Ураджэнец Лявонпаля Уладзімір ПУЧЫНСКІ калісьці паступаў на журфак БДУ па накіраванні міёрскай раённай газеты «Сцяг працы».
Абедзенным перапынкам у рэдакцыю зайшоў невысокі мужчына гадоў каля пяцідзесяці. Са знаёмства атрымалася двухгадзінная размова. Гутарылі з супрацоўнікам «Краязнаўчай газеты» Уладзімірам Пучынскім пра журналісцкія справы, паходжанне назваў мясцін, повязь з малой радзімай.
«Мёры –
гэта павага да продкаў»
– Чаму газета называецца «Міёрскія навіны», калі па-беларуску правільна казаць «Мёры», «Мёрскія»? – азадачвае пытаннем суразмоўца.
Прыгадваю, што і ў маім пашпарце па-беларуску напісана «Мёрскі раён». Каб пераканацца, дастаю дакумент. Сапраўды так.
– Назва нашага райцэнтра двойчы калькаваная. Палякі Мёры запісалі «Miory», але вымаўлялі «Мёры». Савецкая ўлада спачатку на рускую мову пераклала, а потым на беларускую механічна, не абапіраючыся на мясцовыя гісторыю і спадчыну. Так з’явіліся «Міёры», – патлумачыў Уладзімір Станіслававіч. – Між тым нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» падае «Мёры» як асноўную назву. Менавіта ім кіруюцца аддзелы загса. Дарэчы, райцэнтру Ліёзна вярнулі правільную назву «Лёзна».
Яшчэ падказку ў напісанні назвы населенага пункта варта шукаць у мясцовых жыхароў, асабліва старэйшых. Уладзімір Пучынскі раіць прыслухоўвацца да іх маўлення. Успамінаю, што мае бабулі ніколі не казалі «Міёры». Гаварылі «паеду ў Мёры», «прывезлі з Мёраў» і так далей.
– Гэта не з-за неадукаванасці. Старэйшыя жыхары – захавальнікі мясцовай спадчыны. Яны ведаюць куды больш за моладзь, – падкрэслівае суразмоўца. – Мы ў «Краязнаўчай газеце», калі ўзнікаюць пытанні па назвах населеных пунктаў, найперш арыентуемся, як гавораць мясцовыя. Іх назва часам не супадае з агульнапрынятай.
Прыводзіць у прыклад вёску Біардо ў Клічаўскім раёне. Адкуль назва на французскі манер? Вяскоўцы кажуць – Бёрда. Відаць, аднойчы нехта вырашыў упрыгожыць.
– «Мёры» – гэта павага да продкаў, – падводзіць вынік.
Першая публікацыя –
пра брацкую магілу ў Лявонпалі
Краязнаўства і журналістыка цікавілі Уладзіміра са школы. Дарэчы, васьмігодка ў Лявонпалі, дзе вучыўся, мае сваю гісторыю. Аднапавярховы драўляны будынак узвялі ў мястэчку ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя па праграме Ю. Пілсудскага «100 школаў для крэсаў усходніх». Ад такой жа школы ў Чурылаве нічога не засталося, а былая лявонпальская цяпер у прыватнай уласнасці.
– На маю думку, гэты будынак можна ўнесці ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Для пачатку, у раённы ці абласны. А потым выходзіць на нацыянальны, – заўважае суразмоўца.
Пасля ўрокаў Уладзімір Пучынскі наведваў краязнаўчы гурток. З маладымі аматарамі мясцовай гісторыі займалася Надзея Васільеўна Папёл. Прадоўжыў яе справу Валерый Якаўлевіч Худзякоў. Пад кіраўніцтвам гэтых настаўнікаў гурткоўцы знайшлі родных салдат, пахаваных у брацкай магіле ў вёсцы, вялі з імі перапіску. На 9 Мая сваякі загінулых воінаў прыязджалі ў Лявонпаль. Потым гурткоўцы напісалі пра свой пошук.
– З той працай я выступаў у раёне на мерапрыемстве. Пасля падышоў супрацоўнік рэдакцыі, папрасіў матэрыял для друку, – успамінае Уладзімір Станіслававіч. – Праца была агульная, а выйшаў матэрыял толькі пад маім прозвішчам. Настаўнік за гэта пакрыўдзіўся.
Тая не вельмі прыемная гісторыя з першай публікацыяй запаліла ў вучня-сямікласніка цікавасць да журналістыкі. Дасылаў у раёнку нататкі са школьных мерапрыемстваў. Былі і крытычныя публікацыі пра дрэнную дарогу да вёскі. Спрабаваў сябе ў жанрах фельетона і гумарэскі.
Пасля дзясятага класа Даўгінаўскай школы паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па накіраванні ад раённай газеты «Сцяг працы». Падчас вучобы праходзіў тут практыку, а штатным супрацоўнікам не стаў. Галоўны рэдактар дазволіў застацца ў Мінску.
– З чацвёртага курса я працаваў у газеце «Дзеці і мы» Беларускага дзіцячага фонду. Потым яна стала газетай «Сям'я», – расказвае пра свой прафесійны шлях. – Затым былі часопіс «Бярозка», газета «Раніца». У «Раніцы» вёў краязнаўчую старонку і рубрыку для самых маленькіх школьнікаў, пад якой падпісваўся «дзядзька Валодзя». У «Краязнаўчай газеце» працую з мая 2003 года, з другога нумара выдання. Цяпер намеснік галоўнага рэдактара.
