Награды за фотоконкурс «Моя малая Родина» получили победители

 Рэдакцыя "Міёрскіх навін” падвяла вынікі фотаконкурсу "Мая малая Радзіма". Шмат цікавых работ даслалі нашы чытачы. Рабілі здымкі на фоне роднай вуліцы і дома, сярод  каларытных маляўнічых краявідаў. Работы ацэньваліся па дзвюх намінацыях “Мой родны і любімы горад (вёска)” і “Жывыя ў памяці дарагія мясціны”. Выбраць лепшых аказалася складана.

 Пераможцам у намінацыі “Мой родны і любімы горад (вёска)” стала васьмігадовая Маргарыта Нэліна. Юная міярчанка пражывае з сям’ёй па вуліцы Ягора Томкі. Скончыла трэці клас СШ №2. Дзяўчынка захапляецца бісерапляценнем. У конкурсе “ўдзельнічаў” яе калаж з трох фотаздымкаў: Маргарыта ля помніка Героя Савецкага Саюза Я.Томкі, затым крочыць з сяброўкай у школу і ля вазонаў з краскамі, што ўпрыгожваюць улетку наш горад. Узнагароду ўручалі дома. Шчыра радаваліся перамозе яе мама Анжэла і дзве малодшыя сястрычкі Мілана і Аліна. Дзяўчынкі дапамагалі трымаць дыплом і анёлка.

 Старыя здымкі 80-ых гадоў мінулага стагоддзя з выявай тагачаснай вёскі Белеўцы даслала Сафія Даргель. На фота сушаць сена яе маці Марыя і сястра Ала, тата Віталь і сын Жэня вядуць з поля  кароўку. А вось на трэцім сучасным здымку застаўся толькі вялікі сад, дзе калісьці бурліла жыццё… Здымкі перамаглі ў намінацыі “Жывыя ў памяці дарагія мясціны”. Сафія пражывае ў Расійскай Федэрацыі. Даслала работы на конкурс праз сацыяльную сетку “Одноклассники”.  Пра сябе расказала сціпла: “Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Белеўцы. Пасля Наўгародскай школы вучылася на фармакалагічным аддзяленні Магілёўскага медвучылішча. Выйшла замуж за ваеннага. Зараз пражываю ў г. Ногінск Маскоўскай вобласці. Штогод, а то і часцей, прыязджаю на радзіму, заўсёды ў курсе падзей Міёршчыны. Мне дарагое ў родных мясцінах усё: ветлівыя людзі, кожны куточак, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва. У нашай сям’і ахоўваем і з маленства перадаём дзецям і ўнукам традыцыі: павагу да старэйшых, працалюбства, жаданне дапамагчы, любоў да гісторыі роднага краю”.

 У анлайн-галасаванні ва ўсіх сацыяльных сетках, дзе прадстаўлена група “Миоры. Новости/ Міёрскія навіны” Кацярына Рынцэвіч набрала найбольшую колькасць галасоў — 250.  На яе здымку ўдала сфатаграфавана Іна Капусціна ў аграгарадку Чапукі. Кацярына паступае ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж на спецыяльнасць аператар камп’ютарнай графікі, вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі, фатограф. З нецярпеннем чакае станоўчых вынікаў. Фатаграфаваннем захапілася два гады таму. Узнагарода за настойлівасць і цікавасць да гэтага рамяства не прымусіла доўга чакаць. Другія месцы дзяўчына заваёўвала на раённых конкурсах “Краіна мая дарагая” і “Мая чароўная Беларусь”. Трэцяя ўзнагарода ад рэдакцыі. Жадаем Кацярыне, каб яе мара ажыццявілася!

Усе пераможцы фотаконкурсу “Мая малая Радзіма” ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі сувенірамі.

***

Шчырую падзяку выказвае рэдакцыя “Міёрскіх навін” уладальніцы магазіна “Велес”  Алесі Глебка за спонсарскую дапамогу ў выглядзе сувенірнай прадукцыі.

Фота аўтара і з сацыяльных сетак.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.