Сельчанка из Миорского района сняла с чужой карточки 600 рублей и за это заплатит штраф в два раза больший

 Кампанія адпачывае са спіртным, кагосьці скіроўваюць у магазін за дабаўкай, даючы разлічыцца банкаўскую картку, «ганец» вырашае скарыстацца сітуацыяй і ўзяць, так бы мо- віць, плату за дастаўку. Класічная схема злачынства, якое Крымінальны кодэкс называе «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі». Падобная гісторыя адбылася ва Узмёнскім сельсавеце.

Галоўная гераіня – 26-гадовая сяльчанка Ларыса (імя зменена) з далёка не бездакорнай рэпутацыяй. Па месцы жыхарства характарызуецца адмоўна. Абавязана выплачваць сродкі на ўтрыманне дзіцяці, што знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні. Працуе жывёлаводам, яе работу ацэньваюць як здавальняючую. Да крымінальнай адказнасці раней не прыцягвалася. У суд прывёў крадзеж грошай з чужой карткі, учынены ў стане алкагольнага ап’янення.


Абвінавачванне на судзе падтрымлівала памочнік пракурора раёна Кацярына Несцярэнка.
– Крымінальную справу ў адносінах да маладой жанчыны ўзбудзілі па частцы 2 артыкула 212 «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі», – удакладняе памочнік пракурора. – У снежні мінулага года Ларыса распівала спіртное дома ў аднавяскоўца. З яе слоў, той сам запрасіў у госці. Калі выпіўка скончылася, папрасіў схадзіць у магазін за віном. Даў сваю банкаўскую картку, паведаміў ПІН-код. Ларыса выклікала таксі і разам з сяброўкай паехала ў райцэнтр. Там зняла ў банкамаце 200 рублёў, разлічылася з таксістам, купіла прадукты і спіртное. Затым яшчэ раз зняла з карткі такую ж суму, вярнулася дадому і прадоўжыла распіваць алкагольныя напоі, толькі ўжо ў іншай кампаніі.


На гэтым прыгоды не скончыліся. Вяртаючыся ўвечары дадому, Ларыса сустрэла знаёмых. Тыя папрасілі з’ездзіць разам у горад і дапамагчы аднаму з іх зняць грошы з карткі. Карыстаючыся момантам, Ларыса зняла яшчэ 200 рублёў з чужой карткі. Вярнуўшыся, прадоўжыла гуляць спачатку ў адной, потым у другой кампаніі. Раніцай наступнага дня аказалася, што няма ні грошай, ні карткі.


– Адзначу, што грошы на чужой картцы былі пазычаны ў банку. Як патлумачыў суду пацярпелы, напярэдадні ён узяў крэдыт у 950 рублёў на рамонт дома. Аформілі картку. Разлічваўся ёй у магазіне, здымаў грошы, – заўважае Кацярына Несцярэнка. – На той момант, калі картка зноў аказалася ў яго руках, на рахунку засталося 60 рублёў.


Пра Ларысіну паездку ў горад сяльчаніну паведаміла суседка. Пазней тое самае расказала дачка. Мужчына звярнуўся ў міліцыю.
Картку на наступны дзень прынёс аднавясковец. Знайшоў яе ў сваім двары.


– Віну Ларыса прызнала цалкам, – гаворыць памочнік пракурора. – Не на яе карысць быў той факт, што злачынства ўчынена ў стане алкагольнага ап’янення. Між тым судова-псіхіятрычная экспертыза засведчыла, што жанчына ўсведамляла наступствы сваіх учынкаў. Суд прызнаў Ларысу вінаватай і прызначыў штраф у 45 базавых велічынь, што складае 1 215 рублёў. Таксама яна абавязана вярнуць доўг пацярпеламу.

Фота для ілюстрацыі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.