Медицина для Сергея и Натальи Ковалевских часть семейной истории
gazeta 9-11-2024, 09:13 2 310 Навіны / Сямейны лад
Медицинадля Сергеяи Натальи Ковалевских не просто сфера деятельности.Эточасть семейнойистории. Обав свое время выбирали профессию, ориентируясь на родных.По примеру родителей пошлав медицину дочьЕкатерина, котораясейчасна последнемкурсеуниверситета.
Медыцына для Сяргея і Наталлі Кавалеўскіх не проста сфера дзейнасці. Гэта частка сямейнай гісторыі. Абодва ў свой час выбіралі прафесію, арыентуючыся на родных. Па прыкладзе бацькоў пайшла ў медыцыну дачка Кацярына, якая цяпер на апошнім курсе ўніверсітэта.
Медыцына з пакалення ў пакаленне
На працу ў Міёрскую цэнтральную бальніцу Сяргей і Наталля Кавалеўскія штораніцы ідуць разам. Сяргей Валер’евіч – старшы фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Наталля Дзмітрыеўна – старшая медсястра інфекцыйна-баксіраванага аддзялення. Абодва скончылі Полацкае медвучылішча, за амаль трыццаць гадоў у прафесіі добра ведаюць спецыфіку і тонкасці сваіх штодзённых клопатаў. Заўважаюць, не ўзнікала думак змяніць сферу дзейнасці.
– Увогуле ў жыцці складана штосьці мяняць. Гэта толькі здаецца, што дзесьці лепш, чым тут. У любой справе ёсць свае цяжкасці. Да ўсяго можна прывыкнуць, – лічыць Наталля Дзмітрыеўна.
– Добра там, дзе нас няма, – пагаджаецца з ёй муж і калега.
У медыцыне Сяргей Валер’евіч з 1997 года, а знаёмы з гэтай сферай з дзяцінства. Школьнікам часта прыходзіў на працу да маці – старшай медсястры траўматалагічнага аддзялення Зоі Ігнатаўны Кавалеўскай. Сёлета ёй споўнілася семдзесят гадоў. На пенсіі па магчымасці стараецца весці актыўны лад жыцця. Наведвае аддзяленне для пажылых людзей у тэрытарыяльным цэнтры, практыкуе скандынаўскую хадзьбу.
Як практычную прафесію калісьці ахарактарызавалі медыцыну Наталлі Дзмітрыеўне яе дзядзька і цёця – хірург і старшы фельчар хуткай дапамогі. Пасля вучобы тры гады працавала ў траўматалогіі, пасля прапанавалі пасаду старшай медсястры ў інфекцыйна-баксіраваным аддзяленні. З 1999 года арганізоўвае тут работу медперсаналу, сочыць за забеспячэннем медыкаментамі, вырашае іншыя рабочыя задачы.
– Выконваючы працоўныя абавязкі, не варта паддавацца эмоцыям. Як у стасунках з калегамі, так і з пацыентамі. Дзесьці строгасць трэба праявіць, дзесьці настойлівасць, – заўважае старшая медсястра. – З часам выпрацаваліся ўнутраная стойкасць, уменне глядзець на складанасці як на вырашальныя рабочыя пытанні. Прайшлі выпрабаванне кавідам. Перажывалі за кожнага пацыента, радасна было назіраць, як яны выздараўліваюць.
Кагорту медыкаў у сям’і папоўніць дачка Кацярына. Вучыцца на шостым курсе Віцебскага медуніверсітэта. Праз два гады інтэрнатуры ўрач агульнай практыкі мае намер вярнуцца ў родны горад і працаваць поруч з бацькамі. Тут праходзіла практыку, падчас летніх канікул падпрацоўвала медсястрой у інфекцыйна-баксіраваным аддзяленні.
Хобі і клопат пра здароўе
Вольны час у сям’і любяць праводзіць разам. Стараюцца менш гаварыць пра медыцыну, хоць цалкам пазбегнуць такіх размоў, зразумела, не атрымліваецца. Агульнае хобі мужа і жонкі – клопаты на дачы, дзе кветнікі, агарод, цяпліцы, малады яблыневы сад. Часты госць тут Зоя Ігнатаўна, дзеліцца з дзецьмі рознымі гаспадарчымі парадамі.
Халоднай парой праводзяць вечары за іншымі заняткамі. Разам глядзяць фільмы і серыялы, у тым ліку пра медыкаў. Наталля Дзмітрыеўна вяжа спіцамі. Сяргей Валер’евіч чытае кнігі, вабяць гістарычныя раманы, дэтэктывы, фантастыка, фэнтэзі, а таксама літаратура па здаровым ладзе жыцця. Дзесяць гадоў таму з дапамогай кнігі брытанскага пісьменніка Алена Карра «Лёгкі спосаб кінуць курыць» і аднайменнага фільма пазбавіўся ад шкоднай звычкі.
– Я курыў дваццаць гадоў. Кніга і фільм пераканалі, што перастаць курыць лёгка. Але так жа лёгка і пачаць, калі аказваешся ў кампаніі сяброў, якія кураць. Думаеш, што пасля зноў лёгка кінеш і купляеш чарговы пачак цыгарэт. Таму калі сапраўды жадаеш пазбавіцца ад гэтай звычкі, намаганні ўсё ж трэба прыкласці, – дзеліцца ўласным вопытам. – І трэба быць гатовым да таго, што, развітаўшыся з цыгарэтамі, сустрэнешся з павышаным апетытам і будзеш набіраць вагу. Таму важна сачыць за харчаваннем і весці здаровы лад жыцця. Дзень пачынаю з зарадкі і дыхальнай гімнастыкі.
– Трэба клапаціцца пра сваё здароўе. Далёка не заўсёды выправіш сітуацыю з дапамогай таблетак і ўколаў. Важнае значэнне мае фізічная актыў-
насць, харчаванне, рэжым дня, – падкрэслівае Наталля Дзмітрыеўна.
Цёплым успамінам гэтай восені стаў для Кавалеўскіх абласны форум «Бацькоўская любоў – вялікая сіла», куды іх на тыдні бацькоўскай любові запрасілі як сямейную дынастыю медыкаў. У Віцебск разам скіраваліся Зоя Ігнатаўна, Сяргей і Наталля, далучылася да іх Кацярына.
– Мерапрыемства праходзіла ў цёплай атмасферы. Выступалі прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці, канцэрт цудоўны. Усё прыгожа, цікава. Усім удзельнікам уручалі падарункі, нам таксама. Хораша правялі час усёй сям’ёй, – падзялілася ўражаннямі Наталля Дзмітрыеўна.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча і з архіва сям'і Кавалеўскіх.




