В Новополоцке прошел региональный форум «Единая Беларусь», посвященный Году народного единства

 Рэгіянальны форум «Беларусь адзіная», прысвечаны Году народнага адзінства, сабраў у Наваполацку прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый і палітычных партый, у тым ліку з Міёрскага раёна. Абмен думкамі па самых актуальных пытаннях доўжыўся тры гадзіны.

 

Яшчэ да пачатку форуму адзін са спікераў – дэкан факультэта філософіі і сацыяльных навук БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзімі Гігін – заклікаў усіх проста паразмаўляць.
– Няма ніякага сцэнарыя. Гэта дыялог. Мы хочам пачуць, зразумець для сябе і данесці ў Мінск, што думаюць людзі па самых актуальных пытаннях нашай рэчаіснасці.

 
І форма аказалася ўдалай. Дыскутавалі і аналізавалі самыя гарачыя тэмы: эканамічныя санкцыі, прынцыпы фарміравання Усебеларускага народнага сходу, перспектывы Саюзнай дзяржавы, партыйнага будаўніцтва. Закранулі і ролю прадпрымальніцтва ў грамадстве, яго актыўнае далучэнне да жыцця як Віцебскай вобласці, так і Беларусі ў цэлым. У дыялогу ўдзельнічалі сапраўды ўсе. Вадзім Гігін хадзіў па зале з мікрафонам. У якасці экспертаў выступілі аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін, палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, палітолаг Аляксей Дзермант і загадчык аддзела чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі НАН Беларусі Анастасія Баброва.

 
Вялікі водгук у прысутных у зале выклікала тэма работы з моладдзю, гучалі і крытычныя заўвагі. Навапалачанка, маці дваіх дзетак, выказала думку, што БРСМ часцей арганізуе забаўляльныя мерапрыемствы і ўпускае важнае – патрыятычнае выхаванне, стваральную працу. Моладзь у сілу свайго ўзросту не ўмее цаніць зробленае на яе дабрабыт. Разгарэлася дыскусія пра тое, хто павінны больш выхоўваць і вучыць дзяцей працаваць: сям’я, школа, грамадскія аб’яднанні.

 

Другі сакратар абкама БРСМ Жанна Нарыцына падкрэсліла, што студатрадаўскі рух якраз накіраваны на стваральную працу. Але не ўсе прадпрыемствы могуць прыняць падлеткаў і студэнтаў: недзе складана стварыць бяспечныя ўмовы працы для іх, дзесьці могуць быць праблемы з выплатай заробку. Маладых людзей, якія хочуць зарабіць, дастаткова, адзначыла Жанна Нарыцына, але не ўсіх задавальняюць умовы працы і будучы заробак.

 
– Бываючы ў рэгіёнах, мы бачым, што Год народнага адзінства – гэта не проста фраза, не проста слоган, а тое, што напаўняецца грамадзянскім разуменнем, – падсумаваў Вадзім Гігін. – Сёння пэўныя моманты абмяркоўваліся па-новаму, а гэта важна. Беларусь адзіная, але яна разнастайная. І ў гэтым наша сіла.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ.

Фота "Звязда".

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.