В Дисненской школе особое внимание уделяют патриотическому воспитанию молодежи
gazeta 9-11-2022, 13:30 1 808 Мая малая Радзіма
Любоў да радзімы, цікавасць да гісторыі сваёй краіны, пашана да старэйшых, беражлівыя адносіны да прыроды, сумленнае стаўленне да ўласных абавязкаў… Патрыятызм – паняцце ўсеахопнае. Гэта адна з самых вялікіх агульначалавечых каштоўнасцей, лічаць педагогі Дзісненскай сярэдняй школы і выхоўваюць яе ў сваіх вучняў.
У пачатку снежня ў школе мае адбыцца адметная падзея – установа атрымае імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Кузьміна. Час выбраны невыпадкова. 5 снежня споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння воіна-вызваліцеля Дзісны.
– Нарадзіўся Міхаіл Кузьмін у 1922 годзе ў сялянскай сям’і на тэрыторыі сучаснай Цвярской вобласці Расійскай Федэрацыі. Летам 1941-га прызвалі ў армію, у 1942-ім скончыў Ульянаўскае танкавае вучылішча і адразу быў накіраваны на фронт. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, – прыводзіць факты з біяграфіі героя кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Мікалай Пацеенак. – Як заўважаў сам Міхаіл Кузьмін, не трапіць на фронт у такую вайну – вялікае няшчасце. Летам 1944-га яго шлях у складзе 159-й танкавай брыгады пралягаў праз Беларусь. Вызвалялі Гарадок, Ушачы. Мужнасць і гераізм танкіста праявіліся ў баях за Дзісну.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Красоўская тлумачыць слова «патрыёт» так:
– Гэта той, хто шчыра любіць сваю радзіму як у шырокім, так і ў лакальным сэнсе. З павагай ставіцца да месца, дзе нарадзіўся, дзе жывуць яго бацькі, дзе ўладкаваўся сам. Гэта той, хто ведае гісторыю роднага краю, ганарыцца культурнымі набыткамі. Для дарослага чалавека любоў да радзімы перш-наперш праяўляецца ў добрасумленным выкананні сваіх абавязкаў. Як настаўнік беларускай мовы і літаратуры імкнуся перадаць вучням свае пачуцці і выхаваць у іх любоў да роднага краю, нашай культуры.
Пры знаёмстве з мінулым непасрэдна на месцы падзей, успрымаеш яго па-іншаму, пранікаешся глыбей, заўважаюць дзесяцікласніцы Ірына Нарэйка і Дар’я Галуза.
– У Хатыні была ўпершыню. Мемарыяльны комплекс прасякнуты трагічнай атмасферай. Вельмі кранае сцяна, ля якой наведвальнікі пакідаюць дзіцячыя цацкі, – дзеліцца ўражаннямі Ірына. – Цікавыя экспазіцыі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, асабліва ўразілі палявыя шпіталі. Хочацца пабываць там зноў.
У гісторыю сям’і Ірыны таксама ўпісана ваеннае мінулае. Былі на фронце прадзядулі, захоўваюцца ўзнагароды. Пра баявы шлях продкаў школьніца плануе напісаць даследчую работу.
Прабабуля Дашы вайной хавала ў сваім доме яўрэяў, рызыкуючы ўласным жыццём. Гэты факт з сямейнай гісторыі перадаюць з пакалення ў пакаленне.
– Трэба шанаваць памяць нашых продкаў, якія падарылі нам мірнае неба, – заўважае Даша і ўпэўнена дадае: – Без мінулага няма будучыні.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Поўную версію чытайце ў раённай газеце.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.




