Міярчанка Святлана БЕЛАВУС бачыць шчасце ў дзецях і любімай рабоце

 Май парадаваў не толькі прыгажосцю навокал, квітнеючымі садамі і кветнікамі, птушынымі пералівамі. Міярчанка Святлана БЕЛАВУС, маці траіх дзяцей, працуе ў Міёрскім аддзяленні Дэпартамента аховы міліцыянерам страявога падраздзялення. 13 мая адзначыла дзень нараджэння, а 31-га будзе спраўляць наваселле ва ўласнай кватэры. Доўгачаканаму жыллю радуюцца з маці і дзеці.

У чым бачыце шчасце.

– Маё шчасце ў дзецях і любімай рабоце. Насця і Саша вучацца ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза

Я. Томкі ў шостым і другім класах. Малодшаму Дзянісу нядаўна споўнілася паўтара года. Непадалёк ад дома, дзе пабудавалі кватэру, хутка адчыняць новы садок, яго і будзе наведваць. Старэйшыя дзеці кажуць, што браціку пашанцавала. Дапамагаюць няньчыць малодшага. Вельмі добра, што ў дзяцей атрымалася такая розніца ва ўзросце. Калі даю Настачцы грошы на кішэнныя расходы, то яна спачатку купіць нешта браціку, маме, а толькі пасля сабе. Вось такая клапатлівая старэйшая сястра расце. Іншыя здзіўляюцца, як спраўляюся з трыма дзецьмі, а я не бачу вялікіх складанасцей.

Непадалёк ад нас жыве мая маці. Дзеці заўсёды жаданыя госці ў бабулі Марыны Фадзееўны. У вольны час ходзім на стадыён ля спартшколы, тут ёсць дзе разгуляцца: пабегаць і на трэнажорах пазаймацца. 

 Ці думалі Вы, што будзеце служыць у міліцыі. 

– Так, гэтая мара ў маім сэрцы жыла яшчэ са школьных гадоў. Аднак шлях да яе быў доўгім і няпростым. Нарадзілася і вырасла ў аграгарадку Туркова. Пасля заканчэння дзевяці класаў атрымала спецыяльнасць цырульніка і швачкі ў Полацкім дзяржаўным каледжы. Працавала на прыватным прадпрыемстве ў Полацку кантралёрам-упакоўшчыкам. Затым пераехала ў Міёры і ўладкавалася буфетчыцай у раённую бальніцу. Праз год перайшла ў Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы кантралёрам. Толькі тады наблізіўся час для рэалізацыі майго імкнення служыць у міліцыі. Кіраўніцтва падтрымала.

З сакавіка па чэрвень 2020 года праходзіла навучанне ў вучэбным цэнтры Гаране пад Мінскам. У групе акрамя мяне былі адны хлопцы. Але гэта не засмучала. Розніца адчувалася толькі ў спартыўнай падрыхтоўцы. Нарматывы для мяне былі меншыя. Вярнуўшыся з вучэбкі ў Міёры, да водпуску па доглядзе дзіцяці працавала паставым міліцыянерам на важных аб’ектах горада. Мне падабаецца мая работа і напэўна таму ўдаецца з лёгкасцю. Лічу, што калі справа па душы, то і праблемы пераадольваць значна прасцей, а яны яшчэ больш загартоўваюць і натхняюць на дзеянне для іх пераадолення.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ. 
Фота сям’і БЕЛАВУС.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.