Праздник народного творчества «Перабродская зорка» собрал мастеров и певцов из Миорщины
gazeta 15-06-2021, 14:26 2 958 Вясковае жыццё / Культура
Стракатым і яркім, нягледзячы на шэрае неба, утульным і цёплым, не зважаючы на працяглы дождж, атрымалася свята народнай творчасці «Перабродская зорка». У нядзелю, 13 чэрвеня, азёрнае Пераброддзе сустракала гасцей і дарыла ўсмешкі, радасць, прыемныя ўражанні.
Цікавосткамі дзіўнымі забаўляла
Па перыметры невялікай святочнай плошчы размясціліся народныя майстры. З Дзісны, Міёр, Браслава, Полацка прывезлі свае вырабы. Саломка, кераміка, разьба па дрэве, пэчворк, вязанне і іншыя віды дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва прадстаўлялі ўмельцы.
Плеценыя з саломкі і газетных трубачак кошычкі, шкатулкі, збаны запаўнялі столік Мікалая і Марыны Дзянісавых. Таксама майстры прапаноўвалі ўпрыгожанні з фаамірану, магніцікі з гіпсу. А яшчэ чай з мяты, мелісы, чабору і ліпы.
– Мы прыехалі з месцейка Опса Браслаўскага раёна. На «Перабродскай зорцы» не ўпершыню. Нам тут падабаецца: людзі чулыя і добразычлівыя, месца ўтульнае і кампактнае, атмасфера прыемная, – дзеляцца ўражаннямі. – Заўважаем, што свята развіваецца. Более ўдзельнікаў і гасцей.
Для палачанкі Ганны Шарабайка ўдзел у «Перабродскай зорцы» – першы вопыт прэзентацыі сваіх кандытарскіх вырабаў на масавым свяце. Да гэтага прапаноўвала ласункі толькі праз інтэрнэт. Яе творчыя сяброўкі Марына Касатая і Алена Казакова ў Пераброддзі ўжо бывалі.
Марына займаецца вырабам упрыгожванняў для валасоў, Алена стварае арыгінальныя дыванкі і сумкі.
Разнастайныя керамічныя вырабы, карціны на спілах, сумкі са шнуроў – прадукцыя ТЦСАН Міёрскага раёна.
– Прапануем бяспройгрышную латарэю. Таксама ў нас можна набыць пасцельную бялізну па даступнай цане, – заўважае супрацоўніца ўстановы Алена Плехтан.
На працягу ўсяго свята падыходзілі госці да століка Вітольда Ермалёнка, дзе размяшчалася мноства даўніх прылад працы і прадметаў быту. Разам з маладым калегам Максімам Філіповічам краязнаўца прапаноўваў удзельнікам адгадаць, як рэчы называліся і для чаго прымяняліся. За правільныя адказы – прызы.
– Такім чынам знаёмім з рамёствамі нашых продкаў, – адзначае Вітольд Антонавіч. – Дзеці і моладзь нячаста даюць правільныя адказы, прадстаўнікі старэйшага пакалення хутчэй пазнаюць прадстаўленыя рэчы.
Ласункамі рознымі частавала
Яшчэ да пачатку свята мясцовая дзятва акружыла пчаляра Аляксандра Крокаса.
– Ой, як смачна! – смяяліся дзеці, спрабуючы мёд.
Сваю прадукцыю пчаляр прадстаўляе на розных святах. Прывёз свежы майскі мёд, сабраны пчоламі з рапсу, дзьмухаўцоў, іншых першацветаў. У асартыменце і верасовы мёд. Прыцягвала ўвагу рамка з пчоламі, паназіраць за якімі знайшлося нямала ахвотнікаў.
Салодкіх нотак у святочны настрой дадавалі ласункі Ксеніі Маскаленка. Кіраўнік ініцыятывы «Распісныя пернікі Міёршчыны» пастаянна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах і штораз здзіўляе новымі выявамі на кулінарных вырабах.
- Кожнае свята па-свойму адметнае, хочацца адлюстраваць гэта на перніках, – кажа майстрыца. – Падрыхтавала пернікі з гербам Пераброддзя, у выглядзе рознакаляровых зорачак. Паколькі Пераброддзе – край азёрны, то ёсць і пернікі-рыбкі. Як звычайна, можна паўдзельнічаць у майстар-класе па роспісе ласункаў.
Дамашні хлеб, кексы і смятаннікі прывезла Святлана Рыкун з Новага Пагоста. Разам з Яўгеніяй Цітовіч прадстаўлялі аграсядзібу «Конны дворык». Акрамя кулінарных вырабаў прапаноўвалі сувеніры. У тым ліку конікаў і магніцікі-падковы.
Традыцыйны пачастунак на «Перабродскай зорцы» – юшка. 30 літраў духмянай рыбнай поліўкі зварыла для гасцей мясцовая гаспадыня Галіна Паўлоўская. Гаворыць, у яе сям’і гэтую страву штораз гатуюць на святы.
