У перыяд з 24 да 31 студзеня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 49 паведамленняў і заяў пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджана сем крымінальных спраў, з якіх шэсць раскрыта. Складзена 226 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Грошы з кішэні
24 студзеня ў міліцыю з паведамленнем пра крадзеж грошай звярнулася пенсіянерка. Пацярпелая знаходзілася ў Дзісне ў бальніцы сястрынскага догляду. З кішэні яе халата знікла 118 рублёў. Разам з грашовымі купюрамі былі два касавыя чэкі. Іх пасля знайшлі ў жаночай прыбіральні. Узбуджана крымінальная справа, асоба зламысніка ўстанаўліваецца.
Прыбытак з чужой карткі
Жыхарка райцэнтра паведаміла на 102, што з яе банкаўскай карткі невядомая асоба зняла 200 рублёў. Картку з указаным пін-кодам згубіла напярэдадні. Як аказалася, прапажу выпадкова знайшла пенсіянерка і, не марудзячы, адправілася да банкамата. 31 студзеня ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 212 КК "Крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі".
Яўка з павіннай
Выяўлены зламыснікі, якія ўчынялі крадзяжы з аўтаразборкі індывідуальнага прадпрымальніка ў Пад'ельцах. Адзін з іх—21-гадовы жыхар Браслаўскага раёна, другі пражывае ў вёсцы Ідолта. У снежні мінулага года яны неаднаразова наведваліся на аўтаразборку. У пачатку месяца ўкралі лабавое шкло, чым нанеслі ўрон каля 100 рублёў. На такую ж суму ацэнены ўкрадзеныя пазней фары ад "Фольксвагена". У міліцыю злачынцы звярнуліся з павіннай. 31 студзеня ў адносінах да іх узбуджаны адразу дзве крымінальныя справы па артыкуле 205 КК "Крадзеж". Незаконна здабытыя рэчы канфіскаваны.
Сродкі гаспадаркі для сябе
У адносінах да адказнай асобы ААТ "Пад'ельцы" 31 студзеня ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 210 КК "Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі". Устаноўлена, што ў маі 2014 года гэтая службовая асоба ўкрала для асабістых патрэб грашовую суму ў 300 дэнамінаваных рублёў. Згодна з ч.1 арт.210, мінімальнае пакаранне—пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца адпаведнай дзейнасцю, плюс штраф.
***
Усяго ў студзені ўзбуджана 13 крымінальных спраў. З іх восем па лініі крымінальнага вышуку, сем раскрыты. З пяці ўчыненых крадзяжоў раскрыты чатыры.
Дзмітрый ХОМІЧ,
начальнік штаба раённага
аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС,
начальнік раённага
аддзела Следчага камітэта.