В воскресенье в Миорах развернулась весенняя ярмарка

В расширенном формате в воскресенье прошел рынок в Миорах. На площади перед главным входом развернулась весенняя ярмарка. Прошлись и оценили спрос на товары.

 У пашыраным фармаце ў нядзелю прайшоў рынак у Міёрах. На плошчы перад галоўным уваходам разгарнуўся вясенні кірмаш. Прайшліся і ацанілі попыт на тавары.

Традыцыйна многія міярчане перш-наперш скіроўваюцца да прычэпаў з дрывамі. Так было і цяпер. На гадзінніку яшчэ толькі а палове дзясятай, а паліва ўжо разабралі. Прычэп з 4,9 куба цуркамі каштаваў 320 рублёў, колатымі дрывамі – 370.

А вось супрацоўніца лясгаса заўважае, што народ яшчэ не прачнуўся. Пакуль прыглядаецца. У наяўнасці саджанцы туй па 6,5 рубля, мётлы гаспадарчыя па 2,4 і венікі для лазні па 3,6 рубля. А яшчэ духмяны мёд па 17,56 рубля за літр.

 Непадалёку жанчына прадае мёд амаль у паўтара раза дзешавей – 6 рублёў за паўлітра. І не толькі яго. Затое туі на парадак даражэй: ад 15 да 30-ці у залежнасці ад памеру. І мноства саджанцаў шматлетнікаў ад 2 рублёў. Прыцягвае ўвагу падобная на сон-траву расліна. Марознік каштуе 10-20 рублёў. Раскошная гартэнзія – 20-30. З эксклюзіўных раслін яшчэ прадстаўлены барбарыс, яго гаспадыня аддае за 25 рублёў.

– Прадаю тое, што вырошчваю сама, – падкрэслівае яшчэ адзін прадавец.

Тры гады таму Жанна Аўсяннікава ўдзельнічала ў дабрачынным абласным праекце ад ТЦСАН. Яго арганізатары прадаставілі пасадачны матэрыял і вучылі жанчын, як зарабляць грошы на арганічным земляробстве. Навуку засвоіла.

 Вядуцца клубніцы і суніцы, разеткі якіх прадаставіла наведвальнікам кірмашу па 2 і 1,5 рубля адпаведна. Карысталіся попытам – прадала па цэлай скрыні. Добра разышліся і кветкі: нарцысы па 1,5 рубля, прымулы і хосты па 3, цыбулінкі гладыёлусаў розных колераў па рублю.

Прывезлі збожжа тры сельгаспрадпрыемствы. ААТ «Любінова» прадаставіла 2 тоны фуражнай пшаніцы. 60 мяхоў азімай прапанаваў філіял «Павяцце» і хутка ўжо палову распрадаў. Падобны асартымент у ААТ «Туркова», прывезлі да таго ж і ячмень па 50 капеек за кілаграм. Яго, дарэчы,  разбіралі больш ахвотна. Меншы попыт быў на бульбу, якую прапаноўвалі па 50 капеек за буйную і па 25 за дробную.

Сапраўдны ажыятаж на саджанцы пладовых дрэў і кустоў. Іх прадастаўляюць два суб’екты, адзін з якіх мясцовы – «Дэмскі сад». Разыходзяцца яблынькі па 15 рублёў, а яшчэ лепш – персікі па 25. Нягледзячы на высокую цану, ім аддаюць перавагу многія. Цікавяцца, як яны пладаносяць у нашых умовах. Прадавец з задавальненнем кансультуе кожнага і шчыра адказвае: яны крыху меншыя за прывазныя фрукты і з лёгкай кіслінкай на смак. Менш актыўна бяруць грушы – яны па 20 рублёў. Хутчэй за ўсё, пакупнікоў стрымлівае той факт, што чакаць першага ўраджаю давядзецца чатыры – пяць гадоў у параўнанні з двума – трыма ў яблыкаў. Чарэшня па 25, слівы – па 20.

 Шмат хто выбірае парэчкі па 5 рублёў, іх ужо праз гадзіну амаль не заставалася. Не заляжаўся і агрэст па 6 рублёў. Цікавілі садаводаў-аматараў дурніцы, хаця яны даволі капрызныя ў доглядзе.

Ніхто з наведвальнікаў кірмашу не выходзіў адсюль без пакупак. Адны неслі ў руках саджанцы і расаду кветак. Другім паліва і збожжа даставілі дадому. Разам з тым рынак працаваў па звычайным нядзельным графіку, таму акрамя сезонных была магчымасць набыць яшчэ шмат карысных тавараў.

Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий