Июль в семье Довнер из Дисны веселый и сладкий

 Сяргей і Святлана ДОЎНЕРЫ з Дзісны стараюцца больш часу праводзіць са сваімі дзецьмі, а ў выхаванні кіруюцца перш-наперш светлымі пачуццямі. 

Ліпень у сям’і Доўнер вясёлы і салодкі. Цёплыя дні запаўняюць адпачынкам у двары, у родных і сяброў, на рэчцы. Адзначаюць дзень нараджэння малодшага сына Вані. Напрыканцы месяца прымае віншаванні старэйшая дачка Маша. На святочным стале прывабныя на выгляд і смак тарты, прыгатаваныя мамай. 

 СКЛАДНІКІ сямейнага ачага — утульнасць, давер, дабрыня, эстэтыка і творчасць. Пра планіроўку і аздабленне дома паклапаціўся тата Сяргей. У пакоях камфортна, прасторна. Калі ў гаспадара выпадае вольная хвілінка, майструе з сынам фігуры з канструктара. Музычных нотак дадае мама Святлана. У дзісенскім філіяле школы мастацтваў вучыць дзетак граць на баяне, выступае на гарадскіх святах у складзе ансамбля “Каліна”. Муж і дзеці апладзіруюць з глядзельнай залы. Дачушка Маша любіць маляваць і займаецца танцамі ў гарадскім цэнтры культуры. Сын Ваня ў гэтым годзе пачне асвойваць баян.


— З Ванем іншы педагог будзе займацца. На занятках патрэбна строгасць. Быць залішне патрабавальнай да ўласных дзяцей у мяне не атрымліваецца, — расказвае Святлана Сяргееўна.


 — Мама смешная, калі строгай становіцца, — з усмешкай заўважае Маша.


Канікулы дзеці праводзяць дома. Маша скончыла шосты клас, Ваня — першы. Сустракаюцца з сябрамі, гуляюць разам у двары, калі атрымліваецца, ходзяць з бацькамі купацца на рэчку. Як і многія браты і сёстры, часам сварацца-мірацца некалькі разоў на дзень. Перад сном кожны раскажа маме, як прайшоў дзень, што спадабалася ці, наадварот, засмуціла, падзеліцца сваімі сакрэтамі. Увогуле жывуць дружна. Яшчэ больш з’яднаў сям’ю школьны конкурс “Сямейны экіпаж”, які прайшоў напрыканцы навучальнага года. Рыхтаваліся заўзята. Развучвалі песню, пяклі торт, складалі свой радавод. Сярод сямі сямейных каманд Доўнеры сталі пераможцамі.


 У ВЫХАВАННІ дзяцей Сяргей і Святлана не прытрымліваюцца пэўных методык.


— Як правільна паводзіць сябе з дзецьмі, ведаюць толькі тыя, у каго іх няма, — гаворыць маці. — У той ці іншай сітуацыі прыслухоўваюся да інтуіцыі, да таго, што сэрца падказвае.


Разам з тым ёсць некалькі правіл для дачкі і сына. Напрыклад, сачыць за парадкам у сваіх пакоях, штодня чытаць хаця б па некалькі кніжных старонак. Патрабаванні па сілах. Да праполкі агарода дзяцей пакуль не далучаюць. Святлана памятае, як сама без ахвоты і цікавасці рабіла гэта. Таму хоча, каб для яе дзяцей справа была ў радасць. Маша і Ваня старанна паліваюць градкі.


ЛЮБІМЫЯ святы дзяцей — дні нараджэння. Запрашаюць сяброў, частуюцца ласункамі, ладзяць гульні. Мама пячэ торт і прыдумвае для яго арыгінальнае ўпрыгожанне. Разам з татам загадзя рыхтуюць падарункі. Бацькам прыемна бачыць сваіх дзяцей шчаслівымі. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.