Агрогородку Язно 550 лет!
gazeta 11-10-2025, 14:42 181 На Міёршчыне / Грамадства / Вясковае жыццё
Край блакітных азёр, гасцінных, працавітых і таленавітых людзей. Так ахарактарызавалі Язна падчас святочнага канцэрта, прысвечанага 550-годдзю месцейка. Адметны юбілей цёпла і творча адзначылі ў аграгарадку.
Майстэрства рук і слова
Творчы пралог урачыстасці – выстава вырабаў мясцовых майстроў. Вабілі позірк карціны ў тэхніцы алмазнай мазаікі Рэгіны Рунда, пано з саломкі Тамары Касатай. З поліэфірнага шнура вяжа сумкі, кошычкі і іншыя рэчы Кацярына Янкоўская. Вулічныя кветкі-свяцільні майструе Таццяна Кулянок. Такі дэкор у яе двары і на тэрыторыі мясцовай амбулаторыі, дзе працуе. Вязанне – захапленне Людмілы Шчарбіцкай. Прадставіла свае пледы і вязаныя цацкі дачкі Юліі.
Аматараў літаратуры сабрала ў Язненскай бібліятэцы сустрэча з мясцовай паэтэсай Марынай Казлоўскай і пісьменнікам са сталіцы, нашым земляком Славамірам Даргелем. Майстры слова чыталі свае вершы, распавядалі, як да іх прыходзяць вершаваныя радкі.
Россып віншаванняў і ўзнагарод
Павіншаваць язненцаў з 550-годдзем месцейка завітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. Каштоўнасцю Язна назваў згуртаванасць яго жыхароў і падкрэсліў, што ад іх залежыць будучыня аграгарадка. Уручыў ганаровую грамату райвыканкама старшыні Язненскага сельвыканкама Валянціне Фядзьковіч. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена дырэктару Язненскай ПМК Пятру Баслаку, загадчыку мясцовай амбулаторыі Уладзіміру Пашковічу.
Цёплыя словы віншаванняў адрасавала землякам Валянціна Фядзьковіч. Сваёй правай рукой назвала старэйшын Лілію Спірковіч, Ірыну Юршэвіч, Наталлю Шыман, Раісу Наркевіч. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці месцейка аб’явіла падзяку Мікалаю Жойдзіку, Ларысе Карпавай, Вользе Александроўскай, Марыне Казлоўскай, Васілю Сінкевічу, Ірыне Кухцінскай, Іне Пашковіч, Вользе Семяняка, Пятру і Дзіне Кавалёнкам, Вользе Шыкуцкай, Валянціне Міхнёнак, Таццяне Трус, Наталлі Лось. Адзначыла ўзнагародамі майстрыц, чые вырабы ўпрыгожылі свята.
Як заўважыла старшыня сельвыканкама, няпроста было выбіраць найлепшыя сярод падворкаў, бо на ўсіх парадак і прыгажосць. Узнагароды і падарункі за добраўпарадкаванне сядзіб атрымалі Васіль і Ія Казлоўскія, Аляксей і Анастасія Лаўрыновічы, Жанэта Лабкова, Аляксандр і Алена Барткевічы, Яўген і Яўгенія Альхімовічы, Ірына Басянок, Андрэй і Анастасія Шчарбіцкія, Альбіна Арцімовіч, Іван і Аксана Шчарбіцкія, Пётр і Ала Шамшуры, Андрэй Якушын, Уладзімір і Святлана Кавалеўскія, Уладзімір і Алена Чэпікавы, Таццяна Шчарбіцкая, Уладзімір і Іна Пашковічы.
Салодкія падарункі чакалі шматдзетныя сем’і Юрыя і Таццяны Пазікаў, Аляксандра і Кацярыны Акачонкаў, Валерыя і Ірыны Карповічаў, Сяргея і Аляксандры Чэрапаў, Віталя і Кацярыны Янкоўскіх, Андрэя і Аксаны Ісачонкаў, Марыі Матыль.
Дзве сям’і ў Язне сёлета сустрэлі залатое вяселле. Гэта Мікалай Іванавіч і Алена Савельеўна Бахіры, Альфрэд Антонавіч і Лілія Пятроўна Рагавыя. Узгадалі старэйшых жыхароў месцейка. Рубеж 85+ перасягнулі Наталля Сцяпанаўна Акперава, Таццяна Ягораўна Амбросенак, Тамара Вікенцьеўна Гуляшка, Галіна Аляксандраўна Жойдзік, Ія Мікалаеўна Ізаітка, Любоў Канстанцінаўна Карповіч, Сафія Раманаўна Карповіч, Людміла Мікалаеўна Корсак, Тамара Андрэеўна Чабор. Для іх падрыхтавалі падарункі з дастаўкай на дом.
Песня ў падарунак кожнаму
Віншаванні і словы ўдзячнасці гучалі ў адрас мясцовых педагогаў, медыкаў, меліяратараў, сацыяльных работнікаў, сельскіх працаўнікоў, выратавальнікаў і праваахоўнікаў, паштавікоў, работнікаў культуры, гандлю, лясніцтва, дарожнай і жыллёва-камунальнай служб, сельвыканкама. Нікога не абмінулі ўвагай.
Для ўсіх у падарунак добрыя песні ў выкананні мясцовых артыстаў і гасцей. Спявалі для аднавяскоўцаў Уладзімір Пашковіч, Ірына Кухцінская, Алена Банах. Радавалі гледачоў юныя салісткі Яна Чэрап, Аляксандра Пазік. Дадалі настрою і бадзёрасці госці-суседзі – народны фальклорны гурт «Іставіца». Завітала ў Язна з музычнымі віншаваннямі Ірына Любчык, чыя творчая кар’ера пачыналася з мясцовых музычнай школы і Дома культуры. Са сталіцы прыехала павіншаваць язненцаў Надзея Шавялёва. Зноў на мясцовай сцэне добрыя сябры сельскага Дома культуры – Алена Арол, Уладзімір Каханчык, Анастасія Бурштэйн. І, канешне, немагчыма ўявіць свята ў Язне без народнага калектыву «Язынка», які даўно і добра вядомы далёка за межамі раёна.
Больш за дзве гадзіны доўжыўся святочны канцэрт. Пасля кожнага нумара гучалі цёплыя працяглыя апладысменты.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.




