Кто по зову своей души может сделать что-то полезное для своей малой родины?
gazeta 29-06-2018, 16:01 955 Мая малая Радзіма
А хто яшчэ па поклічу сваёй душы можа зрабіць штосьці карыснае для сваёй малой радзімы ў грамадскім месцы, няхай нават на зусім невялікім участку зямлі? Спытаемся пра гэта ў жыхароў Міёршчыны.
Набярэжная — славутасць райцэнтра і даўно аблюбаванае месца для прагулак. Адсюль адкрываецца чыстай прыгажосці від на водную роўнядзь, паўвостраў, касцёл. Ля каштанаў хочацца няспешна прагульвацца зноў і зноў. За 15 гадоў дрэўцы набралі моц. Нават пасаджаныя пазней на месцы засохлых ці знішчаных рукой чалавека ўжо амаль нароўні з сабратамі. Даганяюць астатніх і каштаны Мікалая Лакоткі.
У хатнім гадавальніку былога начальніка падатковай інспекцыі якіх толькі саджанцаў няма. Вырошчвае і каштаны. Летась маладзенькія, але ўжо рослыя, яны запоўнілі прамежкі, якія парушалі эстэтычны ансамбль акуратнага радка на набярэжнай. Мікалай Вячаслававіч парассаджваў іх тут сам. Усе дрэўцы прыжыліся, адразу ўзяліся ў рост, зашапацелі лістотай. Але зноў знайшліся тыя, каго не навучылі клапаціцца пра навакольную прыгажосць, берагчы зробленае для нас рукамі іншых. “Няўжо, зламаўшы дрэва, чалавек адчуў маральнае задавальненне?” — задаваўся пытаннем Мікалай Вячаслававіч і садзіў на набярэжнай чарговае новае дрэўца.
Леанід Крэнь, педагог абслугоўваючай працы, вёска Чэрасы: — Я сам з Гродзенскай вобласці, з-пад горада Мір. Міёршчына — бліжэй да малой радзімы маёй жонкі, якая родам з Полаччыны. Аднак лічу, што незалежна ад таго, дзе нарадзіўся, трэба клапаціцца пра тую зямлю, на якой жывеш, пакідаць пасля сябе толькі добры след. Сапраўднаму гаспадару ў любым доме работа заўсёды знойдзецца. Сачыць за парадкам у сваім двары—святая святых. Хочацца і навакольнага парадку. У Чэрасах з усіх бакоў азёры крыштальнай чысціні, а падступіцца да іх, каб пакупацца, пазагараць, немагчыма. У планах добраўпарадкаваць ля нашых вадаёмаў зоны адпачынку. Хацелася б адрамантаваць мясцовыя ачысныя збудаванні, спілаваць з векавых дрэў сукі, якія перашкаджаюць лініі электраперадач. Не маюць эстэтычнага выгляду ў нашым аграгарадку і агароджы. Над гэтымі задачамі пастараецца папрацаваць вясковы актыў у Год малой радзімы.
Валянціна Сігізмундаўна Красько, настаўніца пачатковых класаў на заслужаным адпачынку, аг. Мікалаёва: — У нашым аграгарадку знаходзіцца разбураны касцёл Усіх Святых і Святога Антонія. Вядома, што пасля вайны тут яшчэ праходзілі службы, затым яго ператварылі ў зернясклад, у хуткім часе зусім закінулі. Цяпер у святыні зноў гучыць Божае слова. Толькі ўжо пад адкрытым небам. У 2012 годзе ксёндз Аляксандр Грыцкевіч прапанаваў у дзень Святога Антонія, які адзначаецца 13 чэрвеня, праводзіць у касцёле імшу. Перш-наперш трэба было навесці парадак. Унутры касцёла на гурбах зямлі буяла кустоўе. Высякалі, выграбалі, абкошвалі тэрыторыю звонку. З тэхнікай дапамагло кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі. Зараз добрую традыцыю працягвае ксёндз Вячаслаў Адамовіч. Прыязджае і ў Вялікдзень, збіраемся ў касцёле асвячаць яйкі. А напярэдадні разам праводзім уборку. Сёлета таксама 13 чэрвеня адбылася святочная служба. Упершыню наш касцёл наведаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Радасна, што святыня дзейнічае. Нават у разбураным стане.
Ганна ПЕРЛІНА, маладая маці: — Жыву ў Віцебску. Родам з Дрыгуч. Люблю малую радзіму. З дзяцінства захапляюся народнай творчасцю. Нядзіўна, што мая цяперашняя праца непасрэдна звязана з мастацтвам. Я вядучы метадыст па народных рамёствах абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Збіраюся ў пачатку кастрычніка ўдзельнічаць у Міжнародным сімпозіуме па пытаннях мастацтва. Выступлю з дакладам на тэму захавання традыцый беларускай выцінанкі ў Міёрскім раёне. За ўсім гэтым стаіць вялікая даследча-экспедыцыйная праца, якую пачала восем гадоў таму. Распавяду шматнацыянальнай публіцы пра ўмельцаў папяровай выразкі з вёсак Дрыгучы, Узмёны, Галінова, Свярдлы і Пацеенкі. Заадно яна даведаецца пра мой родны край. Спадзяюся, што пасля сюды пацягнуцца даследчыкі з розных краін. Бо, сапраўды ў нас ёсць што паглядзець.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.


