Озорная и любопытная Сонечка живёт в Миорах

 У снежні 2014 года пад нумарам 100 у аддзеле загса зарэгістравалі нованароджаную міярчанку Сафію Уладзіміраўну Шыдлоўскую. Дзень нараджэння ў Сонечкі 5 снежня. На пытанне "Колькі табе гадкоў?" светлавалосая дзяўчынка з блакітнымі вочкамі ўсміхаецца і паказвае па пальчыку на абедзвюх руках. 

Соня — другое дзіця ў сям'і Уладзіміра і Галіны Шыдлоўскіх. Імя ёй дала старэйшая дачка Аліна.
— Я малілася Богу, каб у мяне была сястрычка, — гаворыць дзяўчынка.


Аліна скончыла трэці клас. Займаецца ў школе мастацтваў, гуляе ў валейбол, любіць маляваць. Сонечка з цікаўнасцю даследуе пенал сястры і выцягвае адтуль ручкі ды алоўкі. Пакінула творчасць на шпалерах у новым доме, малюе ў сваіх сшытках.
— Дзяўчынкі розныя па характары. Аліна — ціхая і спакойная. Соня рухавая. Можа быць уседлівай, калі займаецца з канструктарам. Гэта ў яе любімая забава, — расказвае маці.


Яшчэ маленькая з задавальненнем гуляе ў пясочніцы ля дома, глядзіць мульцік "Кумі-кумі", танцуе пад песню "Айовы" "Бьёт бит". Цягне ручкі да татавай гітары і піяніна сястрычкі. Да размоў не вельмі ахвотная. Аліну называе "няня", а калі хоча падсілкавацца, гаворыць "мама, ко". Малако — любімы ласунак.


Нядаўна Соня пайшла ў дзіцячы сад. На кантакт з дарослымі і дзеткамі ідзе лёгка. Але свае цацкі ў крыўду не дасць.
— Яшчэ паўгода назад яна баялася, калі хто прыходзіў, — гаворыць маці. — Нават не паказвалася з пакою. Не гаворачы ўжо, каб хто з чужых на рукі ўзяў. Пасля гэта прайшло, як і не было. 


З водпуску па доглядзе за дзіцяці Галіна выйшла раней. Працуе лабарантам у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Да гэтага была занята ў лабараторыі камбікормавага завода. Уладзімір узначальвае лінейна-дарожную дыстанцыю філіяла ДЭУ-34. Тата больш дазваляе дачушкам свавольнічаць, строгія ноткі часцей гучаць у голасе маці. Бацькі радуюцца сваім любімым дзяўчынкам і галоўнае, пра што мараць, каб яны раслі здаровымі і шчаслівымі. 

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.