Праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абмеркавалі падчас адкрытага дыялогу ў ААТ «Міёрскі райаграсэрвіс». Адзін з яго аспектаў – стварэнне ўмоў для ўдзелу моладзі ў развіцці дзяржавы. На яе ўскладаюцца вялікія спадзяванні: праца на дабрабыт нашай краіны, умацаванне яе пазіцыі, кіраванне ёй.
З асноўнымі палажэннямі Канстытуцыі працоўны калектыў азнаёміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Тронькін. Акцэнтаваў увагу на тым, што работа над змяненнямі і дапаўненнямі вялася з 2016 года. Гэта ўжо трэці праект, грунтоўны і ўзважаны. У Канстытуцыйную камісію ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх слаёў насельніцтва і розных прафесій. Мэта, якую перад сабой ставілі, – захаваць і памножыць дасягненні і традыцыі нашай суверэннай дзяржавы.
У асноўным законе краіны памяняліся многія артыкулы, з’явілася аддзінаццаць новых. І яшчэ адна глава, прысвечаная Усебеларускаму народнаму сходу. Першы прайшоў у 2006 годзе і меў кансультацыйны характар. Цяпер плануецца надзяліць сход заканадаўчымі паўнамоцтвамі: зацвярджаць асноўныя стратэгічныя праграмныя дакументы развіцця краіны, змяненні і дапаўненні Канстытуцыі; ініцыяваць правядзенне рэферэндума; вырашаць пытанне аб легітымнасці выбараў; прымаць рашэнне аб змяшчэнні Прэзідэнта з пасады; аб камандзіраванні сіл ваеннага прызначэння ў іншыя рэспублікі; фарміраваць канстытуцыйныя і вярхоўныя суды, цэнтрвыбаркам; уводзіць на тэрыторыі рэспублікі надзвычайнае ваеннае становішча. Мера невыпадковая: новы статус Усебеларускага народнага сходу – своеасаблівая ахова ад неабдуманых дзеянняў новага Прэзідэнта.
Расказаў Аляксандр Тронькін пра абавязак захавання гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выключэнне ваеннай агрэсіі з нашага боку ў адносінах да іншых дзяржаў.
Знойдуць адлюстраванне ў асноўным законе краіны сацыяльныя гарантыі. Разам з неабходнасцю захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Замацоўваюцца сучасныя прынцыпы сацыяльнай дзяржавы, дзе даброты ствараюцца праз працу і кожны ўносіць пасільны ўклад у развіццё краіны. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі усталёўваюцца роўныя з іншымі людзьмі правы.
Дзяржава дадаткова бярэ на сябе абавязацельствы па стварэнні ўмоў для аховы персанальных дадзеных і забеспячэнні бяспекі асобы пры іх выкарыстанні.
Адчуваецца неабходнасць і гатоўнасць дзяржавы і грамадства быць партнёрамі: сям’я і школа павінны разам выхоўваць грамадзяніна-патрыёта, удзячнага сваім бацькам, настаўнікам, малой радзіме. Ды і ўвогуле акцэнт на работу з моладдзю, каб была здаровай фізічна і маральна, прыносіла карысць дзяржаве.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама акрэсліў асаблівасці выбарчай сістэмы, патрабаванні да кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, крытэрыі дзеяння парламента.
Унесці прапановы па змяненнях у Канстытуцыю можа кожны. Гэты дакумент стане асновай далейшага развіцця краіны. Настаў час праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Алена ВАРОНІНА
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА