалі прафесію бухгалтара. Апошняе месца працы Еўдакіі Іосіфаўны – УП ЖКГ, дзе 20 гадоў была бухгалтарам-касірам. Дзіяна Іосіфаўна столькі ж аддала бухгалтарскай справе ў райспажыўтаварыстве. Абедзве на адпачынку. Малодшая сястра даглядае старэйшую.


– Больш за дзесяць гадоў кожны дзень да мяне прыходзіць, – кажа Еўдакія Іосіфаўна. – Дзякуючы яе догляду, добраму харчаванню, я і жыву.


Хто прайшоў праз нечалавечыя пакуты вайны, той умее па-сапраўднаму цаніць мірнае жыццё.
– Цяпер рай на зямлі, – заўважае Еўдакія Іосіфаўна. – Трэба быць удзячнымі Богу за мір і за ўсё, што маем.
– 75 гадоў мы жывём без вайны. Няхай так будзе і далей, – дадае Дзіяна Іосіфаўна.

У ТЭМУ

Відэаўспаміны Еўдакіі Івінай і Дзіяны Крук можна пагля- дзець у суполцы «Родны край. МІЁРЫ» ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Суполка размяшчае матэрыялы пра ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны, чыё жыццё звязана з Міёрскім краем. Дзяліцеся інфармацыяй пра сваіх родных. Захаваць памяць пра дзядоў і прадзедаў – справа сучаснікаў.

Фота з архіва рэдакцыі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта