Диалоговая площадка РЕФЕРЕНДУМ - в феврале
gazeta 10-01-2022, 13:01 216 Насустрач рэферэндуму
Важную грамадска-палітычную падзею, якая ў многім вызначыць далейшае развіццё краіны і будучыню яе грамадзян, абмяркоўваюць палітыкі, грамадскасць, працоўныя калектывы. Удзел у рэферэндуме па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю – грамадзянскі абавязак кожнага беларуса. Якія змяненні ў Асноўны Закон даўно наспелі, а што застанецца непахісным? Чаму папраўкі важныя і неабходныя? Сваім меркаваннем з калектывам Міёрскага раёна газазабеспячэння падзялілася старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава.
Марыя Мікалаеўна нагадала, што наша дзяржава моцная, сацыяльна арыентаваная, грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Усе мы, яе грамадзяне, маем магчымасць вучыцца, працаваць, ствараць сем’і, будаваць жыллё, вырашаць іншыя пытанні, і гэта ўспрымаецца як нешта звыклае, надзённае. Калі хто ў гэтай кругаверці ўзгадвае пра Асноўны Закон. Яно і зразумела: нашы правы і свабоды выконваюцца, пра што нам яшчэ хвалявацца. Канстытуцыя, якая дзейнічае 25 гадоў, усіх задавальняе. Здавалася б, навошта перабудоўваць тое, што дастойна служыць людзям. Аднак свет мяняецца на вачах, і далёка не ў лепшы бок. Каб не растварыцца ў ім, не страціць самабытнасць, патрабуецца замацаваць у Асноўным Законе тыя палажэнні, якія падкрэсліваюць годнасць, менталітэт і дух беларусаў.
Праект прапануемых змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прасякнуты клопатам пра дабрабыт беларускага народа, далейшы росквіт і ўмацаванне нашай краіны. Так, у прэамбуле выкладзены прынцыповыя палажэнні, якія вызначаюць неад’емнае права народа Беларусі на самавызначэнне, захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, шматвекавой гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурных і духоўных традыцый, народаўладдзя і незалежнасці. У цэнтры ўвагі – дабрабыт грамадзян, зацвярджэнне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства. Вельмі важна, што Беларусь застаецца міралюбівай і, згодна абноўленай Канстытуцыі, выключаецца магчымасць ваеннай агрэсіі з тэрыторыі нашай краіны ў адносінах іншых дзяржаў.
Краіна захавае сацыяльна арыентаваны накірунак эканомікі. Прадоўжыцца клопат пра інвалідаў, ветэранаў, моладзь. Замацоўваюцца гарантыі дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі, для асоб з інваліднасцю прадугледжаны роўныя магчымасці ўдзелу ва ўсіх сферах жыцця. У новай рэдакцыі Канстытуцыі застаецца важным значэнне інстытута сям’і. На Захадзе плодзяцца аднаполыя шлюбы, знікаюць з ужытку словы «тата» і «мама», множацца і іншыя непрыстойнасці. Мы не можам дапусціць падобнага ў сябе. Будаўніцтва моцнай дзяржавы прадоўжым з апорай на традыцыйныя каштоўнасці.
Артыкул аб сацыяльных гарантыях у сферы аховы здароўя дапоўнены адным невялікім, але важным выразам: кожны грамадзянін абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя.
Жывы водгук у сэрцах людзей выклікалі змяненні, што маюць дачыненне да патрыятызму і ўзнаўлення гістарычнай справядлівасці ў адносінах да гераічнага мінулага нашага народа. Балюча ўсведамляць, што вымушаны канстытуцыйна замацоўваць яшчэ ўчора неаспрэчныя рэчы. На жаль, падзеі апошніх гадоў выразна даказалі такую неабходнасць. Лжэгісторыкі і проста папулісты гатовы сказіць усё святое. А маладое пакаленне, да глыбокага шкадавання, давярае гучным сенсацыйным заяўленням. Таму такі важны артыкул, дзе сказана, што праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці – абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Кожны павінен берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці. А дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ведаючы праўду, падрастаючае пакаленне будзе цаніць і цяперашні мір на зямлі. У Год гістарычнай памяці трэба заняцца яго выхаваннем ушчыльную, пачынаючы з самага ранняга ўзросту. Яшчэ дзяцей трэба прывучаць да грамадска-карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў краіны, да нацыянальных традыцый, што прапісана ў Канстытуцыі.
