Авторизация
 

Жыхарка вёскі Белеўцы Яніна ВАЛЫНЕЦ адзначыла свой 100 дзень нараджэння!

 Жыхарка вёскі Белеўцы, што ў Новапагосцкім сельсавеце, Яніна Віктараўна ВАЛЫНЕЦ 10 лютага адзначыла свой дзень нараджэння. Ёй споўнілася 100 гадоў. 

 

Прыстанак адзіны – малая радзіма

Невялікая вёсачка Белеўцы – пастаянны адрас Яніны Віктараўны. Тут з’явілася на свет, скончыла два класы школы, сустрэла сваё каханне і стварыла сям’ю, у якой вырасла сямёра дзяцей.
– Замуж у 19 выйшла. Муж мой Андрэй таксама мясцовы, на пяць гадоў за мяне старэйшы, – расказвае яна. – Калі пачалася вайна, у нас ужо адно дзіця было. Мужа на фронт забралі, а ў хуткім часе другое нарадзілася.

 
Прайшоўшы франтавымі дарогамі па Беларусі, Расіі і Украіне, Андрэй Андрэевіч вярнуўся ў родны дом. Разам муж і жонка працавалі ў калгасе, даглядалі ўласную гаспадарку, клапаціліся пра дабрабыт сям’і, якая пакрысе павялічвалася.
– Я ў калгасе паляводам была. Буракі садзілі і палолі, бульбу капалі, жыта сярпом жалі, лён ірвалі. Што трэба, усё рабілі, – гаворыць Яніна Віктараўна. – Муж пастухом працаваў, затым звеннявым на ільне. Разам 48 гадоў пражылі, не стала яго ў 1989-м.

 

Удваіх весялей

Нібы адзін дзень усё прайшло, па-добраму ўсміхаючыся, азіраецца на пражыты век юбілярка. Выраслі і раз’ехаліся па розных куточках краіны і блізкага замежжа дзеці. У бацькоўскі дом вярталіся са сваімі сем’ямі ў водпускі і па выхадных, збіраліся разам з радасных і сумных нагод. Жыць з маці засталася малодшая дачка Эма, цяпер ёй 64 гады. У дзяцінстве перанесла менінгіт, што дало ўскладненне на ногі. З таго часу ходзіць з кіем. Аднак з хатнімі клопатамі спраўляецца ўмела. Што самой не пад сілу, зробіць сацыяльны работнік ці суседзі дапамогуць.
Яніна Андрэеўна ў свае 100 гадоў адчувае сябе камфортна.

 
– Здароўе, дзякаваць Богу, добрае, – кажа яна. – З ціскам ніколі праблем не было. Вось толькі ногі слабыя, ісці не хочуць.
Свае дні маці і дачка праводзяць ва ўтульным вясковым доме. Удваіх весялей. Па тэлевізары любяць паглядзець канцэрты і «Поле цудаў», з раённай газеты даведваюцца пра падзеі на Міёршчыне, за размовамі прыгадваюць мінулае.

 

 Увага – найлепшы падарунак

Што падарыць чалавеку на 100 гадоў? Адказ відавочны – увагу. На працягу дня ў доме Яніны Валынец званіў тэлефон. Прымала званкі ад родных з Украіны, Мінска, Навагрудка. Павіншаваць бабулю з Міёр завітала ўнучка Наталля са сваёй сям’ёй. Усяго ў Яніны Віктараўны дзевяць унукаў і 13 праўнукаў.

 
– Добрая ў нас бабуля. Мяне здзіўляюць яе пазітыў і аптымістычны настрой, – гаворыць Наталля. – Жыццё нялёгкае пражыла, але скарг ад яе я ніколі не чула.

 
Павіншаваць юбілярку прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба, кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур, старшыня Новапагосцкага сельвыканкама Раіса Гернат.

 
– Калі да Яніны Віктараўны ні прыедзеш, яна заўсёды ў добрым настроі, ні на што не скардзіцца. Відаць, у гэтым і ёсць філасофія яе даўгалецця. Праз усё няпростае жыццё яна пранесла сваю чалавечнасць, – заўважыла Раіса Аляксандраўна.

 
Скарбонку падарункаў імянінніцы папоўнілі букеты кветак, Ганаровая грамата райвыканкама, сувеніры. У пераліку пажаданняў самае галоўнае – моцнага здароўя, увагі ад родных, дабрабыту.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Именины 28 февраля 2021
Алексей, Арсений, Иван, Михаил, Николай, Павел, Петр, Софья, Афанасий, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта