Авторизация
 

Як праходзіў рэспубліканскі суботнік у Міёрах

 Пачатак рэспубліканскага суботніка на гарадскім паўвостраве намячаўся на дзевяць гадзін раніцы. Надвор’е не падвяло: на небе ніводнай хмаркі, свяціла лагоднае вясенняе сонейка. Толькі вецер пранізліва задуваў з возера, але гэта не бянтэжыла тых, хто прыйшоў з добрым настроем дамагчы ўбраць адно з самых любімых месцаў адпачынку. Дружна зграбалі апалае лісце, збіралі сукі, рознае смецце, каб стала чысцей і прыгажэй. Працавалі калектывамі і нават сем’ямі. Вывозілі непатрэбнае спецтэхніка камунальнай службы. З набярэжнай паўвостраў нагадваў мітуслівы мурашнік.

 У рабочай экіпіроўцы, узброеныя працоўным інвентаром усе, незалежна ад рангаў. Змяніў дзелавы касцюм на рабочае адзенне і намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба. Ён – кіраўнік рабочага працэсу на паўвостраве.
– Суботнік – гэта шматгадовая традыцыя, якая яднае жыхароў раёна, працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі і аб’яднанні, прадстаўнікоў улады. Сёння ўсе на паўвостраве, каб унесці пасільны ўклад у яго добраўпарадкаванне, што асабліва важна ў Год народнага адзінства.


 Міёрскі паўвостраў заўсёды дорыць радасць. І на суботніку ніводнага панурага чалавека не назіралася. Гучалі жарты і смех.
Васіль і Наталля Лапіцкія – муж і жонка, а яшчэ калегі – ветурачы, заняты ў райветстанцыі. Неразлучныя і на суботніку: зграбалі апалае лісце плячо ў плячо. Праца на свежым паветры толькі ў задавальненне.


– Зрабілі генеральную ўборку ў кватэры, падмялі на балконе, пакуль не пачаліся работы ў агародзе больш размяцца недзе, – усміхаюцца Лапіцкія. – На суботніку і фізічная нагрузка добрая, і карысць вялікая – на паўвостраве стане прыемней бавіць час. Радасна ўсведамляць, што ў тым і наша заслуга.


Чысціня – залог здароўя. У тым упэўнены спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Калектыў выйшаў на генеральную ўборку паўвострава ў складзе звыш дзесяці чалавек. Астатнія днямі раней фарбавалі агароджу на набярэжнай, саджалі дрэўцы. Усё дзеля парадку на роднай зямлі, у чым надта зацікаўлена санітарная служба раёна. Яе вадзіцелі, напрыклад, настолькі разагрэліся працай, што нацэлены былі ў гэты дзень прывесці ў парадак і свае прыдамавыя тэрыторыі.


 Супрацоўнікі міжгаліновага цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна без сваіх папер, лічбаў і камп’ютараў адчувалі сябе як на адпачынку.
– Для нас, пакалення савецкага часу, узяць у рукі граблі, – звычайная справа, – расказвае кіраўнік калектыву Раіса Каратаева. – З дзяцінства ўдзельнічаем у суботніках і працаваць на агульную карысць – адно задавальненне. У паўсядзённасці мы ўсё далей адзін ад аднаго, абавязвае дыстанцавацца і пандэмія. Работа талакой, ды на свежым паветры, збліжае і імунную сістэму ўмацоўвае.


 З самага ранку на паўвостраве арудаваў граблямі дэпутацкі корпус. На чале – старшыня раённага Савета Марыя Баніфатава. Непадалёк і яе муж з калегамі аддзела па адукацыі. Працаваць шчыра, не пакладаючы рук і сямейным тандэмам, і з калектывамі, – непарушная традыцыя.
– Важна, што ў такім масавым мерапрыемстве прымаюць удзел і прадстаўнікі старэйшага пакалення, і наша моладзь і нават дзеці, – заўважыла Марыя Мікалаеўна. – Сумесная праца згуртоўвае, дапамагае выхоўваць добрыя і паважаныя адносіны да такіх аб’ектаў як наш паўвостраў, навакольнага асяроддзя, і ў цэлым да малой радзімы. Гэта дазваляе рабіць наш край прыгажэй, што мае важнае значэнне. Вельмі прыемна, калі прыязджаюць да нас і першае, на што звяртаюць увагу, – чысціня і парадак.


 Дарэчы, паўвостраў – не адзінае месца, дзе стала прыгажэй. Як расказаў начальнік УП ЖКГ Ігар Войтаў, у рамках месячніка па добраўпарадкаванні ў райцэнтры зрабілі каля 70 % запланаваных работ. Працоўныя калектывы дапамагалі фарбаваць жалезную агароджу на набярэжнай, часткова – бетонную, садзілі дрэвы. Сіламі камунальнікаў адрамантаваны тры дзіцячыя пляцоўкі, дзве пафарбаваны.

Папрыгажэлі кантэйнерныя пляцоўкі, зайгралі яркімі фарбамі калодзежныя домікі. Хутка адновяцца старыя лавачкі па горадзе, для рамонту якіх ужо падрыхтавалі неабходны матэрыял. Па-гаспадарску падышлі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі да азелянення вуліц. Падчас суботніка па вуліцы Максіма Багдановіча высадзілі алею з 80 ліп.

ДАРЭЧЫ

Па папярэдніх дадзеных, усяго каля 6 тысяч жыхароў раёна далучыліся да добрай традыцыі – наводзіць парадак разам на суботніку. За работу ў выхадны дзень удалося сабраць звыш 21,1 тысячы рублёў.

Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта