В Миорский РОВД поступило 40 сообщений и заявлений

 З 8 да 13 лістапада ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 40 паведамленняў і заяў пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджана пяць крымінальных спраў. Складзена 212 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

За дастаўку — 1000 рублёў
Крымінальная справа па артыкуле 212 "Крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі" ўзбуджана 8 лістапада ў адносінах да раней судзімага міярчаніна. 42-гадовы жыхар райцэнтра заявіў у міліцыю, што з яго банкаўскай карткі прапала 1000 рублёў. Напярэдадні пацярпелы сам даў картку і назваў пін-код свайму знаёмаму, каб ён у магазіне купіў выпіць і закусіць. На зваротным шляху той зайшоў у банкамат і зняў з чужой карткі немалую суму.


Здабытак з будоўлі
Жыхар Міёрскага сельсавета паведаміў на 102 пра кра-дзеж, учынены на будоўлі яго дома. У ноч на 10 лістапада з вакна сарвалі палімерную плёнку, забраліся ўнутр і укралі маёмасць. Бензапілу, шурупавёрт, музычную калонку, МР-3 плэер з картай памяці, зараднае для мабільніка. Прычынены ўрон ацанілі ў 250 рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Асоба зламысніка ўстанаўліваецца.


Уваход — разбітае акно
11 лістапада ў міліцыю патэлефанавала пенсіянерка з Язненскага сельсавета. У дом яе суседкі пранік злодзей і ўчыніў крадзеж. Разбіў акно, забраў радыёпрыёмнік, дзве карціны, пачку пральнага парашку. Устаноўлена, што злачынства ўчыніў мясцовы, раней судзімы, жыхар. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле 205 "Крадзеж".


Каштоўная бензапіла
Крымінальная справа па факце крадзяжу ўзбуджана 13 лістапада. З заявай у міліцыю звярнуўся міярчанін. З веранды яго дома ўкралі бензапілу коштам у 1000 рублёў. Устаноўлена, што крадзеж учынены шляхам свабоднага доступу. Высвятляецца асоба зламысніка.


З кулакамі на сужыцельніцу
Па артыкуле 154 "Катаванне" адкажа перад судом 47-гадовы, раней судзімы, жыхар Узмёнскага сельсавета. На працягу двух год ён сістэматычна біў сваю сужыцельніцу, прычыняў ёй цялесныя пашкоджанні. Крымінальная справа ўзбуджана 13 лістапада.


Хуліганства і непавінавачванне
У Завуццеўскім сельсавеце на вуліцы затрымалі п'янага мясцовага жыхара, які нецэнзурна лаяўся. Міліцыянеры прапанавалі парушальніку прайсці ў службовы аўтамабіль, каб скласці пратакол за дробнае хуліганства. Той адмаўляўся і такім чынам "зарабіў" пратакол за непавінавачванне службовай асобе пры выкананні абавязкаў. Абодва матэрыялы разгледзіць суд.


Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік штаба
раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік раённага
аддзела Следчага камітэта.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.