Многодетная семья миорчан Андрея и Катерины Верковичей - тихое счастье в новом доме

 У новую кватэру ў доме № 27 па вуліцы Лермантава ў райцэнтры маладая шматдзетная сям’я міярчан Андрэя і Кацярыны ВЯРКОВІЧАЎ пераехала ранняй вясной. Пражыванне на здымным жыллі для іх ужо мінулы перыяд. Цяпер уладкоўваюць уласнае.

 

Бонус да месца

– У нашым пад’ездзе мы другімі засяліліся. Будавалі кватэру з аддзелкай, таму заставалася толькі мэблю перавезці – і можна жыць, – рассказвае Кацярына. – Раней думалі дом купіць, але пасля змянілі рашэнне.

 
Трохпакаёвую кватэру Андрэй і Кацярына Вярковічы пабудавалі, скарыстаўшыся бонусам ад дзяржавы для шматдзетных сем’яў. Трэба аплаціць пяць працэнтаў ад агульнага кошту жылля. Льготны крэдыт пад адзін працэнт гадавых выплачваецца на працягу дваццаці гадоў.

 
– Штомесячныя выплаты для сямейнага бюджэту пасільныя, – заўважае маладая гаспадыня. – Муж працуе, я пакуль у водпуску па доглядзе дзіцяці, але таксама ёсць падпрацоўкі.

 
У цэлым жыллём навасёлы задаволены. Цёпла, прасторна, усім месца хапае: і дзецям для гульняў, і бацькам для адпачынку. Крыху азмрочваюць радасць праблемы з сантэхнікай, якія павінны выправіць забудоўшчыкі. Гаспадарам самім давядзецца шкліць балкон, паколькі загадзя гэта не прадугледжвалася.
– Клопатаў яшчэ хопіць, – гаворыць Каця. – Будзем спраўляцца.

 
Усё для дзяцей

Маладыя бацькі выхоўваюць траіх дзяцей. Старэйшай Дарыне пяць гадоў, ходзіць у дзіцячы сад. Збіраецца туды трохгадовая Карына. Малодшаму Эдзіку год і восем месяцаў. Яшчэ адзін член сям’і – кошка Мося. Чатыры гады разам з гаспадарамі, а вось для малых сябрам не  стала. Любіць гуляць сама па сабе.

 
Кожны дзень у сям’і праходзіць па звыклым распарадку. Тата Андрэй раніцай ідзе на работу. Раней працаваў у ПМК, цяпер заняты кантралёрам-касірам у магазіне. Дарыне трэба ў садок. А мама Каця з  Карынай і Эдзікам застаюцца дома. У малых гульні ды забавы. Матуля спраўляецца на кухні, сочыць за парадкам у кватэры. У цёплае надвор’е абавязковыя ў распарадку дня прагулкі на вуліцы. На пляцоўцы побач з домам арэлі, горка, карусель. Толькі ў пясочніцы пакуль пяску няма.

 
У кватэры малыя таксама не сумуюць. Дарына любіць гуляць з малодшымі сястрычкай і брацікам у садок. Калі тым надакучыць, прымаецца за мазаіку ці маляванне. Любімы занятак Карыны – глядзець мульцікі. Эдзік у захапленні ад татавых інструментаў, з асалодай перабірае іх у скрыні. Ёсць у дзяцей свае абавязкі. Старэйшай Дарыне ўжо не трэба нагадваць, каб заправіла за сабой ложак і самастойна сабралася ў садок. Карына і Эдзік ведаюць, што пасля гульняў цацкі трэба прыбраць.

 
– Посуд мыць дзяўчаткам пакуль не давяраю. Няхай падрастуць, – усміхаецца маці. – Увогуле стараюся з малых гадоў прывіваць ім адказнасць, самастойнасць. За добрыя паводзіны і дапамогу па доме заахвочваю цацкамі і салодкімі ласункамі. Гэта добрая матывацыя.

 
Як і ўсе бацькі, Андрэй і Кацярына мараць пра шчаслівую будучыню для сваіх дзяцей. У першую чаргу яна бярэ выток з сям’і, таму тата і мама стараюцца зрабіць радасным дзяцінства дачушак і сына.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з архіва сям’і ВЯРКОВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.