2021 год маладая сям’я Дзмітрыя і Таццяны НЕМЯНЁНКАЎ з Павяцця будзе сустракаць дома. Павіншуюць адзін аднаго з новай старонкай у жыцці, пацалуюць і абдымуць сваіх любімых дачушку Дарыну і сыночка Жэню, якому 1 студзеня споўніцца адзін год.
«Заходзьце, калі ласка!» – прыветна запрашаюць маладыя бацькі. Усміхаецца незнаёмым гасцям Дарынка. Цікаўнымі блакітнымі вачыма пазірае на нас Жэнечка. З ім бачыліся амаль год таму ў раённай бальніцы: шчаслівая маці трымала на руках сыночка, які з’явіўся на свет 1 студзеня 2020-га ў 19.10. Медработнікі тады так і не ўзгадалі, калі ў апошні раз на Міёршчыне нараджаліся дзеткі ў першы дзень года.
Ва ўтульным доме Немянёнкаў прыбрана елка. Цацкі на галінкі ўсёй сям’ёй вешалі. Праўда, Жэню больш падабаецца здымаць елачныя шары. Пакуль гутарым з яго татам і мамай, некалькі разоў падбягае да навагодняга дрэўца за чарговай забавай.
Першынец Міёршчыны – 2020 расце здаровым, рухавым і цікаўным хлопчыкам. У дзесяць месяцаў пачаў хадзіць. Смела бегае з аднаго пакоя ў другі. Любіць гуляць на свежым паветры і назіраць у акно за тым, што на вуліцы дзеецца. З апетытам праблем не мае, а найлепшы ласунак для яго – мясныя стравы, асабліва катлеты. Што тут скажаш – мужчына. Хоць яшчэ маленькі. Весела гутарыць на сваёй анёльскай і пакуль яшчэ не ўсім зразумелай мове. Разам з сястрычкай катае на калясцы яе лялек і глядзіць мультфільмы, самы любімы з якіх – «Падказкі Булькі».
Дарына любіць браціка, хоць прасіла ў таты з мамай сястрычку. Даглядае малога, гуляе з ім. Маміна памочніца сочыць за парадкам у сваім пакоі, заўсёды прыбірае за сабой цацкі. На Новы год для сябе падарункаў у Дзеда Мароза не прасіла. Вырашыла парадаваць ляльку Насцю ванначкай і стульчыкам для кармлення, а для Барбі заказала дзвюх сябровак. Клапатлівая дзяўчынка.
Дзеці – шчасце і радасць бацькоў. Ахінаюць іх любоўю і клопатам, стараюцца забяспечыць усім неабходным. Дзмітрый працуе інжынерам у філіяле «Павяцце». Работы не баіцца, падчас уборачнай кампаніі да цямна заняты на камбайне.
– Хочацца добры прыбытак мець для сям’і, дом добраўпарадкоўваць, – заўважае ён. – Плюс работы ў сельскай гаспадарцы ў тым, што жыллё прадастаўляецца. Здымаць яго – рэч затратная. Нам хочацца перавесці атрыманы ад гаспадаркі дом у сваю ўласнасць. Час пакажа.
Першае жаданне, якое загадаюць маладыя бацькі пад бой курантаў, – каб родныя і блізкія былі здаровымі. Пандэмія каронавіруса сёлета дабавіла перажыванняў і падкрэсліла, што здароўе – самая вялікая каштоўнасць.
Галоўнай падзеяй года для Дзмітрыя і Таццяны стала нараджэнне сына. 16 студзеня 2021-га адзначаць яшчэ адну важную дату – споўніцца пяць гадоў іх сямейнаму саюзу.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.