Директор миорского "Беларусбанка" Елена Юшкевич рассказала про алгоритмы смены карточек и их разновидности
gazeta 31-12-2020, 09:41 605 Эканоміка і права
Плацежныя банкаўскія карткі даўно прапісаліся ў нашых кашальках і даказалі сваю зручнасць. Усё, што трэба: берагчы іх і своечасова мяняць. Пра алгарытм замены картак і іх разнавіднасці гутарым з дырэктарам міёрскага цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ «ААБ «Беларусбанк» Аленай ЮШКЕВІЧ.
Выпадкова даведалася, што карткі БЕЛКАРТ з магнітнай паласой у хуткім часе перастануць распазнаваць банкаматы і тэрміналы. У мяне якраз такая картка. Да канца тэрміну дзеяння заставалася яшчэ паўгода, аднак вырашыла яе памяняць. Можа быць, паспяшалася?
– Зрабілі правільна. Выпуск картак БЕЛКАРТ з магнітнай паласой спынены са студзеня 2020 года. Імі можна карыстацца да канца тэрміну дзеяння, але не кожны банкамат і тэрмінал будуць іх прымаць. Карыстальнікам такіх картак мэтазгодна загадзя паклапаціцца пра новыя.
Якія карткі прапаноўвае ААТ «ААБ «Беларусбанк» сваім кліентам і што ў прыярытэце?
– Найбольшым попытам карыстаюцца міжнародныя бескантактныя карткі ў рамках Клубаў. Іх тэрмін дзеяння – тры гады. Гэта зручны плацежны сродак як на тэрыторыі Беларусі, так і ў замежных паездках. Чып на картках гарантуе павышаную бяспеку. Бескантактная тэхналогія дазваляе разлічвацца хутка і лёгка. Да таго ж для ўдзельнікаў Клуба прадастаўляюцца дадатковыя магчымасці. Напрыклад, зніжка ў 15 % падчас заключэння некаторых дагавораў страхавання, адкрыццё анлайн-дэпазіту ў беларускіх рублях з павялічанай працэнтнай стаўкай.
Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра Клубы і іх карткі.
– У рамках клуба «Карт-бланш» выпускаецца картка MasterCard World. Плацежная сістэма MasterCard прадастаўляе паслугі глабальнай падтрымкі трымальнікаў картак, атрыманне зніжак і льгот у шэрагу арганізацый гандлю і сэрвісу па ўсім свеце. Карткі Visa Rewards (Classic) або БЕЛКАРТ-ПРЕМИУМ-Maestro для актыўных карыстальнікаў інтэрнэта, што набываюць тавары і паслугі ў беларускіх і замежных інтэрнэт-магазінах, прапаноўвае Клуб#настарт. Клуб «Шчодры» – гэта карткі MasterCard Standard і БЕЛКАРТ-Maestro. Прапанова Клуба «Бархат» – картка БЕЛКАРТ-ПРЕМИУМ-Maestro з рахункам толькі ў беларускіх рублях для пенсіянераў. Хто працягвае працаваць на заслужаным адпачынку, можа атрымліваць на яе і заробак.
У 2020 годзе запусцілі новы клуб «Лэдзі» з афармленнем міжнароднай бескантактнай карткі Visa Gold. У ліку пераваг – налічэнне павышаных працэнтаў па рахунку. Пры захаванні грашовых сродкаў у беларускіх рублях налічваюць працэнты з разліку 0,25 % гадавых. Увогуле кожны Клуб вызначае тыя ці іншыя бонусы сваім кліентам. Разам з афармленнем карткі прапаноўваем яе застрахаваць па праграме «С картой под защитой». Страхоўка пакрые выдаткі, калі страцілі картку ці забыліся пін-код, у выпадку крадзяжу карткі ці грошай: наяўных і з рахунку.
Мне прапанавалі аформіць картку ў рамках Клуба «Шчодры». У чым тут перавагі?
– Пры разліках у арганізацыях гандлю і сэрвісу, якія ўдзельнічаюць у партнёрскай (бонуснай) праграме банка на рахунак будзе вяртацца да 12 % ад кожнай пакупкі. 3 % вернуць пры аплаце чыгуначных білетаў на сайце Беларускай чыгункі, калі сума большая за 50 рублёў. У ліку бонусаў – бясплатныя пераводы тром атрымальнікам на іншыя клубныя карткі, картку растэрміноўкі «Магнит», картку навучэнца. Да канца месяца з моманту выдачы карткі і наступныя тры месяцы будзеце бясплатна атрымліваць смс-паведамленні пра налічэнне і зняцце грошай з рахунку.
Тэрмін дзеяння карткі, напрыклад, заканчваецца ў студзені 2021 года. Калі трэба звяртацца з заявай аб замене і ці абавязкова для гэтага наведвацца ў банк?
– Як правіла, новую картку вырабляюць за сем дзён. Рэкамендую звяртацца тыдні за два. Аформіць заяву можна як непасрэдна ў банку, так і анлайн: праз інтэрнэт-банкінг, М-банкінг. Забіраюць картку толькі ў банку.
Часам карыстальнікі непакояцца, што перш чым аформіць новую картку, трэба пад нуль зняць грошы са старой, каб іх не страціць.
– Гэта дарэмныя перажыванні. Новая картка будзе прывязана да таго ж рахунку, што і ранейшая. Мы нават рэкамендуем кліентам афармляць адразу дзве карткі на адзін рахунак. Калі адну згубяць ці яе «з’есць» банкамат, другая застанецца. Толькі страчаную трэба адразу заблакіраваць, набраўшы нумар кругласутачнай сэрвіснай службы 017 299 25 26. Таксама заблакіраваць картку можна з дапамогай паслуг смс-банкінг, М-банкінг, Інтэрнэт-банкінг.
Пратэрмінаваную картку можна пакінуць на памяць?
– Згодна з дагаворам, яе трэба вярнуць у банк.
Ці магчыма зняць наяўныя сродкі, калі тэрмін дзеяння карткі скончыўся, а новую карыстальнік яшчэ не атрымаў?
– Для гэтага трэба прыйсці з пашпартам у аддзяленне банка. Каб не ствараць сабе дадатковых клопатаў, раю сачыць за тэрмінам дзеяння картак і мяняць іх своечасова.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