Гісторыі назваў,
мястэчак, людзей
«Краязнаўчая газета» – выданне Беларускага фонду культуры. У газетным кіёску яе не знойдзеш. Распаўсюджваецца толькі па падпісцы. Мае свой сайт. Пра што тут можна пачытаць?
– Пішам пра народныя традыцыі, славутых землякоў, пра гісторыю населеных пунктаў, назвы ўрочышчаў і так далей, – расказвае Уладзімір Станіслававіч. – Раней кожны куточак меў сваю назву, якая з’явілася невыпадкова. Напрыклад, у лявонпальскіх мясцінах ёсць Шапятліўчын ручай. Аказваецца, жыла паблізу яго шапятліўка – жанчына, якая шапялявіла. Яе даўно няма, а ручай так і называюць.
Расказваю калегу, што ў ваколіцах маёй роднай вёскі ёсць месца, якое называюць Воўчай доляй. Можа быць, ад таго, што там калісьці ваўкі вадзіліся?
– Неабавязкова з ваўкамі звязана. Слонім назвалі не таму, што там сланы, а ў Кобрыне кобры не жывуць, – адказвае краязнаўца. – Магчыма, на тых месцах няўдобіца, што якому-небудзь гаспадару перапала. Вось і воўчая доля.
Не менш за назвы мясцовасцей цікавяць супрацоўнікаў «Краязнаўчай газеты» лёсы таленавітых выхадцаў з Беларусі. Некаторыя імёны мала каму вядомыя. Напрыклад, мастак Віктар Жаўняровіч – ураджэнец вёскі Грудзінава, што непадалёк Лявонпаля. Жыў у Францыі. Там яго ставяць у адзін шэраг з Іванам Шышкіным. А ў Беларусі карцін творцы амаль няма.
– Пра Міёршчыну ў сваёй газеце пішаце? – цікаўлюся.
– Пра Міёры не пісалі ні разу, а пра Мёры і Мёрскі раён – вельмі часта, – парыруе ў адказ. – Наш пастаянны аўтар і член рэдкалегіі – Вітаўт Антонавіч Ермалёнак. За кошт такіх актыўных людзей, як ён, як Фадзей Лаўрэнцьевіч Шымуковіч і Пётр Уладзіміравіч Баговіч з Дзісны, як Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік – сапраўдны даследчы інстытут у адной асобе, як Леанід Аляксандравіч Ма- тэленак з Мёраў, адбываецца рух наперад, захоўваецца наша спадчына.
Да малой радзімы
з вялікай ласкай
«Так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць». Словы беларускага першадрукара блізкія Уладзіміру Пучынскаму. Кожны год прыязджае ў Лявонпаль. Даўно апусцеў бацькоўскі дом, нікога са сваякоў у вёсцы не засталося. Але ўсё роўна сюды цягне.
– Узімку ў хаце бацькоў мятлікі спачываюць ды мышы гаспадараць, а ўлетку я сам, – жартуе. – Хто з вяскоўцаў пахваліць. Іншыя здзіўляюцца, маўляў, чаму не на поўдзень у водпуск еду. Кажу ім: вось – паўднёвы бераг Дзвіны.
Сям’я з разуменнем ставіцца да адпачынку Уладзіміра ў Лявонпалі. Раней прыязджалі разам, цяпер не атрымліваецца. Жонка Крысціна працуе ў часопісе «Роднае слова». Дачка Барбара занятая ў арганізацыі «Арт Сядзіба», якая папулярызуе беларускую мову і культуру.
У родных мясцінах Уладзімір Станіслававіч праводзіць месяц. Наведвае могілкі, наводзіць парадак у хаце і ў двары, ходзіць у лес. Сустракаецца з вяскоўцамі, запісвае іх расповяды пра мінулае. Шмат чаго з мясцовай гісторыі ведае сусед Канстанцін Мікалаевіч Бабышка.
– Сёлета багата распытаў Марыю Пятроўну Сушко з роду Афончанкаў, Валянціну Уладзіміраўну Папсуевіч з Карніцкіх, Антаніну Купрыянаўну Шук з Каськевічаў і іншых, – распавядае пра летні адпачынак дома. – Вялікі боль ды скруха глядзець, як занепадае ў чарговы раз за сваю гісторыю велічны палац графскага роду Лапацінскіх. Не ратуе ні тое, што ўнесены ў спіс помнікаў архітэктуры, ні тое, што мае гаспадара, ні тое, што ніводная экскурсія не абыходзіцца без яго наведвання. Некалі пасля аднаго з паўстанняў на знак помсты будынак спалілі казакі – цяпер руйнуе людская абыякавасць, пры якой, дай волю, і на будматэрыялы хто-небудзь разабраў бы.
Знаёміцца з турыстамі, якія бываюць у вёсцы. Расказвае ім пра мінулае Лявонпаля, развейваючы міфы.
– Паўсюль тыражуецца факт, што царква ў мястэчку была пабудаваная без адзінага цвіка. Гэта не зусім так. Цвікі ёсць, толькі яны драўляныя, – заўважае. – А яшчэ некаторыя лічаць, да прыкладу, што калона ў Лявонпалі ўзведзеная ў гонар перамогі над Напалеонам.
***
Напэўна, лепшага за Уладзіміра Пучынскага гіда па Лявонпалі не знойдзеш. У наступны раз дамовіліся сустрэцца на яго радзіме. Прайсціся знаёмымі журналісту вясковымі сцежкамі. Атрымаецца цікавы матэрыял пад рубрыкай «Там, дзе твае карані».
Фотаматэрыял з асабістага архіва Уладзіміра ПУЧЫНСКАГА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.