На працу аднолькавым маршрутам спяшаецца сямейная пара міярчан Валерыя і Кацярыны ЛАПКОЎСКІХ

 Як агульнае прафесійнае свята сёлета ўпершыню адзначыць Дзень металурга сямейная пара міярчан Валерыя і Кацярыны ЛАПКОЎСКІХ. Яшчэ нядаўна спяшаліся на працу рознымі маршрутамі, цяпер уласны аўтамабіль штораніцы трымае курс на металапракатны завод.

Абодвум падабаецца іх справа і прыемная атмасфера на прадпрыемстве. За мікраклімат у фізічным сэнсе якраз адказвае Валерый – старшы майстар па рамонце ацяплення, вентыляцыі і кандыцыянавання. Разам з сямю слесарамі сочыць за тым, каб у адміністрацыйных будынках, цэху і ва ўсіх іншых памяшканнях было цёпла ў зімовыя маразы і панавала прыемная прахалода ў летнюю спякоту.

– Як праходзіць рабочы дзень? – цікаўлюся ў старшага майстра.

– Крута! – з усмешкай заўважае ў адказ. – Раніцай прымаю змену ў слесараў, якія дзяжурылі ўначы. Затым пяціхвілінка і абход аб’ектаў. Згодна з графікам, абслугоўваем і рамантуем абсталяванне, пастаянна сочым за яго спраўнасцю. Займаюся арганізацыяй рабочага працэсу, вяду дакументацыю, складаю заяўкі. Нават не заўважаеш бег часу. Асабліва насычанымі выдаліся спякотныя чэрвеньскія дні, калі пільнай увагі патрабавалі кандыцыянеры.

На прадпрыемстве Валерый з 2019 года. Перайшоў з раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, дзе працаваў памочнікам урача-гігіеніста. На завод фельчар-гігіеніст па дыпломе ўладкаваўся апаратчыкам сцёкавых вод на ўчастак водападрыхтоўкі. Новай прафесіі вучылі на вытворчасці, прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі ў БНТУ. Пасля прызначылі майстрам па рамонце энергетычнага абсталявання, затым знаёміўся з абавязкамі, якімі займаецца цяпер.

Адразу па месцы працы праходзіла навучанне Кацярына. Новая старонка ў яе працоўнай біяграфіі адгарнулася сёлета ў лютым. За плячыма вопыт работы аператарам у аддзяленні паштовай сувязі, інспектарам па кадрах у цэнтральнай раённай бальніцы. Змяніць сферу дзейнасці вырашыла па прапанове мужа. Разам працаваць на адным прадпрыемстве зручна і практычна.

– Уладкавалася кладаўшчыком на склад масел, хімрэагентаў і балонаў пад ціскам. Прымаем фуры з грузам, сочым за разгрузкай, складуем атрыманыя матэрыялы і па неабходнасці выдаём. Усё фіксуецца ў адпаведных дакументах, – акрэслівае свае абавязкі. – Першым часам складана было запомніць назвы, месцы размяшчэння прадукцыі. Цяпер добра ведаю, дзе што ляжыць. Увайсці ў курс справы дапамаглі калегі. Прынялі мяне цёпла і добразычліва.

Дома чакаюць тату і маму дачушкі Дзіяна і Анжаліка. Старэйшая перайшла ў шосты клас, малодшая яшчэ наведвае дзіцячы сад і ўжо плануе ў будучым працаваць разам з бацькамі на заводзе. Пакуль бываць на прадпрыемстве ім не даводзілася. Між тым тут перыядычна праводзяць цікавыя забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей супрацоўнікаў.

З бацькамі дзяўчаткі падарожнічаюць па адметнасцях роднага і суседніх раёнаў. Вандроўкі ладзяць па выхадных. Буднія вечары Валерый і Кацярына праводзяць у гаспадарчых справах. У сваім доме і на падворку іх заўжды хапае. Гэта і клопаты, і хобі адначасова. А раніцай – разам на працу. З добрым настроем на насычаны і эфектыўны рабочы дзень. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.