Диалоговая площадка Что сами создаем, то и имеем

 

 Працягваецца абмеркаванне праекта новай Канстытуцыі Беларусі. Пра карэктывы ў асноўны закон дзяржавы калектыву міёрскага ўчастка паштовай сувязі нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый ДРАБА.

 

Прыняцце змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю – важная грамадска-палітычная падзея, падкрэсліў Валерый Анатольевіч. Значнымі для развіцця краіны лічыць рэферэндумы 1994-га года, калі была прынята Канстытуцыя, у адпаведнасці з якой Беларусь з парламенцкай стала прэзідэнцкай рэспублікай, і 1996-га, калі прынятыя ў асноўны закон карэктывы істотна пашырылі паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы.

Неабходнасць чарговых змяненняў выклікана часам. Дарэчы, канстытуцыйныя рэформы – з’ява сусветнага маштабу. З пачатку ХХІ стагоддзя 90 краін прынялі змяненні і дапаўненні ў асноўныя законы, 57 прынялі новыя Канстытуцыі.

Першае, на чым акцэнтаваў увагу выступоўца, – пераразмеркаванне ўлады ў дзяржаве. Усебеларускі народны сход набывае статус найвышэйшага прадстаўнічага органа народнай улады, які вызначае стратэгічныя накірункі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непарушнасць канстытуцыйнага строю, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. За ім замацоўваюцца паўнамоцтвы зацвярджаць праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, прапаноўваць змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, разглядаць пытанні наконт легітымнасці выбараў. Усебеларускі народны сход мае права зняць з пасады Прэзідэнта ў выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння ім Канстытуцыі ці ўчынення дзяржаўнай здрады. Па меркаванні Валерыя Драба, гэта свайго роду страхоўка ад пагрозы дабрабыту краіны.

Важным момантам лічыць Валерый Анатольевіч дапаўненне ў артыкул 15 пра захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наша краіна адна з тых, што найбольш пацярпелі ў ваеннае ліхалецце. Загінуў кожны чацвёрты, а па некаторых дадзеных – кожны трэці. Няма такой сям’і, якую б не закранула вайна. Пра гэта абавязаны ведаць і памятаць наступныя пакаленні.

Адзначылі дапаўненне ў артыкул 32, дзе шлюб вызначаны як саюз жанчыны і мужчыны. Наўрад ці наконт гэтага ўзнікнуць спрэчкі. Талерантныя погляды на аднаполыя сем’і ў іншых краінах свету не знаходзяць падтрымкі ў Беларусі.

Як заўважыў Валерый Драба, у новай Канстытуцыі, замацоўваюцца асноўныя прынцыпы сацыяльнай дзяржавы, якой яна з’яўляецца цяпер.

– Дабрабыт ствараецца працай і кожны робіць свой унёсак у развіццё грамадства, – адзначыў выступоўца. – Мы самі зарабляем сабе на жыццё і ні ў кога нічога не просім. Што сваёй працай створым, тое будзем мець.

Да блізкага рэферэндуму намеснік старшыні райвыканкама заклікаў аднесціся адказна. Гэта чарговы крок у будучыню краіны, якая залежыць ад кожнага.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.