У Год малой радзімы паўсюдна ў рэспубліцы актывізуецца работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Камунальная служба, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў у Міёрах і Дзісне выкарысталі сонечныя дні перад велікоднымі святамі, каб пачаць ачыстку заасфальтаваных вуліц ад рэшткаў пясчана-солевай падсыпкі. Паступова далучаюцца да ўборкі смецця ў дварах і на сядзібах гаспадарлівыя гараджане і вяскоўцы.
— Куды трапляе смецце з нашых вуліц і двароў? — звяртаюся да майстра па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Аляксандра Федуковіча. Для яго пытанне далёка не рытарычнае, а канкрэтна па профілі дзейнасці.
— Усё, што вывозіць з населеных пунктаў спецыялізаваная тэхніка камунальнай службы, па меры магчымасці дадаткова дасартыроўваецца, каб выдаліць другасныя рэсурсы для далейшай перапрацоўкі. Астатняе трапляе на палігоны цвёрдых бытавых адходаў у Міёрах і Дзісне, на міні-палігоны ля буйных аграгарадкоў, — сцвярджае Аляксандр Эдуардавіч. — Калі смецце па ўласнай ініцыятыве вывозіць насельніцтва, па-першае, дасартыроўкі няма, па-другое, не ведаеш, куды яно трапіць. Ці не таму загрувашчваюцца навакольныя лясы і зараснікі хмызнякоў.
— Сітуацыя з самавывазам смецця сёлета ўскладняецца, — папярэджвае Аляксандр Эдуардавіч, — бо колькасць міні-палігонаў скароціцца не менш, чым удвая. Каб папярэдзіць негатыўныя наступствы, нашы работнікі разам з прадстаўнікамі сельвыканкамаў актыўна заключаюць і дазаключаюць дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА) у сельскіх населеных пунктах. У бліжэйшыя дні красавіка гэта будуць вёскі Наўгароды і Волкаўшчына ў Новапагосцкім сельсавеце.
Пра тое, што гэта неабходна, сведчаць факты. Так, цяпер у раёне на вываз ЦБА заключаны 4632 дагаворы, якія ахопліваюць каля 10,5 тысячы чалавек, што складае прыкладна палавіну насельніцтва раёна.
Тэму працягвае юрысконсульт УП ЖКГ Таццяна Бяляева:
У Жыллёвым кодэксе Рэспублікі Беларусь дакладна прапісаны абавязак уласніка жылфонду (у тым ліку прыватнага сектара) па заключэнні дагавораў на вывазку цвёрдых камунальных адходаў з арганізацыяй, якая прадастаўляе такую паслугу. Гэта значыць, з нашым УП ЖКГ. Яна аказваецца ў абавязковым парадку, акрамя выпадкаў, калі для гэтага няма тэхнічных магчымасцей. Вызначаны парадак аплаты за аказанне паслугі — не пазней 25 чысла. Сума вылічваецца на падставе норм спажывання, якія ўстанаўліваюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама тарыфаў на камунальныя паслугі. Цяпер гэта 1 рубель 52 капейкі з разліку на кожнага зарэгістраванага жыхара ў месяц. Прадугледжаны льготы для інвалідаў І і ІІ груп.
Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі патлумачыла, што вывазка, абясшкоджванне і перапрацоўка цвёрдых камунальных адходаў адносяцца да асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Уласнікі прыватных жылых дамоў не маюць права ад яе адмовіцца. Хаця і гэта не вызваляе ад неабходнасці аплаты фактычна аказанай паслугі.
На Міёршчыне ўжо арганізаваны вываз цвёрдых камунальных адходаў з 39 сельскіх населеных пунктаў. Іх колькасць павялічыцца.
Мы павінны жыць цывілізавана, у чыстым прыродным асяроддзі.
Фота для ілюстрацыі.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.