Мастер шаржей Николай Гиргель родом из деревни Тимошково

 Мастакоў-графікаў, якія працуюць у жанры карыкатуры, у сучасную эпоху можна пералічыць на пальцах. І сапраўды, чытаючы сатырычны часопіс “Вожык”, інфармацыйную рэспубліканскую прэсу, гумарыстычныя кнігі з цэнтральных выдавецтваў, заўважаеш, што карыкатуры выходзяць з-пад пяра адных і тых жа мастакоў. Аднак усе нешматлікія прадстаўнікі гэтай сферы адмысловыя. Адзін з такіх — наш зямляк Мікалай ГІРГЕЛЬ.

 У сусветным сеціве шмат матэрыялу пра Мікалая Сяргеевіча, публікацыі з розных газет і часопісаў. Нядаўна з земляком гутарыла “Камсамольская праўда”. Аднак герой нос не задзірае і з радасцю пагаджаецца на інтэрв’ю для “Міёрскіх навін”. “Роднае — самае дарагое” — чытаецца ў яго позірку і лагоднай усмешцы. У размове пра малую радзіму мастак успамінае радню, візіты на Міёршчыну, прыемнае баўленне часу, адметнае наваколле. І нарэшце, дзяцінства, з якога ўсё пачыналася.

Сталеў Мікола ў вёсцы Цімошкава Туркоўскага сельсавета, на беразе паўнаводнай Дзвіны. Усе прыгоды адбываліся каля гэтай ракі. Хадзіў спачатку ў Цімошкаўскую, пасля ў Туркоўскую школу. Меў брата і сястру, слухаўся бацькоў. Тата, Сяргей Канстанцінавіч, да вайны скончыў польскую гімназію ў Дзісне, а ў 1951 годзе — Полацкае педвучылішча, і быў настаўнікам пачатковых класаў. Мама, Валянціна Канстанцінаўна, хадзіла ў пачатковую польскую школу, беларускую грамату адолела самастойна, працавала ў сельскай гаспадарцы.


 Менавіта выпадак з дзяцінства паўплываў на выбар прафесіі хлопца. Тата збіраў кнігі, часопісы, газеты, бо захапляўся гісторыяй. Сам Міколка быў нераўнадушным да кніжак. Перабіраў іх, гартаў і неяк у стосе знайшоў шмат малюнкаў-шаржаў.


— Татка, а хто тут намаляваны? — пацікавіўся.


Аказалася, што гэта шаржы на аднавяскоўцаў. Маляваў іх родны дзядзька нашага героя — Феадосій Гіргель. Лёс аказаўся бязлітасным: таленавіты малады чалавек загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, яму было ўсяго 19 гадоў. З таго выпадку Міколка пачаў маляваць смешныя ілюстрацыі. З пятага па адзінаццаты клас змястоўна напаўняў імі школьную насценную газету. А выпускніком скіраваўся на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута.


 Кажуць, калі чалавек выбірае правільную дарогу, то ўсё складваецца найлепшым чынам. Так і ў нашага земляка. 15 гадоў Мікалай Сяргеевіч весяліў, ушчуваў, навучаў сваім вострым пяром чытачоў Беларускага тэлеграфнага агенцтва. З 1992 года і цяпер Мікола Гіргель — нязменны мастак газеты “Рэспубліка”. Амаль паўстагоддзя — карыкатурыст часопіса сатыры і гумару “Вожык”. Сябра Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў, літпрэміі імя Кандрата Крапівы ў галіне сатыры і гумару. Аўтар зборнікаў “Сярдзіты аловак” і “Замалёўкі без лакіроўкі”, якія выйшлі ў серыі “Бібліятэка “Вожыка” і ўвабралі лепшыя карыкатуры.


Бадай, самая вядомая карыкатура мастака — “Белавежскі працэс” з Ельцыным, Шушкевічам і Краўчуком пра распад СССР. Высока ацаніў інтэрпрэтацыю і Станіслаў Шушкевіч. Як усё адбывалася?


 — Я ў той час працаваў рэдактарам аддзела дызайну ў “Рэспубліцы”. Спатрэбілася падрыхтаваць ілюстрацыю да публікацыі пра распад Саюза. Я і намаляваў трох кіраўнікоў, якія паселі за сталом перамоў з трапезай, у Віскулях пад Брэстам на ўлонні Белавежскай пушчы. Пасля публікацыі Станіслаў Шушкевіч малюнак захоўваў ва ўласнай бібліятэцы пад шклом.


