Міёрскай сям’і Дзмітрыя і Алены УДОБКІНЫХ ідзе чатырнаццаты год

 Міёрскай сям’і Дзмітрыя і Алены УДОБКІНЫХ ідзе чатырнаццаты год. Выхоўваюць траіх сыноў, добраўпарадкоўваюць свае дом і падворак, любяць падарожнічаць. Жывуць дружна, асновай сямейнага ладу лічаць уменне дамаўляцца паміж сабой і з дзецьмі.

З Дзмітрыем Удобкіным пазнаёміліся ў снежні мінулага года ў аддзеле загса райвыканкама. Шчаслівы тата прыходзіў рэгістраваць трэцяга сыночка. Сёння Багдану сем месяцаў. Зручна ўладкаваўшыся на руках у мамы Алены, з цікаўнасцю вялікімі блакітнымі вочкамі пазірае навокал і заўзята грызе гумовае колца.

– Ужо з такога маленькага ўзросту праяўляе настойлівасць, – характарызуе хлопчыка мама. – Захоча на рукі – даб’ецца, каб узялі. Трэба пэўная цацка – зноў жа будзе імкнуцца, каб яе далі.

Прагульваемся са шматдзетнай сям’ёй па паўвостраве. Бываюць тут нячаста. Кожны год прыходзяць на свята горада. Адзінаццацігадоваму Кірылу цікавы бодзіарт, дзевяцігадовага Сашу вабяць цацкі і ласункі. Бацькам проста прыемна прагуляцца, адпачыць ад штодзённых клопатаў, сустрэцца са знаёмымі.

– Адзін з плюсаў маленькага горада ў тым, што тут многіх ведаеш. Пры неабходнасці ёсць да каго звярнуцца за дапамогай, – заўважае Дзмітрый.

– І наконт бяспекі для дзяцей нам спакойна, – дадае Алена.

У планах на сямейнае жыццё вялікі горад як варыянт не разглядалі. Дзмітрый вырас у Міёрах. Малая радзіма Алены – вёска Цяцеркі ў Браслаўскім раёне.

Сустрэліся ў Полацкім гандлёва-тэхналагічным каледжы і ў хуткім часе пасля вучобы стварылі сям’ю. Жылі ў Міёрах, пасля абставіны прывялі ў Браслаў, шэсць гадоў таму вярнуліся ў наш райцэнтр, набылі тут дом і крок за крокам робяць яго ўсё больш камфортным і ўтульным. Дзмітрый працуе кладаўшчыком у газавай службе. Алена да водпуску па доглядзе дзіцяці займалася дакументацыяй у магазіне «Міла», цяпер цалкам акунулася ў сямейныя клопаты.

Старэйшыя хлопчыкі па сваіх сілах дапамагаюць бацькам з гаспадарчымі справамі. Прыбіраюць за сабой цацкі, не праблема вымыць посуд і працерці з паверхняў пыл. Прыглядаюць за малодшым брацікам, пакуль мама занята на кухні. Радуюць добрымі адзнакамі ў дзённіках. Кірыл перайшоў у шосты клас, Саша – у чацвёрты. Прызнаюцца, што ў школу без вялікай ахвоты ідуць, аднак да вучобы ставяцца адказна. На канікулах з задавальненнем ганяюць у двары ў футбол. З цікавасцю глядзяць матчы па тэлевізары.

На пытанне, хто ў сям’і галоўны, Дзмітрый і Алена ўсміхаюцца і кажуць, што ў іх пануе раўнапраўе. Строгімі бацькамі сябе не лічаць, дзеці гэта пацвярджаюць.

– У нас не прынята павышаць голас і ставіць ультыматумы, – гаворыць Алена. – Сыны не ведаюць, што такое кут і рэмень. Любыя сітуацыі вырашаем праз спакойныя гутаркі, тлумачым, дамаўляемся, прыходзім да кампрамісаў.

Любімы адпачынак для сям’і – падарожжы. Блізкія і далёкія. Вадаспад на рацэ Вята, гара Маяк на Браслаўшчыне, «Лясная казка» ў Верхнядзвінску – у гэтых месцах не раз бывалі. Па традыцыі, штолета едуць у Мінск. Уразілі хлопчыкаў музей Лега і дзінапарк. Былі ў Хатыні і жадаюць трапіць туды зноў. У сёлетніх планах наведаць лінію Сталіна.

– Хочацца пашыраць кругагляд дзяцей, паказваць ім прыгожыя і цікавыя мясціны нашай краіны, – кажуць бацькі.

Пра свае захапленні тата Дзмітрый і мама Алена ледзь не ў адзін голас заўважаюць: сям’я і дзеці. Калісьці нават не думалі, што стануць шматдзетнымі бацькамі. Цяпер радуюцца сваім хлопчыкам. Клапоцяцца пра іх шчаслівае дзяцінства, адкуль бярэ выток паспяховае дарослае жыццё.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.