Задача развіцця пастаўлена перад кіраўнікамі прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый Міёршчыны на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў 12 чэрвеня пры абмеркаванні пытання “Аб выкананні павышаных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Міёрскага раёна за 5 месяцаў 2010 года, зацверджаных рашэннем Міёрскага раённага выканаўчага камітэта ад 27 студзеня 2010 г. №90”. Адзначана, што аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі сёлета за студзень-май павялічыўся на 9,7%, аднак прагнозам прадугледжаны рост у 25%. Камбікормавы завод павялічыў аб’ёмы на 15,7%, магчымасці працаваць яшчэ лепш тут ёсць, аднак неабходна тэрмінова вырашыць пытанні з закупкай шроту, з аплатай гаспадаркамі за атрыманыя канцэнтраты. Задача мясакамбіната—павялічыць выпуск каўбасы і пастаўкі прадукцыі на экспарт.
Больш складаная задача ў хлебазавода, які поўнасцю забяспечвае патрэбы раёна ў хлебабулачных вырабах, попыт на які даволі кансерватыўны. Прадпрыемству неабходна праводзіць рэкламу больш для рэалізацыі сваіх вырабаў на рынках суседніх раёнаў.
За студзень-красавік са стратамі працавалі 4 суб’екты гаспадарання. Райпа мае магчымасці палепшыць фінансавую сітуацыю ў бліжэйшы час, а льнозаводу неабходна рэалізаваць гатовую прадукцыю, больш напружана займацца энергазберажэннем і добраўпарадкаваннем.
На пасяджэнні вызначаны меры па безумоўнаму выкананню прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за чэрвень і ў наступныя месяцы.