Клюквенный декор "Жураўлёў і журавін Міёрскага краю"

 У кожнага свята сваё афармленне. Дэкор экалагічнага рассыпаны журавінавым бісерам, засланы мяккай мохавай коўдрай, аплецены гронкамі каліны і рабіны. Гарыць стракатасцю асенніх кветак, вабіць фігуркамі журавоў. У ім удала спалучаецца багацце дароў прыроды з фантазіяй і ўмелымі рукамі чалавека. 

 

Журавінавы дэкор

Першае, што злавіў позірк на ўваходзе на СВЯТОЧНЫ паўвостраў – пышныя букеты рознакаляровых хрызантэм на спрэсаваным прамавугольным цюку. Апошні выкарыстоўваўся як гандлёвы прылавак. Глядзелася каларытна. Кветак на свяце было шмат. На кожным сельскім падворку красаваліся вяргіні, аксаміткі, цыніі, хрызантэмы. Імі дэкарыравалі агароджу, апляталі фотазоны, ставілі ў збаны. Напрыклад, на падворку Новапагосцкага сельсавета вазу змайстравалі з гарбуза. Цікавай атрымалася фотазона са сплеценай з рабіны 10-кай, хэштэгамі і картай раёна на драўлянай аснове. Дапаўнялі сюжэт кошыкі з гароднінай і садавіной на калодах.

 
На бібліятэчным падворку ладзілі фотасесію пад парасонам, аздобленым жоўтымі кляновымі лістамі, верасам, кветкамі, гронкамі каліны і іншым асеннім дэкорам. Гэты аксэсуар – справа рук бібліятэкара Таццяны Невядомскай. Зялёны фон, на ім кляновыя лісты і бусінкі журавін, а ў цэнтры – вялікая лічба 10. Побач фігура жураўля з чароту. Так выглядала фотазона на язненскім падворку. Яшчэ вабілі тут стракатыя дыванкі з поліэтыленавых пакетаў. Іх пляце 93-гадовая жыхарка Язна Феафанія Васільеўна Александроўская.

 
Узмёнскі падворак засцілаў чарот. Ля ўваходу красаваліся дэкаратыўныя жураўлі на натуральным імху. Прыродную прыгажосць дапаўняла рукатворная. Сімпатычныя вязаныя цацкі прывезла супрацоўніца лясніцтва Крысціна Шыпіла. Свае карціны і пано на падворку Завуццеўскага сельсавета прадстаўляла настаўніца Алена Стаўская. Размясціўся на тэрыторыі конік з бярозавых пален, што вёз у вазку ўраджай. Знайшлося месца для парачкі журавоў з чароту.

 
 Увогуле журавы і журавіны сустракаліся на кожным падворку. Як і вырабы з гародніны і садавіны. Напрыклад, на павяцкім размясцілася пазітыўная кампазіцыя гарбузоў-смайлаў, на туркоўскім і міёрскім – мноства цікавых фігурак з гарбузоў, кабачкоў, яблыкаў. Яшчэ адзін элемент святочнага дэкору – фотаздымкі. Дзісненскі падворак аздаблялі фотастэнд «З Ельняй разам» і выстава здымкаў супрацоўніцы лясгаса Анастасіі Свірко. На мікалаёўскім фотапейзажы прадстаўляла педагог Алена Матылёнак. Удзельнікі з Пераброддзя праз фотавыставы пазнаёмілі з балотам Мох і ўзгадалі яркія святочныя моманты мінулых гадоў.

 
Аматараў мастацтва вабілі работы Ігара Ермакова. Карціны беларускага мастака, што пражывае за мяжой, прадстаўлялі супрацоўнікі музея.
Уліліся ў святочны дэкор вырабы народных майстроў, што прымалі ўдзел у конкурсе «Птушыны перапалох». Карціны з выявамі птушак, пано ў розных тэхніках, дэкаратыўныя птушыныя домікі таксама цікавілі гасцей свята. Жураўліныя матывы Песням журавоў уласцівы мінорныя ноты. Большасць кампазіцый, з якімі выступалі ўдзельнікі абласнога конкурсу  ансамбляў песні і музыкі «Жураўліны звон», гучалі весела.

 
Перш чым распачаць творчае спаборніцтва, канкурсанты паўдзельнічалі ў флэшмобе «Спяём гімн Ельні разам». Падпявалі міёрскім артыстам і гледачы. Лёгка запаміналіся радкі прыпеву «Ельня – лёгкія Еўропы, беларускія бярмуды». У конкурсе «Жураўліны звон» прыняў удзел 21 калектыў з розных куточкаў вобласці. Артысты з Гарадоцкага, Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Пастаўскага, Полацкага, Аршанскага і іншых раёнаў змянялі адзін аднаго на сцэне, радуючы публіку адметным выкананнем народных песень. Адну кампазіцыю спявалі акапэльна, другую пад музычнае суправаджэнне.

 
Міёршчыну прадстаўлялі народны ансамбль народнай музыкі і песні «Мёрыца» Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў і вакальны ансамбль «Дзісенчукі» Дзісненскага гарадскога Цэнтра культуры. Па выніках конкурсу калектыў «Мёрыца» ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Ансамбль народнай музыкі і песні», «Дзісенчукі» атрымалі дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Ансамбль народнай песні».

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фоторепортаж Казимира БЛАЖЕВИЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.