Авторизация
 

«Жанчына года Міёршчыны» Ганна ШЧАСНАЯ: гісторыя сямейнагя шчасця

 Калісьці Ганна ШЧАСНАЯ нават не ведала, што ёсць у Беларусі горад Міёры. 15 гадоў таму ўраджэнку Брэсцкай вобласці сюды прывяло каханне. Цяпер адчувае сябе тут сваёй. Цэняць старанную работніцу на ААТ «Міёрскі мясакамбінат», паважаюць знаёмыя і сябры, любіць сям’я.

 

З Целяханаў у Міёры

– Вырасла я ў гарадскім пасёлку Целяханы. Тым самым, дзе лыжы вырабляюць. На гэтым прадпрыемстве мая мама працавала, – расказвае субяседніца.
Сама Ганна вырашыла займацца іншай справай і пасля школы скіравалася ў сталічнае вучылішча № 38, дзе рыхтавалі спецыялістаў перапрацоўчай прамысловасці. Там пазнаёмілася з Русланам. Хлопец з Міёршчыны вучыўся на курс маладзей. Атрымаўшы дыплом, малады аператар каўбаснай вытворчасці па размеркаванні паехала на мясакамбінат у Брэст. Затым вярнулася ў сталіцу і працягвала працаваць па спецыяльнасці на прыватных прадпрыемствах.

 
Чакала з арміі каханага. Руслан вярнуўся ў 2006 годзе і забраў нявесту да сябе. Спачатку жылі з бацькамі ў Чэрасах, затым здымалі жыллё ў райцэнтры. Пасля пабудавалі сваю кватэру, дзе разам стваралі ўтульнасць і камфорт.

 
– Змяніць месца жыхарства на той час для мяне праблемай не было. Паспела і ў Брэсце пабыць, і ў Мінск вярнуцца, – гаворыць Ганна. – Вось цяпер наўрад ці ўжо куды паехала б. Падабаецца жыць у Міёрах. Ёсць уласнае жыллё, дзеці падрастаюць, на рабоце справы ідуць.

 

Нож – галоўны інструмент

Рабочы дзень жылоўшчыка мяса і субпрадуктаў праходзіць на нагах і з нажом у руках.
– Гэта галоўны інструмент, – усміхаецца субяседніца. – Мая задача – разразаць на кавалкі абваленае мяса, дзяліць па сартах, выдаляць храсткі, жылкі, плеўкі. Здаецца, усё проста. На самой справе гэта даволі цяжкая фізічная праца, дзе патрэбны пільныя вочы і ўмелыя рукі. Ніякага творчага складніка ў ёй няма, між тым мне падабаецца мая работа.

 
На міёрскі мясакамбінат Ганна ўладкавалася, як толькі прыехала ў наш край. Спачатку была фармоўшчыкам каўбасных вырабаў, затым фронт мясных работ змяніўся. Да нядаўняга часу працавалі на прадпрыемстве разам з мужам. Цяпер Руслан заняты на металапракатным заводзе. Адказную і ўмелую работніцу цэняць у калектыве. Не раз адзначалі яе старанні ўзнагародамі. Сёлета Ганна Шчасная атрымала званне «Жанчына года Міёршчыны» ў намінацыі «Жанчына ў сістэме прамысловага комплексу і будаўніцтва».

 

Сямейная традыцыя – усё рабіць разам

– Тое, што мяне выбралі жанчынай года, стала прыемнай нечаканасцю, – прызнаецца Ганна. – Запомнілася ўрачыстая цырымонія. Мяне падтрымлівала сям’я – муж і дзеці.
Ёсць у сям’і Шчасных адна добрая завядзёнка: спраўляцца з усімі клопатамі і адпачываць разам. Па словах маладой гаспадыні, спецыяльна гэтае правіла не ўводзілі, само сабой так склалася.

 
Удваіх Руслан і Ганна садзяць дрэвы ў садзе, працуюць на агародзе і кансервуюць на зіму ўраджай, гатуюць рыбныя кансервы, сочаць за парадкам у кватэры і так далей. Дапамагаюць дзеці. Шасцікласніца Арыяна даглядае хатніх гадаванцаў: хамяка, папугайчыка і кошку. На яе смела можна пакінуць чатырохгадовага браціка Дзіму. Малы таксама не любіць лайдачыць.

 
– Я буду падлогу мыць! – цвёрда заяўляе бацькам, адставіўшы ў бок свой цацачны аўтапарк.
Сямейнае жыццё на Міёршчыне Руслан і Ганна пачыналі, так бы мовіць, з нуля. Цяжкасцей не баяліся, падтрымлівалі адно аднаго, сваімі стараннем і працавітасцю забяспечылі ўласны дабрабыт.

 

 Адпачынак за карыснай справай

У сям’і Шчасных не любяць траціць час дарэмна. На выхадныя едуць у Чэрасы. Свежае паветра і праца на зямлі сілкуюць энергіяй. Дзецям падабаецца гуляць на прасторным бабуліным двары. Наведваюць сваякоў у Чурылаве, дзе чакаюць цёплы прыём, гарачая лазня і азёрная прахалода. У родных Целяханах Ганна бывае раз на год. Дарога туды доўгая – 500 кіламетраў і шэсць гадзін у аўтамабілі.

 
У кругазвароце штодзённых клопатаў умеюць знайсці час для любімых заняткаў. Руслан любіць парыбачыць ці штосьці памайстраваць. Нядаўна зладзіў капцільню. Ганне падабаецца вязаць і спяваць. Два хобі не сумяшчае. Песняй разбаўляе бытавыя клопаты і святочныя пасядзелкі. Раней удзельнічала ў самадзейнасці Чэраскага СДК, выступала на канцэртах і аглядах мастацкай творчасці.

 
Яшчэ адзін сямейны інтарэс – газета «Міёрскія навіны». Падпісаліся на выданне, як толькі засяліліся ў сваю кватэру. З таго часу раёнка пастаянна з’яўляецца ў паштовай скрыні.

 
– Шмат рознай інфармацыі, – заўважае чытачка. – Мне асабліва падабаецца чытаць пра людзей, іх лёсы, прафесіі і захапленні.
Гісторыя Ганны Шчаснай – каханай жонкі, любімай маці, клапатлівай гаспадыні, вопытнага спецыяліста, жанчыны з творчымі захапленнямі – цяпер таксама ў летапісе раённай газеты. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з асабістага архіва сям’і ШЧАСНЫХ. 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта