Одним — бесаплатно, другим...

Указ №431 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні адносін у галіне адабрання, прадастаўлення і выкарыстання зямельных участкаў» уступіў у дзеянне з 1 студзеня 2012 года.

 

Ён абавязвае мясцовыя выканаўчыя камітэты ў населеных пунктах, размешчаных у прыгарадах Мінска, абласных цэнтраў і гарадоў абласнога падпарадкавання выстаўляць на аўкцыёны па продажу зямельных участкаў у прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных і блакіраваных жылых дамоў не менш 30% зямельных участкаў, якія ўключаны ў пералік свабодных (незанятых).

 

Акрамя таго ва ўказе замацаваны розныя ўмовы прадастаўлення зямельных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва і вызначэння іх кошту для розных катэгорый насельніцтва ў розных населеных пунктах.

Напрыклад, зямельныя ўчасткі для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва будуць прадастаўляцца ва ўласнасць шматдзетным сем’ям, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, бясплатна без правядзення аўкцыёна ў населеных пунктах, акрамя Мінска, абласных цэнтраў і гарадоў абласнога падпарадкавання.

 

Грамадзяне, якія стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, не мелі і не  маюць ва ўласнасці аб’ектаў нерухомасці, змогуць атрымаць зямлю ў прыватную ўласнасць пры ўнясенні за яе платы ў памеры  20% ад кадастравага кошту ці ў пажыццёвае спадчыннае валоданне.

 

Грамадзяне, якія стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, маюць ці мелі ва ўласнасці аб’екты нерухомасці, змогуць атрымаць зямельныя ўчасткі ў прыватную ўласнасць за 50% яго кадастравага кошту ці ў пажыццёвае спадчыннае валоданне.

 

Грамадзяне, якія не маюць патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў, змогуць атрымаць участак пры поўнай аплаце яго кадастравага кошту ці ў арэнду з унясеннем аплаты за права заключэння дагавора арэнды  зямельнага ўчастка.

З мэтай папярэджання магчымых выпадкаў перапродажу зямлі, атрыманай на льготных ўмовах, указам дапускаецца адчужэнне гэтых участкаў толькі пасля заканчэння васьмі гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ўзведзеных на іх жылых дамоў (за выключэннем адчужэння мясцовым выканкамам).

 

Зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя для будаўніцтва і (ці) абслугоўвання капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), якія знаходзяцца ў прыватнай ўласнасці, ці права арэнды зямельных участкаў, прадастаўленых для названых мэт, могуць з’яўляцца прадметам іпатэкі ці закладу да завяршэння будаўніцтва ўказаных пабудоў.

 

Дазволены здзелкі з зямельнымі ўчасткамі і пабудовамі, якія знаходзяцца на іх, паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі.

 

С. ГАЛІМБОЎСКІ,

памочнік пракурора.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.