– А сёння свята ў вёсцы. Толькі дзеці крыху засмуціліся, што батутаў няма, – гаворыць Галіна Генадзьеўна. – У былыя часы ў Пераброддзі ладзілі кірмаш, гульні і спевы на Дзясятку. Так называлі дзясятую нядзелю пасля Вялікадня. Цяпер урачыстасць праходзіць раней, ды і то добра. Прыемна пабачыць аднавяскоўцаў, з якімі ў паўсядзённым жыцці не так часта сустракаешся. Раз на год трэба праводзіць у вёсцы такую ўрачыстасць.
Пра творчае мінулае нагадала
Ва ўчарашні дзень Пераброддзя зазірнулі выхаванцы сямейнай школы «Вясёлка рамёстваў», што дзейнічала на аграсядзібе «Мацейкава сяліба» ў Галіны Паўлоўскай. 14 дзяцей з Дзісны, Міёр, Наваполацка, Віцебска, Мінска займаліся рознымі відамі рукадзелля, а да свята падрыхтавалі канцэрт.
Расказвалі пра таленавітых людзей Пераброддзя, сярод якіх кіраўнік перабродскага народнага хору Аляксандр Сяліцкі, знакаміты на ўсю акругу бас Аляксей Паўлоўскі, музыка-цымбаліст Уладзімір Паўлоўскі. Даўнія творчыя традыцыі артысты перанеслі ў сучаснасць. Спявалі народныя песні, чыталі вершы, гралі на музычных інструментах. На цымбалах – Раман Чарняўскі, на баяне – Павел Ліманоўскі, на мандаліне – Лада Паўлоўская, на скрыпцы і фартэпіяна – Ганна Вахмінцава, на электрапіяніна – Аляксандра Глебка. Са сваімі ўнукамі выходзілі на сцэну бабулі Вольга Мароз і Аляксандра Краўчанка.
За прадастаўленыя інструменты юныя музыкі ўдзячны Міёрскай дзіцячай школе мастацтваў.
На добрыя справы натхніла
Канцэрт выпускнікоў школы «Вясёлка рамёстваў» меў дабрачынны пасыл. Збіралі сродкі на дапамогу бяздомным жывёлам.
– Разам з дзецьмі мы пабывалі ў Браслаўскім раёне ў вёсцы Якубянцы. Там жыве цудоўны чалавек – гаспадыня сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Гарбунок» Алена Вільчынская. Яна корміць і лечыць катоў і сабак, якія страцілі дом. Такіх гадаванцаў у Алены цяпер за 50, – расказала гаспадыня «Мацейкавай сялібы» Галіна Паўлоўская. – Нас вельмі ўразіла яе дабрыня і чуласць. Мы таксама вырашылі дапамагчы.
Пасля канцэрта дзеці ладзілі дабрачынную латарэю, дзе разыгрывалі змайстраваныя сваімі рукамі рэчы. Шкатулкі, ігольніцы, абярэгі і шмат чаго іншага.
Сабралі больш за сто рублёў ахвяраванняў, якія пойдуць на добрую справу.
Песнямі-танцамі павесяліла
Афіцыйнае адкрыццё свята адбылося апоўдні. Нагуляўшыся ўздоўж гандлёвых радоў, гледачы сабраліся бліжэй да сцэнічнай пляцоўкі.
Як заўважыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па правах моладзі Аляксандр Тронькін, на свята сабраліся самыя адданыя яго прыхільнікі, якім надвор’е не перашкода, а значыць, усё пройдзе бадзёра і весела.
Вітаў удзельнікаў і гасцей старшыня Перабродскага сельвыканкама Віктар Дзеравянчык. Падзякаваў арганізатарам урачыстасці, выказаў удзячнасць за дапамогу ў добраўпарадкаванні кіраўніцтву ВУПКУ «Міёрскі» і УП ЖКГ. Вясёлым настроем, дасціпнымі жартамі і вершаванымі экспромтамі падбадзёрвалі публіку вядучыя Антон Астукевіч і Наталля Самсановіч. З цікавай творчай праграмай выступіў аркестр Полацкага пагранічнага атрада. Гледачы падтрымлівалі апладысментамі музыкаў, падпявалі салісткам.
Пад вясёлыя песні «Язынкі» і «Азярніц» многія не змаглі ўсядзець на месцы і распачалі танцы. Цёпла сустрэлі народны фальклорны ансамбль «Галасы спадчыны» з Полацка, які вызначаецца асаблівай манерай выканання купальскіх і дажыначных песень. Пасля разам танчылі побатавыя танцы Полаччыны. Дарылі свае сімпатыі артыстам з Дзісны: вакальнаму гурту, калектыву «Дзісенчукі» і салісту Аляксею Астукевічу, харэаграфічнаму калектыву «Натхненне». Ацанілі старадаўнія беларускія песні ў выкананні фальклорнага гурта «Варган» з Полацкага дзяржуніверсітэта.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.






