О важных моментах в жизни малой Родины спрашивали у главы Миорского района
gazeta 2-07-2018, 16:41 922 Мая малая Радзіма
Значнымі пераменамі азнаменаваны сёлетні год для сістэмы аховы здароўя Міёршчыны — завяршылася будаўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы. Ужо дакладна вядома, што непадалёку ад галоўнага корпуса з’явіцца новая паліклініка. Аб’ект уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму, хутка пачнецца праектаванне. Што яшчэ плануецца для паляпшэння якасці нашага жыцця, размова з кіраўніком раёна Ігарам Кузняцовым.
-- Людзі — галоўнае багацце міёрскага краю. Каб усім жылося лепш, з’яўляюцца новыя вытворчасці. Ужо даўно пры сустрэчах з прадстаўнікамі нямецкай дэлегацыі абмяркоўваем стварэнне спадарожных нашаму металапракатнаму заводу прадпрыемстваў. Там змогуць працаваць спецыялісты з інжынернай адукацыяй і атрымліваць варты заробак. На ММПЗ-груп, дзе цяпер заняты каля 60 чалавек, ён ужо перасягнуў тысячу рублёў. У калектыве не толькі прыезджыя, нямала і мясцовых жыхароў. Менавіта яны павінны быць першачарговымі прэтэндэнтамі на новыя рабочыя месцы. Аднак у эру высокіх тэхналогій, каб стаць запатрабаванымі на рынку працы, нават ад спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і запасам прафесійных ведаў патрабуюцца сучасныя ўменні і навыкі. Без іх ніяк. У нас, на жаль, кадры для інавацыйнай эканомікі слабаватыя. Тое, што не заўсёды ёсць жаданне павышаць адукацыю, набываць дадатковую, удасканальвацца, праблема кожнага. Да гэтага трэба імкнуцца, каб палепшыць якасць свайго жыцця.
Пазнаёмце з планамі на Год малой радзімы, які па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ахопіць значна большы перыяд нашага жыцця?
-- Хочацца, каб кожны жыхар раёна ўсвядоміў сябе гаспадаром на нашай зямлі, адчуў сваю важную місію ў навядзенні элементарнага парадку паўсюль.
Міёршчына такая, якой яе ствараем. І што немалаважна, якія мы, такая і яна. Ніхто: ні жыллёва-камунальная гаспадарка, ні сельсавет ці хто іншы не прыбярэ пустазелле на прылеглых да дамоў тэрыторыях, не адрамантуе і не пафарбуе агароджу ля іх. Святы абавязак кожнага: сваё абкасіць, суседу прыклад паказаць, адзінокай бабулі дапамагчы. А яшчэ сабрацца разам і добраўпарадкаваць той жа бераг вадаёма, масток змайстраваць ці альтанку. Людзі самі павінны выказваць ініцыятыву і рэалізоўваць яе. Напэўна, няма нічога лепш, чым жыць у чысціні з пачуццём задавальнення ад зробленага не толькі для сябе, але і роднага мястэчка, землякоў.
Сёлета мы набылі лячэбную ўстанову сучаснага ўзроўню, але ледзьве не страцілі не менш важны для жыхароў раёна фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Колькі часу і сродкаў спатрэбіцца на ўзнаўленне яго пасля пашкоджання вогненнай стыхіяй?
-- На будынку ўжо з’явіліся кроквы, іх апрацавалі супрацьпажарным сродкам. Як толькі памянаюцца мансардныя вокны, пачнецца мантаж металачарапіцы. Галоўная задача цяпер — хутчэй накрыць дах, каб прыступіць да бягучага рамонту першага паверху.
Басейн, сауна, лазня не пацярпелі. У душавыя, распранальні трапіла шмат вады пры тушэнні пажару, набрынялі шафы, якія патрабуюць замены. Неабходна закупіць інвентар для арганізацыі заняткаў у гімнастычным і трэнажорных залах.
На вызваленне будынку ад рэшткаў пажару, закуп неабходных для рамонту матэрыялаў ўжо патрачана звыш 30 тысяч рублёў. Плануецца выдаткаванне сродкаў з абласнога бюджэту. Дзякуй жыхарам горада і раёна, якая ўносяць важкі фінансавы ўклад у хутчэйшае адраджэнне ўстановы. Пастараемся адчыніць першы паверх для карыстання як мага хутчэй.
Калі ў райцэнтры з’явіцца сучасная выратавальная станцыя?
-- На будаўнічай пляцоўцы ўжо работа актывізавалася, яе тэмп вызначае фінансаванне з абласнога бюджэту. У Браслаўскае УКБ пачалося паступленне сродкаў, ёсць спадзяванне, што ажыццявіць праект атрымаецца да восені. Тэндар на ўзвядзенне аб’екта выйграла кампанія “Строительно-монтажный Поезд №715» з Віцебска. Дарэчы, яна ж пракладзе ўнутрыдваровыя пад’язныя чыгуначныя шляхі да металапракатнага завода.
Трэцяга ліпеня мы святкуем важную гістарычную дату—74-гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Якія мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны рэалізуюцца ў раёне?
-- На Міёршчыне 32 абеліскі, 41 воінскае пахаванне, у тым ліку магілы пяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Даглядаць, добраўпарадкоўваць, рамантаваць гэтыя святыя месцы — наш абавязак і даніна павагі перад пакаленнем, якое прайшло вайну. Акуратна, чыста ля іх усюды, што арганізуюць сельсаветы і школы. Значная роля бягучых рамонтаў і рэстаўрацый, сродкі на якія выдзяляюцца з абласнога бюджэту. Пасля праведзеных работ высакародна стаў выглядаць помнік у Лявонпалі. Такім павінен стаць у Слабадзе на беразе Дзвіны. Сёлета плануецца завяршыць задуманае па добраўпарадкаванні брацкай магілы ў Дзісне. Плошча памяці загінуўшых барацьбітоў у райцэнтры таксама мае патрэбу ў рэканструкцыі, але займацца гэтым давядзецца пазней, бо патрэбны значныя фінансавыя ўкладанні.
Цікавы па кампаноўцы, за два метры ў вышыню з’явіцца памятны знак “Дзеці міру — дзецям вайны” ў скверы насупраць раённага Дома культуры. Ён таксама стане нагадваць пра трагічныя старонкі ў гісторыі беларускага народа. Гэта задума рэалізуецца за кошт ахвяраванняў у фонд міру.
Вайна не закончана, пакуль не пахаваны апошні салдат. Раённы ваенны камісар Сяргей Жабёнак праводзіць вялікую работу па захаванні памяці пра загінуўшых у час вайны вызваліцеляў раёна. Яму ўдалося ўдакладніць лёс і ўстанавіць імёны шматлікіх воінаў, на дасягнутым не спыняецца, за што яму вялікі дзякуй.
Што Вы пажадаеце жыхарам раёна?
-- Ісці наперад, не чакаць, а самім рэалізоўваць добрыя справы, якіх шмат не бывае. На гэтым стваральным шляху ўсім здароўя і шчасця.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Запісала Наталія СТАНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.


