В деревне Ист прошло её детство, здесь строят с мужем и семейное счастье

 Як казаў пісьменнік, дом не там, дзе вы нарадзіліся, а там, дзе скончыліся вашы спробы ўцячы. Для Ганны Чабан гэта адно і тое ж месца. У вёсцы Іст прайшло яе дзяцінства, цяпер у бацькоўскім доме будуе сваё сямейнае шчасце.

ВЫСОКІЯ вароты ў двары адчыняе маладая жанчына з прыемнай усмешкай. Запрашае ў дом. З парога адчуваецца ўтульнасць, якую можна стварыць, калі з любоўю клапаціцца пра месца, дзе жывеш.


— Гэты дом будавалі мае бацькі. Таты, на жаль, няма, мама ў іншай вёсцы пражывае, — расказвае гаспадыня. — Старэйшая сястра з сям’ёй у Полацку, яна любіць горад. А мне вёска даражэй, не змагла пакінуць родныя мясціны. Люблю Іст і яго жыхароў. Людзі тут добрыя, дружныя. Падтрымаюць, дапамогуць.


 Прыгадвае, як аднойчы прыехаў камбайн сяльчанам ураджай абмалочваць. Былі з дзіцём заняты, не заўважылі. І тэлефоннага званка ад аднавяскоўцаў не пачулі. А тыя самі накіравалі тэхніку на іх палетак з ячменем.


— Калі з сыночкам на прагулку ідзём, кожны з намі павітаецца, пра справы спытае. Тут адчуваю сябе сваёй, — гаворыць субяседніца. — І муж, хоць і нарадзіўся ў Дзісне, у вёсцы асвоіўся. Напачатку думалі ў горад пераехаць, але вырашылі застацца.


МАЛАДАЯ сельская сям’я — гэта тата Сяргей, мама Ганна і сынок Марк. Гаспадар працуе вадзіцелем у Полацку, дома бывае толькі ў выхадныя. Шукаў работу бліжэй, аднак варыянтаў, якія б задаволілі, не аказалася. На тое, што бачыць мужа два дні на тыдзень, Ганна не скардзіцца.


 — Калі пачыналі сустракацца, Сяргей працаваў дальнабойшчыкам. Тады нашмат радзей бачыліся, — гаворыць яна. —У будні не адчуваю адзіноты.


Спраўляцца адной з хатнімі клопатамі маладой гаспадыні не ў цяжар. Да таго ж зімой іх не так шмат: цяпло ў доме падтрымліваць, снег на падворку пачысціць, накарміць курэй, катоў ды сабаку. Увесь астатні час можна прысвяціць сыну, з якім няма калі сумаваць. Хутка яшчэ весялей стане. У сакавіку хлопчыку споўніцца тры гады. Мама павядзе яго ў Дзісенскі яслі-сад, а сама выйдзе на працу ў гарадскі Цэнтр культуры.


ПА АДУКАЦЫІ Ганна — культработнік. У 2012 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў. Атрымала спецыяльнасць рэжысёра народных абрадаў і святаў. Пачынала працаваць у Туркоўскім СДК, у хуткім часе прызначылі мастацкім кіраўніком Дзісенскага ГЦК. У водпуску па доглядзе за дзіцём таксама знаходзіла час для самадзейнасці — дапамагала рыхтавацца да аглядаў-конкурсаў сваім істаўцам. Сёлета выступіць і разам з аднавяскоўцамі, і ў складзе дзісенскай творчай каманды.


Дабірацца на працу ў Дзісну будзе на ўласным аўтамабілі. Свой транспартны сродак заўжды выручае.
— Сябры раяць у горад пераехаць. А чым там лепш? — задаецца пытаннем Ганна. —Не люблю я гарадской мітусні. Калі трэба за пакупкамі ці па іншых справах, завёў машыну і паехаў. А як прыемна дадому вяртацца! Дыхаць чыстым вясковым паветрам, улетку градкі палоць і гародніну кансерваваць. І дзіця не страшна на вуліцу адпускаць. Муж у двары гульнёвую пляцоўку пабудаваў. Плануем басейн зрабіць.
 АДНО засмучае Ганну. Пусцее родная вёска, не даносіцца ўлетку дзіцячы гоман з возера, не вырастаюць зімой снежныя крэпасці. У яе дзяцінстве было інакш. Да цямна ў хованкі на вуліцы гулялі, спаборнічалі ў валейболе, дзеці і дарослыя разам каталіся на лыжах. Цяпер маленькаму Марку няма з кім пазабаўляцца.


— Пойдзе ў садок, там сябры з’явяцца. Хочам праз некаторы час яму сястрычку падарыць, — гаворыць маладая маці. — Заўважаю, што сучасным дзецям не настолькі патрэбны зносіны, як калісьці нам. Іх больш цікавяць гульні ў мабільніках і камп’ютарах. Стараюся гэтым не злоўжываць, аднак ад павеваў сучаснасці нікуды не падзенешся.


МОЖНА аб’ехаць паўсвету і ўпэўніцца, што шчасце нашмат бліжэй. Ганне Чабан не давялося скіроўвацца ў далёкія падарожжы. Прыслухалася да сябе і зразумела: яе месца пад сонцам — бацькоўскі дом у роднай вёсцы Іст. Няхай яна не такая шматлюдная, як у пару дзяцінства, але па-ранейшаму дарагая сэрцу.

Хочацца жыць тут,— з цеплынёй кажа Ганна. — Даглядаць дом, гадаваць дзяцей. Упрыгожваць на Новы год вокны гірляндамі, вырошчваць летам кветкі на клумбах. І з радасцю разумець — я дома. 

Фота аўтара і з архіва Ганны ЧАБАН.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.