Авторизация
 

Цікавая і важная работа – выхоўваць патрыётаў

1
У Завуццеўскай школе Васілій ШАМШУР вядзе ўрокі інфарматыкі, фізікі і АБЖ. У Язненскай з гэтага навучальнага года займае пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. З цікавасцю ўнікае ў новы для сябе накірунак дзейнасці, прадумвае эфектыўныя метады і перспектыўныя планы. Упэўнены, што кожны чалавек павінен быць патрыётам сваёй Радзімы, і імкнецца прывіць гэтае пачуццё сваім выхаванцам.
 
Застаўся на малой радзіме

– Патрыёт – унутраны стан чалавека, – разважае Васілій Мікалаевіч. – Любіць тое месца, дзе з’явіўся на свет, шанаваць культуру і традыцыі свайго народа, з павагай ставіцца да дзяржавы, яе сімволікі – усё гэта ўключае паняцце «патрыятызм». 
Сябе Васілій Шамшур лічыць патрыётам. Пацвярджае гэта жыццёвы шлях педагога, чыя прафесійная дзейнасць цалкам звязана з роднай Міёршчынай. Бягучы навучальны год для настаўніка дваццаць другі па ліку. Свае першыя ўрокі выпускнік ВДУ імя П. М. Машэрава вёў ва Узмёнскай школе, затым у Наўгародскай. Працяглы час і да самага закрыцця працаваў у Папшулёўскай, затым перайшоў у Завуццеўскую. Час ад часу па сумяшчальніцтве выкладаў у Сіцькове, Язне, Дзісне.
– Родам я з вёскі Авечкі, што ў Язненскім сельсавеце, паблізу Басянкоў, – расказвае суразмоўнік. – У маладосці былі думкі застацца ў горадзе, спрабаваў на працу там уладкавацца. Хутка зразумеў, што гарадское жыццё для мяне не вельмі прывабнае. Аднакурснікі і цяпер у горад клічуць, работу прапаноўваюць. Аднак я не намераны штосьці мяняць. Падабаецца працаваць з дзецьмі, камфортна адчуваю сябе ў калектыве. І ўвогуле, як сцвярджае народная мудрасць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. 

Важныя ролі сям’і і школы

Прывіваць дзецям любоў да сваёй радзімы – адна з задач кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. На думку Васілія Мікалаевіча, працаваць над ёй важна не толькі педагогам. Усё пачынаецца з сям’і, а школа дапаўняе і паглыбляе выхаваўчы працэс.
Гутаркі з класам і індывідуальныя, інтэлектуальныя гульні і спартыўныя спаборніцтвы патрыятычнай скіраванасці праводзіць настаўнік з выхаванцамі. 
– Для вучняў Язненскай школы я чалавек новы. Пакуль яшчэ прыглядаемся адзін да аднаго. Асаблівую ўвагу надаю вучням-пачаткоўцам – патрыётаў важна выхоўваць з малых гадоў, – перакананы педагог. – Згодна з абавязкамі, я павінен весці дапрызыўную падрыхтоўку ў старшакласнікаў. Аднак дзясятага класа ў Язненскай школе няма, а ў 11-м адны дзяўчаты. 
Па словах кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, бліжэй яму работа менавіта патрыятычнага накірунку. У адносінах да ваеннай падрыхтоўкі заўважае, што ў ідэале знаёміць з ёй дзяцей трэба загартаванаму вайсковай справай чалавеку. Між тым пра армейскія будні ведае не па чутках. Тэрміновую службу праходзіў у войсках супрацьпаветранай абароны. Дэмабілізаваўся сяржантам, а пасля атрымаў званне лейтэнанта і цяпер з’яўляецца афіцэрам запасу.
Каб у школьнікаў фарміравалася больш дэталёвае ўяўленне пра будні абаронцаў Айчыны, плануе наладзіць цеснае супрацоўніцтва з Полацкім пагранічным атрадам. Яго прадстаўнікі перыядычна наведваюцца ў школу з мэтай прафарыентацыі. Гэтая ж нагода прыводзіць ва ўстанову супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў, міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Любоў да Айчыны нараджаецца ў родных мясцінах

Патрыятычнае выхаванне Васілій Шамшур бачыць у тым ліку ў доглядзе за памятнымі месцамі, у арганізацыі паходаў па Язненшчыне і блізкім знаёмстве з мясцовымі гісторыяй і адметнасцямі. Пастаянна практыкаваў гэта са сваімі завуццеўскімі вучнямі, у якіх быў класным кіраўніком. Наведвалі крынічку Святога Яна, язненскае гарадзішча, месца археалагічных раскопак у Паддубніках і іншыя адметныя пункты. Дзецям падабаліся такія вандроўкі.
– Мне гэта таксама прыносіла задавальненне, бо па дыпломе я настаўнік геаграфіі, якая ніколі не пераставала быць для мяне цікавай, хоць у сілу абставін давялося перавучыцца, – расказвае настаўнік. – Абавязкі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні таксама выклікаюць інтарэс. Каб мерапрыемствы знаходзілі водгук у дзяцей, імкнуся падыходзіць да справы творча. Першы год на пасадзе ў большасці азнаямляльны: шукаю падыходы, вывучаю інтарэсы вучняў, выпрацоўваю стыль работы. Лічу, што быць патрыётам, ведаць гісторыю сваёй краіны важна для кожнага чалавека. Без мінулага мы не маем будучыні.

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА
рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 сентября 2022
Иван

Именины 26 сентября 2022
Александр, Илья, Корнилий, Леонтий, Лукьян, Николай, Петр, Степан, Юлиан

Госці краін

free counters
Партнеры сайта