Дети наполняют смыслом каждый день

 Маленькая Ульянка салодка заснула на руках у маці. Двухгадовы Алёшка час ад часу падбягае да малой і пяшчотна цалуе яе то ў лобік, то ў шчочку. Затым зноў спрытна залазіць на другі паверх двух’яруснага ложка і ціхенька глядзіць мульцікі на смартфоне, пакуль мы з мамай Аленай вядзём размову пра радасці сямейных клопатаў.

 

У маладых бацькоў Яўгена і Алены Равецкіх трое сыноў і дачушка. Пяцігадовы Арцём і чатырохгадовы Мацвей ходзяць у дзіцячы садок. Наступным летам адправіцца туды Алёша, якому сёлета ў снежні споўніцца тры гады. Ульянцы яшчэ толькі два месяцы.
– Я вырасла ў шматдзетнай сям’і, але зусім не меркавала, што ў самой будзе чацвёра дзетак, – гаворыць Алена. – Мы з мужам вельмі хацелі дачушку, і вось мара здзейснілася. Дзетак нашых любім аднолькава, вучым іх не крыўдзіць адзін аднаго і ўсім дзяліцца пароўну. Не бывае такога, каб камусьці на адну цукерку больш дасталося.

 
Пра сваіх сыноў і дачушку маці расказвае з добрай усмешкай і святлом у вачах. Радуецца, што хлопчыкі растуць дружнымі, любяць маленькую сястрычку. Мацвей выбраў для дзяўчынкі імя, Арцём называе яе прынцэсай. Ахвотна дапамагаюць малыя па доме. «Мама, а што мне зрабіць?» – часта падбягае з пытаннем старэйшы сын. Убачыўшы яго з венікам ці анучкай для працірання пылу, брацікі таксама просяць інвентар для ўборкі. Старанна падмятаюць дываны, мыюць падлогу, праціраюць паверхні. З цікавасцю назіраюць за мамай на кухні і па магчымасці ўдзельнічаюць у кулінарным працэсе. Любімы занятак Алёшы – ляпіць катлеты.

 
 Свята для хлапчукоў – паехаць у вёску да дзядулі Вані і бабулі Валі. Жывуць яны блізка, у Міёрках-2, і заўсёды рады ўнукам. Для малечы на падворку столькі цікавага! Агарод, карова, свінні, куры… Немагчыма вымераць сілу тых эмоцый, якія атрымліваюць, катаючыся з дзядулем на трактары. У вёсцы хлопчыкі не лайдачаць, ім цікава спраўляцца па гаспадарцы разам з дарослымі.
– Арцём гатовы нават у садок не хадзіць, абы ў вёсцы працаваць, – смяецца Алена. – Старэйшыя хлопчыкі ў Міёрках-2 штодня бываюць, бабуля іх забірае з садка да сябе, а муж, вяртаючыся з работы, – ён заняты на металапракатным заводзе – прывозіць дадому. Мы рады, што бацькі нам дапамагаюць і вельмі ім за гэта ўдзячны.

 
Алене споўнілася сёлета 25 гадоў. Многія яе равесніцы ў такім узросце нават пра замужжа не думаюць, аддаючы перавагу кар’еры і жыццю для сябе. У кожнага свае прыярытэты. Маладая шматдзетная маці знайшла шчасце ў сямейных клопатах. Збіраць сыночкаў у садок, гушкаць на руках дачушку, чакаць з работы мужа, гатаваць для сям’і вячэру – усё гэта дорыць радасць і напаўняе сэнсам кожны яе дзень.

 
 – Для мяне асалода займацца з дзеткамі, сачыць за парадкам у кватэры, быць дома са сваёй сям’ёй. Калі муж едзе з хлопчыкамі ў вёску і я застаюся з Ульянай адна, адразу адчуваю, як мне іх не хапае. Сумна без вясёлай мітусні і дзіцячага смеху, – гаворыць субяседніца. – Канешне, жанчыне трэба атрымаць прафесію. У мяне ёсць спецыяльнасць швачкі і цырульніка, да выхаду ў водпуск па доглядзе дзіцяці працавала прадаўцом. Цяпер самае важнае – быць маці.

 
У выхаванні дзетак Яўген і Алена прытрымліваюцца простай методыкі – размаўляць з малымі, адказваць на іх пытанні, тлумачыць, што добра і што дрэнна. На грубасць і павышаны голас табу.

 
– Дзеці ўсё разумеюць на словах. Трэба проста сесці і пагаварыць з імі, – заўважае маці.

«На Дзень Маці старэйшыя сыночкі дораць мне паштоўкі, якія зрабілі сваімі рукамі ў садку. Гэта вельмі прыемна. У такія моманты хочацца плакаць ад шчасця», – гаворыць Алена РАВЕЦКАЯ.

 
Сёлета ў красавіку маладая сям’я пераехала ў новую двухпакаёвую кватэру, якую пабудавалі па льготным крэдыце. Пакрысе добраўпарадкоўваюць і робяць яшчэ ўтульней уласнае жыллё. У планах на будучае ўзвесці дом, у якім будзе больш прастору для дзетак – самай галоўнай каштоўнасці таты і мамы, іх самага сапраўднага шчасця.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з асабістага архіва сям’і РАВЕЦКІХ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.