Авторизация
 

Як захаваць сядзібы Лапацінскіх ў Лявонпалі і Рудніцкіх а Асада-Дзедзіна?

 У імкненні жыць па-сучаснаму, будаваць новае, нельга забывацца пра гістарычную  спадчыну, якая засталася нам ад продкаў. Унікальныя помнікі архітэктуры не павінны прыходзіць у заняпад. Гэта абавязак кожнага ўласніка, карыстальніка і грамадзяніна. Як яго выконваюць на Міёршчыне, прааналізавалі на мінулым пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. 

Выкананне заканадаўства аб ахове помнікаў арганізуе і кантралюе раённы гісторыка-этнаграфічны музей. Работа аб’ёмная і карпатлівая. На кожны аб’ект рыхтуецца пашпарт, пад ахоўнымі абавязацельствамі збіраюцца подпісы ўласнікаў, дакументы прадастаўляюць у Міністэрства культуры. Пастаянна неабходна сачыць, каб аб’екты знаходзіліся ў належным тэхнічным стане, выкарыстоўваліся і даглядаліся.

 Па інфармацыі дырэктара раённага музея Аксаны Лагунёнак, у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключаны 22 аб’екты матэрыяльнай спадчыны: 16 помнікаў архітэктуры, у ліку якіх тры сядзібы і 13 культавых будынкаў, шэсць помнікаў гісторыі — з іх Мемарыяльная калона ў гонар прыняцця Канстытуцыі 1791 года ў Лявонпалі і пяць брацкіх пахаванняў.


Чатыры помнікі са спісу гісторыка-культурнай спадчыны належаць да другой катэгорыі і маюць нацыянальную значнасць. Гэта сядзіба Рудніцкіх у Асада-Дзедзіна 1810-1820г.г., Троіцкая царква 1774г., фрагменты комплексу былой сядзібы Лапацінскіх ХVIII-пачатку ХІХ ст. і Мемарыяльная калона ў гонар прыняцця Канстытуцыі 1791 года ў Лявонпалі. Астатнім помнікам прысвоена трэцяя катэгорыя, асабліва каштоўная для раёна.


 Яшчэ ў 2015 годзе пасля агляду ўсіх помнікаў работнікі музея аформілі і прадаставілі ў аблвыканкам 20 пашпартоў гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пасля праверкі дакументы павінны былі накіраваць у Міністэрства культуры, але дагэтуль марнуюць у чарзе. Да лютага наступнага года ўсім уласнікам, згодна з пунктам 4 артыкула 255 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, неабходна падпісаць ахоўныя абавязацельствы новага ўзору. Для гэтага прадаставіць копіі дакументаў, якія пацвярджаюць права ўласнасці на аб’ект. Даручэнне выканалі далёка не ўсе.


  Сярод праблемных пытанняў і недахоп сродкаў, з-за чаго ў раёне на помнікі не зацверджаны ахоўныя зоны. Нямала дзе патрабуюць аднаўлення ахоўныя дошкі. На брацкіх магілах у Міёрах і Дзісне, уласнік якіх жыллёва-камунальная гаспадарка, іх неабходна ўстанавіць.
Не ўтойваецца і той факт, што шэраг гістарычных пабудоў у заняпадзе. Дом у Дзедзіне 1810-1820г.г. не выкарыстоўваецца больш за 20 гадоў. Няма ваконных рам, дзвярных праёмаў і большай часткі даху, разбураецца падмурак. У 2011 годзе яго перадалі ў асабістую ўласнасць. Аднак гаспадару не хапіла сродкаў нават на кансервацыю. Пошук інвестараў вынікаў не даў. Па рашэнні райвыканкама сядзібу перадалі на баланс Перабродскага сельсавета. Цяпер яна выстаўлена на аўкцыён.


Асаблівую трывогу выклікае стан фрагментаў комплексу былой сядзібы ў Лявонпалі. У доме часткова пашкоджаны дах, разбураецца падмурак і знешняя абліцоўка сцен. Страчаны пейзажны выгляд парку. Пакетам дакументаў, якія пацвярджаюць права ўласнасці, валодае ААТ “Інтэграл” з Мінска. Аднак жадаемага клопату ад яго няма. Да просьб навесці парадак летась прыслухаліся: абкасілі траву, высеклі кустоўе. Рэстаўрацыйныя работы і на стадыі праектавання не распачаліся.


На жаль, збудаванняў гістарычнай спадчыны, якія патрабуюць значных укладанняў, нямала. Але ж менавіта яны разам з маляўнічымі пейзажамі павінны прывабліваць турыстаў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава адзначыла: чым больш гісторыка-культурных каштоўнасцей захаваем, тым больш прывабны імідж краю. Прэзентаваць яго дапамогуць толькі зацікаўленыя ўласнікі, якія гатовы ўкладаць сродкі ў рэстаўрацыйныя работы. Такіх трэба шукаць, наладжваць дзелавыя стасункі. Гэта задача агульная, старшынь сельсаветаў — у першую чаргу. Паспрыяюць рэкламе інтэрнэт-прастора, газетныя палосы. Адноўленыя сядзібы дапамогуць узнавіць і веліч нашай гісторыі, і стаць кропкай прыцягнення інвестыцый у раён. 

На здымках: Сядзіба Лапацінскіх у Лявонпалі (XVIII-XIXст.). 

Сядзіба Рудніцкіх у Асада-Дзедзіна (1810-1820гг.). Старыя здымкі пачатку мінулага стагоддзя з інтэрнэта.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта