Клаудия Вяль из Глубокого отметила свой сотый юбилей!

 У вачах – дабрыня і мудрасць, у руках – малітваслоў, у думках – шчасце і дабрабыт сваіх родных. Кожны дзень Клаўдзія Мікалаеўна ВЯЛЬ праводзіць у малітве. Просіць Бога не за сябе, а за дзяцей, унукаў, праўнукаў, за ўсіх людзей. Ёй жа Усявышні падарыў добрае здароўе і доўгія гады. 8 сакавіка адзначыла соты дзень нараджэння.

 

Дні з малітвай

У пакоі Клаўдзіі Мікалаеўны шмат ікон і рэлігійнай літаратуры. Штодня чытае Евангелле, малітвасловы. З Богам у сэрцы ўсё жыццё. Па нядзелях, калі не было тэрміновых сельскагаспадарчых работ, хадзіла пешшу ў царкву з Завуцця ў Язна. Разам са сваімі двума дочкамі і сынам.

 
– За тое, што ходзім у царкву, у школе «на дыван» выклікалі. Але мама ўсё роўна вадзіла нас да споведзі і прычасця, – успамінае дачка Алена Шчарбіцкая. – Цяпер яна штодня моліцца. Просіць Бога, каб пашкадаваў людзей і адвёў ад іх хваробы. Уменне спачуваць – адметная рыса яе характару. І нас вучыла быць добразычлівымі, суперажываць, дапамагаць людзям, цаніць і берагчы сваю сям’ю.

 

Атуленая клопатам

Апошнія 15 гадоў Клаўдзія Мікалаеўна пражывае ў Глыбокім у дзяцей. Дачка Алена Мілецьеўна з мужам Мілеціем Пятровічам клапоцяцца пра яе, забяспечваюць усім неабходным. У матулі асобны ўтульны пакой, у якім праводзіць свае дні халоднай парой. У цёплае надвор’е прагульваецца па двары, ходзіць да суседак у госці. Часам з дзецьмі едзе ў Завуцце, дзе пражывае сын Мікалай Мілецьевіч з жонкай Сарай Фёдараўнай.

 
У сваім паважаным узросце на самаадчуванне Клаўдзія Мікалаеўна не скардзіцца. Ногі, хоць і не вельмі шпарка, ходзяць. Памяць надзейна захоўвае падзеі пражытых гадоў. Вочы з дапамогай акуляраў добра бачаць друкаваныя радкі малітваслова. Час ад часу турбуе ціск, але гэта не перашкаджае мыцца ў лазні. Вось толькі слых слабы, таму на нашы пытанні больш адказвае яе дачка.

 

 Пра матулю Алена Мілецьеўна распавядае:
– Матуліна дзяцінства і юнацтва праходзілі ў працы. Нарадзілася яна ў звычайнай сялянскай сям’і, дзе ўсяго было пяцёра дзяцей. Час цяжкі, бедны. Не хапала адзення і абутку, ежы, простых прадметаў быту. Мама скончыла чатыры класы польскай школы. Замуж выйшла пасля вайны. З татам амаль сорак гадоў пражылі, яго не стала ў 1985-м. За два гады да гэтага хвароба нырак забрала нашу старэйшую сястру Раісу. Ёй яшчэ сарака не было. Цяжка перажываць страту блізкіх, але мама ніколі не наракала на жыццё.

 
З дзяцінства нас выхоўвалі працай. Адыходзіць мама на работу – яна свінаркай у калгасе працавала – дзецям заданні дае, што зрабіць трэба. Гадавалі кароў, цялят, свіней, птушку, агароды садзілі, таму работы хапала ўсім. Не прыгадаю, каб мама без справы сядзела. Яна добра гатавала, таму часта сяльчане запрашалі кулінарыць на вяселлях. Дома да святаў пякла пульхныя пірагі, хлеб смачны ў яе атрымліваўся. Да позняй ночы сядзела за вязаннем. Нам адзенне ў школу вязала, на продаж рэчы. Зімовымі вечарамі ў нас у хаце збіраліся жанчыны і кожная з сабой вязанне прыносіла, так за работай час бавілі. Гады два як мама вязаць перастала, яе белыя сурвэткі ўпрыгожваюць наш дом. Яшчэ яна вельмі кветкі любіць, і гэтае захапленне мне перадала.

 

Кветкі жыцця – дзеці, унукі, праўнукі

Петуніі, хрызантэмы і іншыя кветкі Алена Мілецьеўна вырошчвае і для сябе, і на продаж. Хрызантэм у яе каля шасцідзесяці сартоў.
– Прыязджайце за кветкамі, – запрашае Клаўдзія Мікалаеўна. – Я люблю глядзець, як яны распускаюцца, і радуюся.

 
Цешаць душу сталай жанчыны прыгожыя букеты, падораныя ў дзень нараджэння роднымі людзьмі. У Клаўдзіі Мікалаеўны шэсць унукаў, восем праўнукаў і чацвёра прапраўнукаў. Са святам павіншавалі ўсе. Акрамя праўнучкі Яначкі, ёй яшчэ толькі сем месяцаў. Любоў і клопат, увага і пяшчота сваёй сям’і – каштоўны падарунак да стогадовага юбілею.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.