Музей семейных ценностей показал Миорчанин Олег ОСЕТНИК

 Чалавек без радзімы, як дрэва без кораня. Так сцвярджае народная мудрасць. А радзіма пачынаецца з сям’і, з яе гісторыі, памяці пра сваіх продкаў, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Міярчанін Алег АСЕТНІК сабраў у музеі сямейных каштоўнасцей рэчы сваіх дзядуль і бабуль. Экспанаты добра вядомы дзвюм яго дочкам-школьніцам. Спадзяецца ў будучым разглядаць прадметы даўніны з унукамі.

Размясціўся сямейны музей у флігелі на падворку дачы ў Блажках. Для Алега Асетніка гэта месца душэўнага адпачынку. Прыязджае сюды ў вольны час, запальвае ў каміне агонь, заварвае каву і ва ўтульнай цішыні засяроджваецца на сваіх думках і развагах, гледзячы на рэчы з гісторыяй. Любяць адзначаць тут сямейныя і каляндарныя святы. У тым ліку Дзень Перамогі.

– Мой дзядуля Якаў Аляксандравіч Асетнік трапіў на фронт у ліпені 1944 года, адразу пасля вызвалення Беларусі, – расказвае суразмоўнік. – Удзельнічаў у штурме Берліна. Бачыў, як уздымалі Знамя Перамогі над Рэйхстагам. Удзельнічаў у парадзе па пераможаным горадзе. Толькі не ў страі, а ў санітарнай машыне. Прыводзячы сябе ў парадак, вырашыў апаласнуць абутак у лужыне. Аказалася, там не вада, а расплаўленае шкло, якое сцякала з палаючых дамоў. Пакуль яму чаравікі здымалі, ногі апёк.

Адзін з самых каштоўных экспанатаў сямейнага музея – дзядулева гімнасцёрка, у якой той вярнуўся з вайны. Яшчэ ваенны білет і пасведчанне да медаля «За ўзяцце Берліна», сама ўзнагарода не захавалася. Ёсць копія граматы ўдзельніка ўзяцця Берліна. Арыгінал знаходзіцца ў музеі СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі, дзе вучацца дочкі Яна і Таццяна.

– Падарыць дзядулеву грамату ў школьны музей вырашыў мой бацька. Ён цікавіўся гісторыяй, і гэта перадалося мне, – расказвае Алег Алегавіч. – Ідэя стварыць музей сямейных рэчаў бярэ выток з юнацтва. Мне гадоў 15 было, калі трапіў на адпачынак у Германію. Аднойчы з гаспадыняй, у чыёй сям’і гасцяваў, паехалі ў вёску да яе роднага брата, што жыў у бацькоўскім доме. Той будынак 1908 года ўразіў калекцыяй сямейных каштоўнасцяў. На трэцім паверсе захоўваліся рэчы дзядулі: кайзераўскі шлем, трубка, узнагароды. На другім знаходзіўся куток бацькі-паляўнічага з нажамі, трафеямі, фотаздымкамі. Тады ў мяне і з’явілася думка сабраць і захаваць рэчы, звязаныя з гісторыяй маёй сям’і.


Падрабязней у выпуску 14 раённай газеты.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.