Прыводзілі карыкатуры і да кур’ёзаў. Мікола Сяргеевіч служыў у войску на Далёкім Усходзе, удзельнічаў у афармленні дывізіённага музея.
— Хлопцы папрасілі намаляваць шарж на камандзіра. Я выканаў, разам пасмяяліся — на тым бы і ўсё. Ды не! Нехта прышпіліў гэтую карцінку на агульную інфармацыйную дошку. Камандзір, канечне, убачыў, пазнаў сябе, але моцна не сварыўся. Паклікаў мяне ўбок і кажа: “Слухай, а намалюй мне шарж на палкоўніка — майго камандзіра, я нікому не пакажу, пры сабе буду трымаць”. Але я гэтага не зрабіў, палкоўнік быў высокамаральны. А для іранічнага малюнка патрэбна хоць нейкая рэальная нагода для высмейвання.


 Першым крытыкам твораў Міколы Гіргеля выступае жонка Раіса Антонаўна, якую жартам называе сваім “ацэншчыкам”. Першага крытыка слухаць абавязкова, бо з ёй яднае не толькі мастацтва. Выхавалі цудоўных дзецяцей, ёсць унукі. Сын Сяргей — кінарэжысёр, уваходзіць у дзясятак лепшых драматургаў СНД, яго пастаноўкі цэняцца ў розных краінах. Дачка Дар’я вучылася філасофіі не толькі ў БДУ, нават у Брытаніі, там заканчвала магістратуру, выкладала ў навучальных установах Кітая, цяпер вядзе эстэтычныя дысцыпліны на факультэце журналістыкі БДУ.


Мінск даўно стаў родным домам для земляка. Але і Міёршчына не дае на сябе забывацца.
— У родныя мясціны прыязджаю штогод, абавязкова на свята Пятра і Паўла. У Міёрах жывуць мае стрыечныя сёстры Ліля і Ада. Сустракаемся з імі, іх сем’ямі, збіраецца іншая наша радня з усёй Беларусі — разам едзем у Грыгаравічы, молімся ў царкве, ідзём на могілкі, дзе пахаваны нашы дзяды і прадзеды. Пасля адпачываем на аблюбаваным месцейку ў напрамку вёскі Крукі. Узгадваем былое.


 Родны брат Мікалая Гіргеля — Сяргей, з якім разам выхоўваліся на ўлонні маляўнічай прыроды, жыве ў Гомелі. Ён доктар фізіка-матэматычных навук. Абодва браты аднолькава назвалі сваіх сыноў — Сяргеямі. Словам, багата Сяргеяў у гэтай сям’і. Бабуля з дзядулем, каб не блытаць унукаў, называлі іх не па імёнах, а “мінскі” і “гомельскі”.


Многае прыгадваецца знакамітаму мастаку з пары дзяцінства. Напрыклад, як усёй сям’ёй у бацькоўскай хаце гулялі ў шахматы (не ўдзельнічала ў інтэлектуальных пасядзелках хіба што маці). Разам з братамі і татам нароўні выстаўляла шахі і маты малодшая сястрычка Міколы — Нэля. Неаднойчы сямейным падрадам выступалі за Міёрскі раён у Віцебску.


З цеплынёй успамінае Мікола Сяргеевіч настаўніцу рускай мовы і літаратуры Веру Васільеўну  Жарнасек, якая вучыла яго ў Туркоўскай школе. Яна першай убачыла ў хлопчыка задаткі мастака і падтрымлівала ў гэтым напрамку.


Прыгадваецца іншае. І характэрная гэтаму ўзросту бестурботнасць, і бацькоўскія клопат ды навука, і першыя штрыхі па-дзіцячы “завостранага” алоўка, а шахматнае ўменне, набытае ў дзяцінстве, і цяпер дапамагае разлічваць “хады” ў графічных вобразах. Самая светлая пара не забываецца, бо малая радзіма ў жыцці назаўсёды. 

Цікава ведаць
Карыкатура — малюнак некалькімі хуткімі росчыркамі пяра на лісце паперы — з’яўляецца ў эпоху Рэнесанса. Слова італьянскага паходжання, абазначае перабольшванне, гратэск. На першых карыкатурах, створаных італьянскімі майстрамі Агасціна Караччэ ці Ларэнца Берніні, адлюстраваны смешныя вялікія галовы на маленькіх цельцах.

 

Фота з архіва Мікалая ГІРГЕЛЯ.

Алена БАСІКІРСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.