Праздник села Фроловщина прошел с песнями и добрыми пожеланиями сельчанам
gazeta 5-08-2021, 15:21 1 248 Вясковае жыццё / Культура / Год народного единства
Утульным, як само месцейка, і спагадлівым, як яго жыхары, атрымалася свята вёскі Фралоўшчына, што ў Новапагосцкім сельсавеце. Нядзельным днём 25 ліпеня тут гучалі песні пад баян і добрыя пажаданні сяльчанам.
Ёсць сваё зачараванне ў свяце маленькай вёскі, дзе жылыя дамы пералічыш на пальцах, а мясцовых жыхароў крыху больш за дзясятак. Глядзельная зала – пад шатамі высокай разгалістай бярозы, сцэна – на дыване зялёнай травы, кветкі для артыстаў – адразу з клумбы і ад душы. Песні пад баян, добразычлівыя ўсмешкі гледачоў, прыемныя павевы летняга ветрыку, кудахтанне курэй, што прагульваюцца побач на падворку. Усё гэта так проста, утульна, хораша.
Свята для жыхароў Фралоўшчыны падрыхтавала загадчык Волкаўшчынскай бібліятэкі-клуба Таццяна Казлоўская. Запрасіла артыстаў Чапукоўскага сельскага Дома культуры Міраславу Цыцыну, Алену Гедравец, Алу Байчук, Наталлю Рудзь. У перапынках паміж музычнымі нумарамі расказвала пра ўчарашні і сённяшні дзень ціхай вёскі.
У свой час славілася Фралоўшчына глінай. Польскія эксперты прызналі яе прыдатнай для вытворчасці цэглы. Мясцовы завод быў простым, але прадукцыю выпускалі якасную. Аснову калектыву складалі Якаў, Андрэй, Сямён, Лук’ян і Іван Цімафеевы. Пасля моцнага пажару ў Новым Пагосце майстрам паступіў вялікі заказ ад тамашніх яўрэяў. Дарэчы, будынак сельвыканкама ўзведзены з цэглы, вырабленай у Фралоўшчыне. Будаўніцтвам займалася сям’я Марозавых, што пераехала ў вёску з падмаскоўя. Умелых работнікаў запрашалі ўзводзіць дамы ў Латвію.
Родны край абаранялі і на славу працавалі
80 гадоў таму ў ціхае размеранае жыццё Фралоўшчыны, як і ва ўсе куточкі краіны, уварвалася вайна. Здабываць перамогу адправіліся Пётр Цімафееў, Вікенцій Гардукевіч, Савелій Басакоў, Лаўрэнцій Цімафееў, Савелій Пудаў. Назаўсёды засталіся на палях баёў Браніслаў Вярцінскі і Мікіта Паўлаў.
Мірныя дні вясковых жыхароў праходзілі ў працы і клопатах пра дабрабыт. У пажарнай службе быў заняты Пётр Цімафееў, шмат гадоў адпрацавалі трактарыстамі Селіверст Цімафееў і Станіслаў Гардукевіч, будаўніцтвам займаўся Альфрэд Вярцінскі, пасвіў жывёлу Савелій Пудаў.
Паспявалі спраўляцца дома і з клопатамі на калгасных фермах і палетках жанчыны – Ядвіга Вярцінская, Паўліна Цімафеева, Ядвіга Гардукевіч, Ксенія Цімафеева, Таісія Паўлава, Еўлампія Пудава, Матрона Цімафеева, Ганна Басакова, Агаф’я Цімафеева, Мар’я Цімафеева. Ферма ў суседніх Дзянісах, дзе даілі кароў працаўніцы з Фралоўшчыны, шмат гадоў была найлепшай у колішнім калгасе «Рассвет».
Большасці з гэтых людзей ужо няма сярод нас, але кожны з іх пакінуў памяць пра сябе ў гісторыі роднага мястэчка.
Разам па дварах пагулялі
Цяпер у Фралоўшчыне сем двароў і 16 жыхароў. У кожны дом падчас завочнай экскурсіі завяла вядучая Таццяна Казлоўская. Пачалася прагулка з двара самай старэйшай жыхаркі месцейка Агаф’і Андрэеўны Цімафеевай.
– Я тут нарадзілася, вырасла і замуж выйшла. Усіх жыхароў памятаю, – расказвае яна. – Скончыўшы сем класаў, мы з сяброўкай думалі паехаць у горад вучыцца. Для гэтага трэба было даведку ў старшыні калгаса ўзяць. Аднак яе нам не далі, таму засталіся ў вёсцы. Працавала паляводам, 17 гадоў паштальёнам была, пасля малако ў насельніцтва збірала, на ферме вартавала. Цяпер адна жыву, мужа ўжо няма. Траіх дзяцей вырасцілі. У мяне пяць унукаў і шэсць праўнукаў. Дарэчы, пра мяне ў газеце некалі пісалі. Шмат сваіх рэчаў у раённы музей перадала.
Поўны тэкст вы можаце знайсці ў нумары №62 "Міёрскіх навін" на сайце https://belkiosk.by.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.


