Для Ларисы Карповой из Язно книги - постоянный спутник

Для Ларисы Карповой книги - постоянный спутник. С малых лет манил их мир, полный интересных историй и отличительных образов. Благодарна судьбе, чья тропа привела в Язно. Сначала в местный Дом культуры, а затем в библиотеку, где уже семнадцать лет увлеченный своим делом библиотекарь тепло встречает маленьких и взрослых читателей.

Для Ларысы Карпавай кнігі – пастаянны спа­дарожнік. З малых гадоў вабіў іх свет, поўны цікавых гісторый і адметных вобразаў. Удзячна лёсу, чыя сцежка прывяла ў Язна. Спачатку ў мясцовы Дом культуры, а затым у бібліятэку, дзе ўжо сямнаццаць гадоў захоплены сваёй справай бібліятэкар цёпла сустракае маленькіх і дарослых чытачоў.

«Людзі хочуць чытаць»

Утульна, прасторна, зручна. Такое першае ўражанне пра Язненскую бібліятэку. Яно не падманлівае. У гэтым перакон­ваешся падчас больш блізкага знаёмства з установай культу­ры і яе гаспадыняй Ларысай Карпавай.

Бібліятэчная прастора аформлена папрынцыпе заніравання. Адсюль кампакт­насць і ўпарадкаванасць. Асоб­нае месца адведзена камп’ю­тарнаму цэнтру, так называе бібліятэкар рабочы куток з аргтэхнікай. Тут з задавальнен­нем праводзіць нямала часу, распрацоўваючы календары і тэматычныя буклеты. Друка­ваная бібліятэчная прадукцыя запатрабавана ў сяльчан.

– Загадзя падрыхтавала каляндар на 2025 год, шмат жа­даючых яго набыць, – заўважае Ларыса Эдуардаўна. – Раздру­коўваю фотаздымкі і афармляю выставы. Працаваць за камп’ю­тарам вельмі падабаецца.

Яшчэ большую асалоду атрымлівае бібліятэкар ад стасункаў з людзьмі і кнігамі. Літаратура размеркавана тэ­матычна. На першым плане – творы беларускіх аўтараў. Дарослыя чытачы выбіраюць Алену Васілевіч, Івана Ша­мякіна, ваенную прозу Васіля Быкава, старэйшых школьнікаў  цікавіць Уладзімір Караткевіч. На асобных паліцах класічныя і сучасныя творы рускіх і замеж­ных аўтараў. Кнігі з даведач­нага фонду наведвальнікаў не асабліва цікавяць, а вось тыя, што размешчаныя на выставе прававой літаратуры, часта трапляюць у чытацкія рукі.

– Звычайна патрэбны сту­дэнтам, супрацоўнікам сель­выканкама, сяльчане бяруць Працоўны кодэкс, – гаворыць бібліятэкар. – Што да мастац­кай літаратуры, імгненна раз­лятаюцца навінкі. Жанчынам даспадобы раманы, гістарыч­ная проза, творы духоўнага накірунку. Пачалі чытаць казкі. Відаць, у наш неспакойны час ім хочацца добрых і светлых гісторый. Мужчыны бяруць кнігі пра вайну, дэтэктывы. Людзі хочуць чытаць. Практыкую буккросінг, што таксама вабіць чытачоў.

Асобны стэлаж адведзены для дзіцячай літаратуры. Са­маму юнаму чытачу бібліятэкі чатыры гады.

– Я так лічу, калі дзіця сама­стойна выбірае для сябе кнігу, хоць чытаць яшчэ не ўмее, то ўсё роўна гэта ўжо чытач, – падкрэслівае бібліятэкар і заўважае: – Сама я чытаць у чатыры гады навучылася. Круцілася ля старэйшых бра­та і сястры, пакуль яны ўрокі рыхтавалі, і неяк само па са­бе атрымалася. Памятаю, як здзівілася маці, калі ішлі з ёй па горадзе, а я пачала шыльды на будынках чытаць.

