В агрогородке Николаево прошел праздник деревни
gazeta 29-07-2021, 14:14 1 583 Грамадства / Культура / Год народного единства
Сонечнай і спякотнай, як і большасць летніх дзён, выдалася нядзеля, 11 ліпеня. Тэмпература за плюс 30 не стала перашкодай для свята ў аграгарадку Мікалаёва. Мясцовыя і артысты з райцэнтра падарылі сяльчанам канцэртную праграму з цікавымі і запамінальнымі нумарамі.
У глядзельнай зале на вуліцы ў цяньку амаль не засталося вольных месцаў. Прыйшлі на свята мясцовыя жыхары, іх дарослыя дзеці і маленькія ўнукі, якія на выхадныя і канікулы спяшаюцца з горада ў вёску.
Павіншаваў аднавяскоўцаў старшыня Мікалаёўскага сельвыканкама Анатоль Кудрашоў. Нагадаў, што трэба клапаціцца пра знешні выгляд свайго месцейка, каб яно было прывабным і дагледжаным. Як вядома, агульны парадак пачынаецца з прыватнага. Сярод прыкладаў добраўпарадкавання – сядзібы Валерыя і Наталлі Мядзельцаў, Аркадзя Мікалаевіча Шарага. Дбайным гаспадарам аб’явілі падзяку і ўручылі падарункі. Таксама адзначылі старэйшын – першых памочнікаў сельсавета – Рэню Сядлоўскую і Фёдара Кубліцкага.
– Сёння ў ваш гонар мы называем зоркі, – заўважыла жыхарам аграгарадка вядучая Анастасія Мятла.
Зорку «Слава хлебаробам» прысвяцілі тым, хто з ранку да цёмнага працуе на палетках. Жывёлаводам засвяціла зорка «Малочныя фермы». Зорка «Дзяцінства» – для работнікаў дзіцячага садка і школы, «Добрыя навіны» – для паштавікоў. «Доктар не баліць» – зорка фельчара, «Тэрыторыя смаку» – прадаўцоў, «Натхненне» – работнікаў культуры.
Добры настрой і пазітыў дарылі артысты. Цёпла сустракалі гледачы мясцовых выступоўцаў – дзіцячы квартэт, салістаў Насцю Карніцкую, Івана Кабяка, Вадзіма Сахатава, чытальніка Андрэя Галыню. Падтрымлівалі апладысментамі народны вакальна-харэаграфічны калектыў «Азярніцы», які выступаў у Мікалаёве не ўпершыню. Прыйшліся па душы нумары жаночай вакальнай групы, дуэта Ігара Мятлы і Сяргея Пачопкі, салісткі Лады Сушко.
Ёсць свае прыхільнікі ў аграгарадку у міёрскай артысткі Дзіяны Маляўка. І на гэты раз парадавала лірычнымі кампазіцыямі пра малую радзіму, якімі распачынала і завяршала свята. Спадабаўся публіцы Мікіта Дабравольскі з песнямі пад гармонік. Маленькія гледачы падпявалі маладзёжныя хіты, з якімі выступалі Сафія Шук і Мілана Шымко, Вікторыя Савейка, Ягор Абалевіч.
Без малога дзве гадзіны доўжылася свята з мноствам музычных падарункаў. Для кожнага знайшлася песня па душы.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.




