Артисты Чепуковского СДК устроили праздник бывшего села Любиново

 Вёска Любінова даўно стала часткай аграгарадка Чапукі. Дзе калісьці быў асобны населены пункт, цяпер вуліцы Любіноўская, Сонечная і Маладзёжная. Аднак засталася традыцыя праводзіць свята былой вёскі. Артысты Чапукоўскага СДК ладзілі яго ў трэці раз.

 

На свята былой вёскі Любінова збіраюцца раз у дзесяціго- ддзе. Першая сустрэча адбылася ў 2000 годзе, другая ў 2010-м. Сёлета сяльчан зноў чакалі настальгічныя ўспаміны, добрыя песні і прыемныя падарункі. Сабраліся ў гасцінным двары Алены Чарняўскай. Гледачы занялі месцы ў імправізаванай зале. Сцэнай для артыстаў стаў мяккі дыван зялёнай травы.

 
Свята вёскі – нагода расказаць пра яе жыхароў, падкрэсліць іх працавітасць і таленты, павіншаваць з радаснымі падзеямі і адметнымі датамі ў жыцці. Шмат увагі надалі юбілярам. У былым Любінове іх сёлета багата. Успомнілі пра 85-годдзе Зоі Ільінішны Сушко, пра брыльянтавае вяселле Генадзя Фёдаравіча і Алы Віктараўны Драбаў. Цяпер усе яны пражываюць у дзяцей у Браславе і Міёрах, але аднавяскоўцы пра іх памятаюць.

 
65 гадоў споўнілася Леанідзе Пятроўне Драба. Яна маці чацвярых дзяцей. Шмат гадоў працавала даяркай. 60-годдзе сустрэла медработнік Тамара Іосіфаўна Язёнак. Механізатарам Генадзю Ананічу і Аляксандру Пяткевічу па 55, працягваюць працаваць у гаспадарцы. 50-гадовы юбілей адзначыла Наталля Тумарава, чый працоўны шлях ішоў праз сельскую гаспадарку, сферу медыцыны, а нядаўна прывёў у мясцовую бібліятэку. 45-годдзе адсвяткаваў прадпрымальнік Віталь Агурэцкі, які восем гадоў таму пасяліўся з сям’ёй у бацькоўскім доме па вуліцы Любіноўскай. Самы малады юбіляр – 15-гадовы Улад Ракшня. Для яго падрыхтавалі спецыяльны дыплом «Юнацтва росквіт».

 
Прыгадалі жыхароў вёскі, якіх няма сярод нас. Хвілінай маўчання ўшанавалі іх памяць. Дзесяць гадоў таму ў Любінове было 43 дамы, пражывала 120 чалавек. У тым ліку 24 дзіця. Цяпер на трох вуліцах 36 жылых дамоў, 81 жыхар, з якіх 15 дзяцей. Самая маленькая жыхарка – Рэната Цішко з вуліцы Сонечнай. Дыпломы ў намінацыі «Надзея вёскі» чакалі юных сяльчан Арцёма Пяткевіча і Мілану Язёнак.
Добрыя словы гучалі ў адрас дружных шчаслівых сем’яў. У іх ліку Мікалай і Лідзія Драбы, Мікалай і Вольга Гарасцюкі, Сцяпан і Алена Сарокіны. Дыпломамі «Дзеці – кветкі жыцця» адзначылі шматдзетных маці Юлію Протас і Юлію Сцепулёнак. Узнагародзілі гаспадароў, на чыіх дварах чысціня, парадак і прыгажосць. Вабяць позірк сядзібы Паўла і Вольгі Пяткевічаў, Мікалая і Валянціны Капусціных, Наталлі Васільевай, Сяргея і Алены Арлоў, Леаніда і Наталлі Тумаравых і многіх іншых дбайных гаспадароў.

 
Усім жыхарам вуліц Сонечнай, Маладзёжнай і Любіноўскай артысты дарылі творчыя нумары. Спявалі, танцавалі, уздымалі настрой. Самым эфектным стала выступленне юных мадэляў з авангарднай калекцыяй «Баль кветак». На памяць пра свята разам з пазітыўнымі ўражаннямі застануцца ў вяскоўцаў сувеніры, якія выйгралі ў бяспройгрышнай латарэі. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота прадаставіў Чапукоўскі СДК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.