Франц Сивко выпустил новую книгу - о Миорщине

 У рэдакцыйна-выдавецкай установе Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава выйшла кніга нашага земляка Франца Сіўко «Што раньш было».


Гэта зборнік артыкулаў краязнаўчага характару пра малую радзіму аўтара ад даўнейшых часоў да сённяшняга дня. Пра знаёмыя яму з дзяцінства малюнкі, краявіды паселішчаў ніжняга цячэння ракі Вяты і лад жыцця іх жыхароў, пра назвы, што з часам мяняліся або скажаліся ў выніку розных абставін. Вёскі Вята, Міжрэчча (Мізарэча), Сташулі, Аблятова, Каснарэўшчына, Александрына, Рачнёва, старажытнае гарадзішча ў Прудніках, капліца святога Яна Хрысціцеля ў Вяце, міжрэчанскі і аблятоўскі млыны, панскія сядзібы – месцы, пра якія пісьменнік ведае не з чужых слоў і пра якія піша праўдзіва, па-мастацку дакладна.

 

Як прызнаецца аўтар, непасрэднаму творчаму працэсу папярэднічала немалая падрыхтоўчая праца: знаёмства з першакрыніцамі, архіўнымі матэрыяламі, нататкамі ў таблоідах, збор звестак паводле расповядаў людзей старэйшага пакалення. Часам у ролі першакрыніцы выступала друкаванае выданне, напрыклад, рэпрынтнае ўзнаўленне 2001 года працы першай чвэрці мінулага стагоддзя «Нашы касцёлы» Д. Банчкоўскага і Ф. Я. Жыскара. Ну і, зразумела, не мог аўтар абысціся без таго, каб прадаставіць на суд чытача плод уласнай фантазіі – апавяданне «Манерка», сюжэтам якога сталася гісторыя, што адбывалася падчас вайны ў фабрычнай асадзе (пасяленні) з умоўнаю назвай Міжрэчча.

 

Багата ілюстраванае фотаздымкамі выданне, два артыкулы якога раней друкаваліся ў чорна-белым варыянце ў зборніку «Віцебскі край», а цяпер пабачылі свет у афармленні каляровым. Выйшла невялікім тыражом і трапіць найперш у бібліятэкі, у тым ліку, канечне ж, у выглядзе папяровым і электронным – у Міёрскую раённую. Так што аматары даўніны маюць шанц пазнаёміцца з новым выданнем земляка. Кніга вартая ўвагі, тым больш, што многія мясціны, якія апісвае аўтар, ужо, на жаль, зніклі, і кожны штрых з іх мінуўшчыны – каштоўны ўнёсак у скарбонку нашых агульных ведаў пра даўнейшую і сённяшнюю Беларусь і яе гісторыю.

 

Марыя ПАРХОМЧЫК.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.