Шчасціць у прафесіях

Родам Ларыса Карпава з гарадка Дуброўна. Школьніцай любіла чытаць кнігі, рыхтава­лася паступаць на філалагічны факультэт і пасля ў школе весці ўрокі рускай мовы і літаратуры. У выпускным дзясятым класе планы змяніла сустрэча з вы­кладчыкамі віцебскага культасветвучылішча, якія завіталі ў школу з прафарыентацыйнай мэтай. Ларыса вырашыла – будзе рэжысёрам.

– Дома мяне падтрымалі, а вось настаўніца рускай мовы і літаратуры пакрыўдзілася, – прыгадвае суразмоўніца. – У вучылішчы цікава было, падабалася. Падчас размеркавання выбрала месцейка Язна ў Міёр­скім раёне, дзе раней бываць не даводзілася. Не думала, што застануся. Аднак вельмі спадабаліся мясцовыя людзі – добрыя, шчырыя, душэўныя.

Маладым рэжысёрам у Яз­ненскі сельскі Дом культуры Ларыса прыехала ў 1983 годзе. Шмат яркіх і цёплых момантаў звязаны з перыядам працы ў СДК, адкуль у 2007-м перайшла ў бібліятэку: на другі паверх агульнага будынка. Па-раней­шаму актыўнічае ў культурным жыцці сельскага Дома культу­ры, удзельніца фальклорнага калектыву «Язынка».

– Мне пашчасціла з першым рабочым месцам. У бібліятэ­цы сумясціліся работа і хобі. Працую з задавальненнем і не спяшаюся на адпачынак, – заўважае суразмоўніца.

Куды хочацца вяртацца

У Язненскай сельскай бібліятэцы запісана каля 300 чытачоў. Іх сярэдні ўзрост 45+. Многія чытаюць сем’ямі. Так, Вольга Осіпава бярэ кнігі для дочак Ксеніі і Дар’і, а часам прыходзяць у бібліятэку разам. Для сябе, дачкі, унучкі і сястры выбірае літаратуру Людміла Пагожава. Таццяна Вяль абавязкова прыхопіць штосьці з класікі для мужа. Святлана Глушонак чытае з маці. У фар­муляры філолага на адпачынку Алены Бахір кнігі для сябе, мужа і ўнукаў. Сацыяльныя работнікі Вольга Шыкуцкая, Зоя Ціхановіч, Жанна Лаб­кова бяруць літаратуру для сваіх падапечных. Штотыдзень, прыязджаючы на веласіпедзе з Іста ў Язна ў магазін, заходзіць у бібліятэку Міхаіл Балай за часопісамі для жонкі і ўнучак.

– Пералік пастаянных чы­тачоў можна працягваць доў­га, – радуецца бібліятэкар. – У мяне нават свой кніжны доктар ёсць. Пенсіянерка з Парадняў Марыя Андрэеўна Лапіц­кая разам з літаратурай для чытання штораз просіць даць ёй кнігі, якія трэба падрамантаваць. Такія беражлівыя адносіны вельмі кранаюць.

Акрамя кніжных бібліятэкар ладзіць выставы творчых работ землякоў. Нядаўна наведваль­нікі любаваліся рукатворнай прыгажосцю настаўніцы працоўнага навучання Алены Стаўскай. Упрыгожваюць кніжныя паліцы сувеніры ад удзячных чытачоў. Напрыклад, карціну ў тэхніцы алмазнай мазаікі падарыла Рэгіна Рунда з Курылавічаў.

Стасункі з чытачамі бібліятэкар падтрымлівае ў тым ліку анлайн. Праз язнен­скую суполку ў мэсанджары ін­фармуе пра навінкі літаратуры, запрашае на мерапрыемствы, дзе пазнавальна і хораша, цікава і цёпла праводзяць час.

– Важна, каб аднойчы завітаўшы ў бібліятэку, чытач пажадаў зноў сюды вярнуцца, – акрэслівае сваё прафесійнае крэда.

Па-ранейшаму Ларыса Эдуардаўна ў вольны час не расстаецца з кнігай. Чытае раніцай да працы і вечарам перад сном. Цікавіць літара­тура розных жанраў. Сярод любімых аўтараў Іван Шамякін, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Танк. Прыхільніца твор­часці сучасных паэтак-зямлячак Алены Басікірскай і Марыны Казлоўскай. Прачытаныя творы ацэньвае па адным прынцыпе: прыгажосць у простасці.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.