Брыльянт у агранцы любовi i мудрасцi

 Пазнаёміліся на танцах у вясковым клубе пад вясёлую мелодыю гармоніка. Рамантычныя спатканні з часам перацяклі ў сямейнае жыццё. Пачалося яно з таго, што маладога мужа на тры гады забралі ў армію. Лёс прыпадносіў Леаніду Міхайлавічу і Галіне Купрыянаўне СУБОТКАМ розныя падзеі: радасныя, горкія, нечаканыя, складаныя. Прайшлі праз усё, захаваўшы каханне і ўзаемапавагу. У канцы жніўня адзначылі брыльянтавае вяселле.

 

Жывуць Суботкі ў Волкаўшчыне. Гэтая вёска – малая радзіма Галіны Купрыянаўны. Леанід Міхайлавіч родам з суседняга Дварышча, пра якое засталіся толькі ўспаміны. Прыязджаюць да бацькоў з Міёр дачка Жанна і сын Віктар. Наведваюць бабулю і дзядулю сямёра ўнукаў, восем гадоў праўнучцы Ульяне. Усе павіншавалі з брыльянтавым юбілеем сямейнага жыцця. Застолле зладзяць у сярэдзіне верасня – на 80-годдзе Галіны Купрыянаўны. Леанід Міхайлавіч такую дату адзначыў у сакавіку.

– Тата з мамай па-ранейшаму кахаюць адно аднаго, і ў іх вялікае жаданне жыць як мага даўжэй, – гаворыць пра бацькоў старэйшая дачка Жанна. – Ажаніліся маладымі, шмат перажылі, але цяжкасцяў не баяліся. Дзеці вайны, абодва рана засталіся без татаў, раслі ў пастаяннай працы і нястачы. Мама расказвала, як падлеткам босая хадзіла ў лес ягады на продаж збіраць. Трое дзяцей у сям’і засталося, а маці яе – мая бабуля – працавала ў калгасе не за грошы, а за працадні. Цяжка было, але ніколі не скардзіліся. Цяперашнім жыццём бацькі задаволены. Рады і старэнькаму аўтамабілю, і тэлевізару, і разнастайнасці ежы ў халадзільніку. Калісьці пра такое нават марыць не маглі.

Любы час разам з цяжкасцямі, выпрабаваннямі мае і свае радасці. Сельская моладзь другой паловы 50-х гадоў працавала ад цямна да цямна, але і на забавы час знаходзіла. Збіраліся на танцы ў сельскіх клубах, пад гармонік танцавалі вальс, мазурку, факстрот, кадрыль. Танчылі разам Леанід і Галіна. Абодва вызначаліся адкрытасцю ў зносінах, пачуццём гумару, працавітасцю. Напэўна, падабенства рыс характару таксама спрыяла ўзаемнай сімпатыі.

– Тры гады сустракаліся. Вечарам позна развітваліся, а раненька тата ішоў пешшу ў Боркавічы на вучобу і зноў да мамы забягаў, – расказвае пра бацькоўскае каханне дачка. – Вяселле згулялі праз месяц пасля таго, як распісаліся. Было яно не пышным, але цёплым і вясёлым. У хуткім часе тату ў армію забралі. Тры гады ў Мурманску адслужыў. Яго вяртанне для мамы было вялікім святам.

Сямейнае жыццё ішло сваім размераным крокам, кожны дзень напаўнялі клопаты па гаспадарцы і на працы. Леанід Міхайлавіч увесь час быў заняты ў меліярацыйнай службе. Галіна Купрыянаўна спачатку працавала на свінаферме, потым уладкавалася паштальёнам у мясцовае аддзяленне сувязі і 34 гады разносіла аднавяскоўцам газеты і пісьмы.

Цяжкім выпрабаваннем на муд-    расць, мужнасць і сілу духу стала сямейная трагедыя: у 21 год загінуў сярэдні сын Аляксандр. Перажыць горкую страту маці дапамагла малітва. І цяпер штодня ў яе руках малітоўнік.

Са слоў дачкі, бацькі выхоўвалі не столькі словам, колькі ўласным прыкладам. Навучыліся ў іх працавітасці, адказнасці, тактоўнасці, павазе да людзей. Дарослыя дзеці з пашанай і цеплынёй адносяцца да таты і мамы.

– Па-рознаму могуць складвацца адносіны ў сем’ях. У нас ніколі не здаралася канфліктаў. Ніхто і ў думках не дапускаў, што можна на бацькоў голас павысіць, не выканаць іх просьбу, – расказвае Жанна. – Памятаю, калі вучыцца ў Віцебск паехала, мама вельмі плакала і не хацела адпускаць. Дала з сабой пачак канвертаў і сказала, каб штодня пісьмы ёй пісала. Аднагрупнікі з мяне смяяліся, але не выканаць наказ мамы не магла. Тры месяцы кожны дзень пісьмы дадому адсылала, пасля, калі мама крыху без мяне прывыкла, стала радзей пісаць.

На сувязі з бацькамі дзеці пастаянна. Штодня тэлефануюць, стараюцца часцей наведвацца. Заўсёды вязуць гасцінцы, якім асабліва радуецца маці. Да яе юбілею таксама прыгатуюць прыемныя і смачныя сюрпрызы. Як звычайна, на сямейным свяце будуць гучаць добрыя жарты і дружны смех. І, можа быць, Леанід Міхайлавіч і Галіна Купрыянаўна, прыгадаўшы сваю маладосць, зноў разам заспяваюць любімыя песні.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота з архіва сям’і СУБОТКА

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.