У новай Канстытуцыі замацаваны статус Усебеларускага народнага сходу як найвышэйшага органа народаўладдзя, устанаўліваецца парадак яго фарміравання і канкрэтныя ўладныя паўнамоцтвы. Узмацненне пазіцыі Урада і Парламента пры захаванні прэзідэнцкай рэспублікі больш выразна вызначыць зону адказнасці кожнага органа ўлады.
Навацыі Канстытуцыі не могуць не закрануць дзейнасць выбарчай сістэмы, мясцовага кіравання і самакіравання. Павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў Парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў да пяці гадоў, а таксама ўстанаўленне адзінага дня галасавання, па меркаванні Марыі Мікалаеўны, цалкам апраўдана. Як з пункту погляду рэалізацыі дзяржаўных праграм, так і чыста тэхнічна, з рацыянальных меркаванняў. Такі падыход дазволіць дабіцца эканоміі фінансавых сродкаў і чалавечых рэсурсаў. Уведзена забарона на фінансаванне падрыхтоўкі і правядзення выбараў замежнымі дзяржавамі і грамадзянамі, што забяспечыць захаванне суверэнітэту і самастойнага шляху развіцця Рэспублікі Беларусь.
Краіна застанецца прэзідэнцкай рэспублікай. Плануецца абмежаваць паўнамоцтвы двума тэрмінамі. Акрамя таго, больш жорсткімі стануць патрабаванні да кандыдатаў у прэзідэнты. Ім можа стаць толькі ўраджэнец Беларусі, які дасягнуў 40-гадовага ўзросту і пражыў на тэрыторыі краіны не менш за 20 гадоў.
Канстытуцыйны суд стане апошняй надзеяй, той інстанцыяй, куды могуць звяртацца грамадзяне, калі вычарпаны ўсе іншыя меры судовай абароны. Да гэтага па яго дапамогу маглі звяртацца толькі Прэзідэнт, абедзве палаты парламента, урад і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Дадзеная рэформа ліквідуе адрознасць у правах.
У поўнай меры адказвае рэаліям часу і тэма абароны персанальных дадзеных грамадзян. Гэты абавязак ускладаецца на дзяржаву. Адзначаны новы пункт у артыкуле 46 Канстытуцыі, дзе разам з тым, што Беларусь ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, пазначана, што і развівае атамную энергетыку ў мірных мэтах, забяспечвае бяспеку пры вытворчасці і выкарыстанні атамнай энергетыкі.
Вялікае значэнне мае артыкул аб укладзе ў агульную справу, для чаго створаны ўсе ўмовы. Міёрскі раён газазабеспячэння дасягае ў тым вялікага поспеху. Калектыў пераважна малады, згуртаваны, забяспечвае якасныя і высокія вытворчыя паказчыкі і не спыняецца на дасягнутым. На тэрыторыі прадпрыемства пануе ідэальны парадак. З вышэйшым густам аформлена яно да навагодніх святаў. Гэтаму калектыву, як і шматлікім іншым, неабыякава, у якой дзяржаве мы жывём, таму ўнёсак важкі і значны.
У Беларусі найбольш важныя пытанні вырашаліся шляхам усеагульнага галасавання. І на гэты раз унясенне змяненнеў у Асноўны Закон выносіцца на рэферэндум. Будучыня краіны – за народам, а дакладней, за кожным з нас, – гэта аксіёма, адзначыла старшыня райсавета.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



