Николай Кривко — наш земляк из села Моняково, один из авторов-составителей энциклопедических работ

 Рэдакцыі, бібліятэкі, школы, іншыя арганізацыі і ўсе, хто мае дачыненне да моўнай беларускай спадчыны, добра знаёмы хаця б з двума папулярнымі акадэмічнымі выданнямі: “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы” і “Руска-беларускім слоўнікам”. 

Адзін з аўтараў-укладальнікаў гэтых энцыклапедычных прац, як і многіх іншых, выдадзеных на працягу апошніх 30 гадоў, – наш зямляк, ураджэнец вёскі Манякова. Гэта вядомы мовазнаўца, вопытны лексіколаг і лексікограф, кандыдат філалагічных навук, колішні вядучы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Нілавіч КРЫЎКО.

На жаль, земляка ўжо няма ў гэтым свеце, але яго багатая лінгвістычная спадчына стала вечным непарушным манументам слыннаму сыну Айчыны. Калегі з Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук узгадваюць пра Мікалая Нілавіча з асаблівай цеплынёй, павагай, пералічваюць шэраг лінгвістычных праектаў, дзе ён прымаў удзел. Гэта двухтомны і трохтомны «Руска-беларускі слоўнік» (2-е – 8-е выданні), двухтомны «Беларуска-рускі слоўнік», пяцітомны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», пяцітомны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 4, 5). Мікалай Крыўко – асноўны сааўтар і адзін з навуковых рэдактараў аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (1996), новага аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (2016), створанага ў адпаведнасці з Законам «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2010). І гэты спіс далёка не поўны…


Каля 400 навуковых, навукова-папулярных і энцыклапедычных прац нашага земляка апублікавана ў асобных кнігах, спецыялізаваных часопісах і перыядычных выданнях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Днепрапятроўска, Гомеля, Гродна, Мсціслаўля... Мікола Крыўко ўваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі часопіса «Роднае слова», а за дасягненні ў навуцы, за ўкладанне і навуковае рэдагаванне аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» стаў лаўрэатам прэміі НАН Беларусі.


Істотны факт: Мікалай Нілавіч не проста зваўся сынам Дзісеншчыны і Міёршчыны, ён цікавіўся і праслаўляў лінгвістычную спадчыну малой радзімы. У 1968 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, а ўжо ў 1971-м з працай «З гаворкі вёскі Манякова Дзісенскага раёна Віцебскай вобласці» заняў першае месца на Усесаюзным конкурсе навуковых студэнцкіх работ па філалогіі. На тэму «Ацэначныя найменні асоб у гаворках Мёрскага раёна Віцебскай вобласці» абараняе кандыдацкую дысертацыю і становіцца вядучым навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук БССР.


 Татаву філалагічную любоў да моўнай спадчыны ўзгадвае дачка Ларыса:
– Вывучэннем дзісенскіх гаворак тата сур’ёзна займаўся з часоў вучобы ў педінстытуце і на працягу ўсяго жыцця. Аб’ездзіў з экспедыцыямі бадай усе вёсачкі Дзісеншчыны. Гэта адзін з яго ўлюбёных аўтарскіх праектаў, які выліўся ў цэлы слоўнік…


Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук дае высокую ацэнку гэтай працы:
– Як у любога творчага чалавека, былі ў Мікалая Нілавіча ўласныя навуковыя праекты. Адзін з іх – «Слоўнік Дзісеншчыны», матэрыял для якога аўтар збіраў на сваёй радзіме. Няма сумненняў, што, зафіксаваўшы знаёмыя з маленства словы роднай гаворкі, Мікалай Нілавіч падрыхтаваў у выніку якасны і ўзорны дыялектны слоўнік, які яшчэ чакае свайго выдаўца.


Яшчэ адзін важны праект Міколы Крыўко – шматтомны «Слоўнік сінонімаў беларускай мовы», які аўтар складаў не адзін дзясятак гадоў, да 2016-га. Аб’ём уражвае: 54 тысячы 500 апрацаваных лексічных і фразеалагічных адзінак, 16 тысяч 200 сінанімічных радоў. Для параўнання, папулярны ў Беларусі “Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў” М. К. Клышкі ўключае каля 1 тысячы 900 сінанімічных радоў. Значную частку рукапісных матэрыялаў аўтар прывёў у электронны выгляд і адрэдагаваў, што дазваляе спадзявацца на хуткі выхад гэтай фундаментальнай працы ў свет.


– Будучы апублікаваным, «Слоўнік сінонімаў беларускай мовы» стане сапраўдным помнікам шаноўнаму Мікалаю Нілавічу, – перакананы калегі з аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства.


Апрача слыннага мовазнаўцы, Мікола Крыўко, па словах родных, быў уважлівым і клапатлівым сем’янінам.
– Тата з намі заўсёды размаўляў па-беларуску, – сумуе па мінулым дачка Ларыса, – чытаў казкі, знаёміў з вуснай народнай творчасцю. Я, напрыклад, спявала ў беларускім народным хоры, займалася беларускім фальклорам, скончыла філалагічны факультэт БДУ па перакладчыцкай спецыяльнасці. Сястра Алена таксама па-трапяткому ставіцца да спадчыны, яна прафесійная піяністка. Нашы бацькі – глыбокаінтэлігентныя людзі, займалі паважаныя пасады, мама па адукацыі спецыяліст па арганічнай хіміі.


Сям’я Крыўко мае цесную сувязь з Міёршчынай, а дакладней – Дзісеншчынай. У Дзісне жыла мама мовазнаўцы, год таму яна адышла на нябёсы. У Дзісне засталася яго малодшая і адзіная сястра Таццяна Навіцкая. Яе дачка з сям’ёй жыве ў райцэнтры. Адпаведна, на Міёршчыне нярэдкія госці – мінскія прадстаўнікі роду Крыўко. 

***
Родная міёрская зямля і блакітнавокая Дзісеншчына! Нямала таленавітых сыноў і дачок вы ўзрасцілі, выхавалі, вывучылі і выпусцілі ў свет. Яны цяпер праслаўляюць вас плённымі справамі. Як гэта важна – мець глыбокую еднасць з зямлёй, дзе нарадзіўся. Мікола Крыўко вельмі любіў Міёрскі край і Дзісеншчыну, часта бываў тут, дэталёва аналізаваў моўную спадчыну, якая надзейна захоўваецца ў Акадэміі навук Беларусі і назаўсёды застанецца лінгвістычным летапісам мясцовых гаворак, адбіткам іх характару, прыгажосці, самабытнасці. Вечная памяць і Божая ласка шчыраму земляку!

Алена БАСІКІРСКАЯ.

Фота з сайта people.onliner.by.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.